Відавочца: кіроўцу рэйсавага аўтобуса ў Пружанах аштрафавалі за падтрымку пратэстоўцаў
Чытач Свабоды з Пружанаў расказаў, што ў ноч з 9 на 10 жніўня ў цэнтры Пружанаў, што на захадзе Берасьцейскай вобласьці, каля 100-150 чалавек «абмяркоўвалі фальсыфікацыі на сваіх участках і зьвярталіся да міліцыі».
Супрацоўнікі аўтаінспэкцыі перакрылі з двух бакоў вуліцу Савецкую, дзе сабраліся пратэстоўцы. Каля начальніка РАУС сабраліся каля 40 міліцыянтаў, начальнік абвясьціў пра «несанкцыянаванасьць мерапрыемства» і запатрабаваў разыходзіцца.
«У гэты час праяжджаў аўтобус Пружаны — Засімавічы і пачаў падтрымліваць людзей сыгналамі, — расказвае відавочца. — Аўтобус спынілі, было 4-5 пасажыры, кіроўцу выпісалі штраф. Да гэтага часу ўсе пратэстоўцы ўжо сышлі. Міліцыя засталася стаяць у цэнтры плошчы, падʼяжджалі іхныя машыны і адзін аўтазак. Жыхары суседніх дамоў крычалі „Жыве Беларусь“ і „ганьба міліцыі“».
Пасьля гэтага, кажа відавочца, усё ж адбылося затрыманьне: група маладых людзей праходзіла міма, яны падтрымалі жыхароў, якія крычалі з дамоў, — за гэтай групай пагналіся міліцыянты, закінулі людзей у аўтазак, адвезьлі ў РАУС.
Саюз беларускіх пісьменьнікаў запатрабаваў вызваліць затрыманых і правесьці паўторныя выбары
Сакратарыят рады Саюзу беларускіх пісьменьнікаў апублікаваў заяву ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі.
У заяве адзначаюць перашкоды ў працы і затрыманьні незалежных назіральнікаў, супрацоўнікаў выбарчых штабоў і давераных асобаў кандыдатаў, адсутнасьць міжнароднага назіраньня і забарону незалежных экзыт-полаў, маніпуляцыі з датэрміновым галасаваньнем.
«Усё гэта разам зь беспрэцэдэнтнымі па сваёй жорсткасьці дзеяньнямі супрацоўнікаў сілавых структураў у дачыненьні да мірных пратэстоўцаў прывяло да ўзрастаньня канфрантацыі ў грамадзтве і паставіла пад сумнеў вынікі галасаваньня і легітымнасьць дзейнай улады як у грамадзян Беларусі, так і ў міжнароднай супольнасьці», — піша Саюз беларускіх пісьменьнікаў.
У сувязі з гэтым Саюз патрабуе спыніць гвалт супраць мірных пратэстоўцаў, неадкладна вызваліць усіх затрыманых падчас выбарчай кампаніі 2020 году, выбраць новы склад Цэнтральнай выбарчай камісіі і ўрэшце правесьці паўторныя празрыстыя дэмакратычныя выбары з удзелам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці ў камісіях, зь незалежнымі беларускімі і замежнымі назіральнікамі.
Падпалкоўнік міліцыі ў запасе: столькі спэцтэхнікі ў Менску не было ад канца вайны
Старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова затрымлівалі ўчора на выбарчым участку ў Менску. Уначы Казлова вызвалілі і ён наведаў цэнтар сталіцы, дзе ішлі пратэсты супраць фальсыфікацыі выбараў.
«Затрымлівалі вельмі брутальна. Прычым без усялякіх прычынаў і тлумачэньняў. Намагаліся зрабіць максымальна балюча і прынізіць. Я быў адзін, а іх было шмат. У майках і балкалавах. Клалі на падлогу, заціскалі рукі», — расказаў Мікалай Казлоў Свабодзе.
У Дзяржынску да серады закрылі дзьве школы, дзе былі выбарчыя ўчасткі
Прынамсі дзьве дзяржынскія школы — гімназія № 1 і сярэдняя школа № 4 — сёньня не працуюць. Настаўнікам паведамілі, што ім ня трэба прыходзіць на працу да серады.
Пра гэта Свабодзе паведамілі самі настаўнікі. З чым зьвязаныя нечарговыя выходныя, кіраўніцтва не патлумачыла.
У абедзьвюх школах былі выбарчыя ўчасткі. У прыёмнай адзьдзелу адукацыі Дзяржынскага райвыканкаму Свабодзе паведамілі, што «пра закрыцьцё школ не ведаюць» і параілі званіць начальніцы. Зьвязацца з ёй не ўдаецца, па працоўным тэлефоне не здымаюць слухаўку.
Відавочцы: У Берасьці ўначы сабраліся каля тысячы чалавек, іх разагналі сілавікі
Плошчу Леніна ў Берасьці ачапілі, людзі сабраліся на перакрыжаваньні Машэрава і Савецкай. Міліцыя выганяла з тэрасаў наведнікаў кавярняў.
Паводле відавочцаў, каля 22:00 на праспэкце Машэрава ў Берасьці адбыліся сутычкі пратэстоўцаў з АМАПам. Сілавікі, як сьведчаць відавочцы, ужылі сьлезацечны газ.
Паводле ўдзельніка падзеяў Мікалая, АМАП пачаў выціскаць пратэстоўцаў з пешаходнай вуліцы Савецкай, там выключылі ліхтары.
Жыхары мясцовых дамоў чулі воклічы людзей і выбухі сьвятлашумавых гранатаў. Да 23-й гадзіны на праспэкце Машэрава было ўжо больш за тысячу пратэстоўцаў; як кажуць сьведкі, у міліцыянтаў у адказ на іхныя гранаты ляцелі камяні.
Мясцовы журналіст Мікалай Аляксандраў паведаміў Свабодзе, што прынамсі аднаму чалавеку пашкодзілі галаву. Каля гадзіны ночы з цэнтральных вуліц сышлі апошнія пратэстоўцы.
Як паведаміла Свабодзе прэс-сакратарка берасьцейскай міліцыі Яўгенія Кузьмінская, пакуль «няма дадзеных аб колькасьці затрыманых і пацярпелых».
У вайсковым шпіталі ў Менску застаюцца 18 зьбітых падчас разгону пратэстаў
Карэспандэнтка Свабоды пагутарыла з мэдыкамі і пацыентамі другога хірургічнага аддзяленьня вайсковага шпіталя ў Менску.
Паводле мэдыкаў, тут былі шпіталізаваныя пасьля разгону пратэстаў 30 чалавек. Раніцай 10 жніўня тут засталіся 18 асобаў з колатымі і рванымі ранамі, апёкамі, аглушаныя шумавымі гранатамі. Сярод пацярпелых хлопцы і дзяўчаты.
Сярод шпіталізаваных адна іншаземка. У аднаго з пацыентаў дасталі гумавую кулю дыямэтрам 4 см.
Эўразьвяз асудзіў пасьлявыбарчы гвалт у Беларусі і заклікае вызваліць затрыманых
Ноч пасьля выбараў у Беларусі «была азмрочаная непрапарцыйным і непрымальным дзяржаўным гвалтам супраць мірных удзельнікаў акцыі пратэсту», — пішуць у супольнай заяве Жузэп Барэль, высокі прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі, і Олівер Вархэі, эўракамісар у пытаньнях суседзтва і пашырэньня.
Выкарыстаньне ўладамі гвалту, адзначаюць Барэль і Вархэі, «як паведамляецца, прывяло да гібелі аднаго грамадзяніна, а многія іншыя атрымалі раненьні. Мы асуджаем гвалт і заклікаем неадкладна вызваліць усіх затрыманых цягам мінулай ночы. Улады Беларусі павінны забясьпечыць выкананьне асноўнага права на мірныя сходы».
Высокія прадстаўнікі Эўразьвязу таксама апэлююць да Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі, каб яна апублікавала вынікі, якія «адлюстроўваюць выбар беларускага народу».
«Мы будзем надалей уважліва сачыць за падзеямі, каб ацаніць, як далей фармаваць адказ і адносіны ЭЗ зь Беларусьсю з улікам сытуацыі, якая разьвіваецца», — заканчваюць свой заклік Барэль і Вархэі.
Лукашэнка: «Інтэрнэт адключаюць з-за мяжы, каб выклікаць незадаволенасьць насельніцтва»
«Камусьці карціць, заклікаюць выходзіць на вуліцы, — казаў Лукашэнка. — Нават з-за мяжы адключаюць інтэрнэт, каб выклікаць незадаволенасьць у насельніцтва. Цяпер нашы спэцыялісты разьбіраюцца, адкуль ідзе гэтае блякаваньне. Таму, калі інтэрнэт дрэнна працуе, гэта ня наша ініцыятыва, гэта з-за мяжы».
Беларусы паведамлялі аб праблемах з доступам да шэрагу замежных, а затым і беларускіх рэсурсаў ад раніцы 9 жніўня. Праблемы з доступам застаюцца і 10 жніўня. У ліку недасяжных беларусам рэсурсаў былі мэсэнджэры, сацыяльныя сеткі, а таксама незалежныя выданьні. Але на доступ да дзяржаўных СМІ нараканьняў не было, хоць Нацыянальны цэнтар абмену трафікам сьцьвярджае, што назіраў атаку на абсталяваньне, на якім разьмяшчаюцца дзяржаўныя сайты, у тым ліку КДБ і МУС.
Дзяржаўнае прадпрыемства «Белтэлекам» (правайдэр ByFly, а таксама адзін з апэратараў зьнешняга трафіку) заявіла 10 жніўня, што яшчэ з 8-га назіралі «значны рост трафіку са зьнешніх IP-сетак з-за межаў Беларусі» і «кібэратакі рознай ступені» на сайты дзяржаўных органаў і рэсурсы кампаніі.
Пры гэтым недасяжныя зь Беларусі інтэрнэт-рэсурсы нармальна працуюць з-за мяжы, а ў Беларусі блякуюцца сродкі абыходу блякаваньняў. Ня толькі на месцы масавых акцыяў, але і наагул у цэнтрах гарадоў кепска працавала мабільная сувязь, паведамлялі відавочцы.
Тэхнічныя спэцыялісты заявілі Tut.by, што праблемы маглі быць выкліканыя ўсё ж дзеяньнямі «Белтэлекаму» і НЦАТ — зьвязанымі зь фільтравальным абсталяваньнем на зьнешніх каналах. Магчыма, кажуць экспэрты, спрабавалі адфільтраваць частку трафіку, як то VPN-сэрвісы або «непажаданую» інфармацыю.
Лукашэнка: «Ня дай бог забілі б кагосьці. Патрэбная была сакральная ахвяра»
Лукашэнка разважаў, што быў «фэйк, што там кагосьці забілі» — «інфармацыя, што нібыта прыехаў з Польшчы рэвалюцыю рабіць, і яго забілі».
Лукашэнка таксама пракамэнтаваў прысутнасьць вайскоўцаў каля штабу кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай. Ён адзначыў, што ў адным офісе сабралі прадстаўнікоў штабоў, што аб’ядналіся вакол Ціханоўскай, «плюс яшчэ нейкіх апазыцыйных журналістаў» (у штабе Ціханоўскай уначы праходзіла прэс-канфэрэнцыя).
Паводле Лукашэнкі, «мы ад іх жа» — прадстаўнікоў штабу — «атрымалі інфармацыю, што вакол зьбіраецца натоўп».
«Вострая сытуацыя — і ад іх нехта папрасіў, каб улада іх абараніла, — заявіў Лукашэнка пра штаб Ціханоўскай. — Я даручыў КДБ неадкладна наймацнейшых вайскоўцаў накіраваць і негалосна ўзяць пад кантроль гэты офіс, каб, ня дай бог, не забілі каго-небудзь: патрэбная была сакральная ахвяра.
Але пашанцавала, што з іхнага штабу патэлефанавалі нашым хлопцам у міліцыі і папрасілі абарону. Мы іх абаранялі ўсю ноч і дагэтуль кантралюем сытуацыю».
Праваабарончы цэнтар «Вясна» раней паведамляў пра аднаго загінулага пратэстоўца ў ноч на 10 жніўня. МУС запэўнівае, што загінулых не было.
Відавочцы: У Баранавічах уначы сабраліся каля тысячы чалавек. Сілавікі ўжылі гумавыя кулі і вадамёт
Людзі сабраліся на плошчы Леніна пасьля 21 гадзіны. Былі людзі сталага ўзросту і людзі зь дзецьмі, паведамляюць відавочцы.
У Баранавічах ужывалі гумавыя кулі і вадамёт, каб разагнаць пратэстоўцаў, пра гэта Свабодзе паведаміў выдавец мясцовага СМІ Intex-press Уладзімер Янукевіч.
Людзі на плошчы патрабавалі сумленнага падліку галасоў. Сьпярша сілы АМАПу нічога не прадпрымалі, але пасьля 22 гадзіны адбыліся сутычкі з сілавікамі. У АМАП кінулі некалькі камянёў, але, на думку мясцовых журналістаў, гэта дзейнічалі правакатары.
Уладзімір Янукевіч заўважыў, што людзей, якія прапаноўвалі кідаць камяні, ніхто зь мясцовых не пазнаваў.
«У натоўпе былі заўважаныя маладыя дужыя мужчыны, якіх ніхто не пазнаваў у твар, яны прапаноўвалі іншым кідаць камяні і самі кінулі два камяні», — паведаміў Уладзімер Янукевіч.
Прыбыла падтрымка АМАПу, пачалі страляць гумавымі кулямі, кідаць газава-шумавыя гранаты, выкарысталі вадамёт. Паводле Ўладзімера Янукевіча, быў паранены прынамсі адзін дэманстрант, якому накладалі швы. Разгон скончыўся пасьля 3-й гадзіны ночы.
Падпалкоўнік міліцыі ў запасе: столькі спэцтэхнікі ў Менску не было ад канца вайны
Старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова затрымлівалі ўчора на выбарчым участку ў Менску. Падпалкоўніка міліцыі ў запасе некалькі гадзінаў трымалі ў ізалятары на Акрэсьціна, а поўна ўначы адпусьцілі без тлумачэньняў. Ён наведаў цэнтар сталіцы, дзе ішлі пратэсты супраць фальсыфікацыі выбараў.
Мікалай Казлоў расказаў Свабодзе, што такой колькасьці спэцыяльнай тэхнікі ў Менску ён яшчэ ня бачыў, асобныя адзінкі тэхнікі бачыў жыўцом упершыню. Ён выказаў думку, што ў сталіцы такога не было ад часу заканчэньня ІІ Сусьветнай вайны.
Я быў уражаны, што людзі нічога не баяліся і што гэта быў мірны пратэст. Ніхто не баяўся сьвятлашумавых гранатаў. Ніхто не баўся гэтага біцьця дручкамі аб шчыты, якое мусіла палохаць людзей. Яны грукалі вельмі рытмічна, але многія проста танцавалі ў такт. Было шмат прыгожых гісторыяў, адважных і мірных. Я нават ня ведаю, ці можна яшчэ больш мірна пратэставаць».
Паводле Казлова, пратэстоўцы заклікалі АМАП скласьці шчыты або апусьціць іх, крычалі «Міліцыя з народам».
«Не было агрэсіі». Прыйшлі два хлопцы зь нейкімі каламі — ня ведаю, дзе яны іх узялі, ад лаўкі адарвалі ці недзе яшчэ, але гэта былі ўнушальныя калы. Іх у гэтых хлопцаў адабралі. Дзяўчына нейкая забрала і сказала, што праз такіх дваіх могуць быць правакацыі».
«Вынікі фальсыфікавалі, гвалт асуджаем». У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны могуць не прызнаць выбары ў Беларусі
Міжфракцыйнае дэпутацкае аб’яднаньне ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны «За дэмакратычную Беларусь» заклікае сваіх калег не прызнаваць вынікі выбараў прэзыдэнта ў Беларусі.
«Выбары суправаджаліся шматлікімі фальсыфікацыямі як у часе перадвыбарчай кампаніі, так і ў часе выбараў. Нядопуск апазыцыйных кандыдатаў да ўдзелу ў выбарах, арышты, перасьлед і пагрозы, недапушчэньне міжнародных назіральнікаў ад АБСЭ варта разглядаць як такія, што істотна паўплывалі на вынік волевыяўленьня грамадзян», — зачытаў тэкст адпаведнай заявы кіраўнік аб’яднаньня, дэпутат фракцыі «Эўрапейская салідарнасьць» Аляксей Ганчарэнка.
Лукашэнка заявіў, што на поўдні Беларусі спрабавалі захапіць райвыканкам
Аляксандар Лукашэнка сказаў, што на поўдні Беларусі адбылася спроба захапіць райвыканкам. На яго думку, каля 200-300 чалавек былі перакінутыя туды арганізатарамі пратэстаў.
Паводле Лукашэнкі, у адным з гарадоў быў акружаны райвыканкам.
«Прыйшлося памежнікам умяшацца — там памежны атрад базуецца. Гэта значыць, у асобных пунктах, дзе сабралі людзей, яны спрабавалі захапіць органы ўлады», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Найхутчэй, маюцца на ўвазе падзеі ў Пінску, дзе ўдзельнікі мірнай акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыяў вынікаў выбараў сабраліся на пляцоўцы перад райвыканкамам.
Як паведамлялі сьведкі падзеяў, ня згодныя з афіцыйнымі вынікамі выбараў людзі патрабавалі ад мясцовага начальства выйсьці на перамовы .
МУС: Пратэсты былі ў 33 гарадах, затрымалі каля 3000 чалавек
Прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Вольга Чамаданава апублікавала ў Telegram заяву аб падзеях вечара 9 жніўня і ночы на 10 жніўня.
«Ачаговыя зборы» грамадзянаў зафіксавалі ў 33 гарадах — на цэнтральных плошчах і ля выбарчых участкаў.
Паводле МУС, затрыманыя каля 3000 чалавек, зь іх каля тысячы ў Менску, «у выніку сутыкненьняў» пацярпелі 50 грамадзянаў і 39 супрацоўнікаў міліцыі, некаторыя шпіталізаваныя. Міністэрства дадае, што частка пацярпелых грамадзянаў «знаходзілася ў стане алькагольнага ап’яненьня».
«Неабходна адзначыць, што ў дачыненьні да парушальнікаў баявая зброя не ўжывалася, — піша МУС. — Загінулых няма».
Міністэрства сьцьвярджае, што ў Менску пратэстоўцы нібыта «запальвалі фаеры, раскідвалі на праезную частку шыпы, цьвікі, будавалі барыкады з мабільных турнікетаў, разьбіралі тратуарную плітку і закідвалі ёю і іншымі прадметамі праваахоўнікаў».
Асобна МУС адзначае «актыўнае процістаяньне органам правапарадку» ў Пінску, дзе, сьцьвярджаецца ў паведамленьні, «група агрэсіўна настроеных грамадзянаў з выкарыстаньнем завостраных калоў, пруткоў, камянёў і арматуры паспрабавала арганізаваць напад на супрацоўнікаў міліцыі».
Назіральнікам сарвалі выступ перад прэсай аб выніках выбараў
Ахова менскага заводу «Гарызонт» не дала праваабаронцам, якія вялі назіраньне за выбарамі, правесьці прэсавую канфэрэнцыю аб выніках кампаніі.
Імпрэзу плянавалі на 11-ю гадзіну ў памяшканьні, якое арандуе менскі «Прэс-клюб» у адміністрацыйным будынку аб’яднаньня «Гарызонт».
Але ахова будынку запатрабавала ад арганізатараў сьпіс удзельнікаў і журналістаў, хоць папярэдне такія ўмовы не выстаўлялі. Ніхто ня змог трапіць у будынак.
Старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі заявіў Свабодзе, што сустрэча з прэсай пройдзе ў іншым памяшканьні: «Пойдзем у ПЭН-цэнтар».
МУС: Пратэсты былі ў 33 гарадах, затрымалі каля 3000 чалавек
Прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Вольга Чамаданава апублікавала ў Telegram заяву аб падзеях вечара 9 жніўня і ночы на 10 жніўня.
«Ачаговыя зборы» грамадзянаў зафіксавалі ў 33 гарадах — на цэнтральных плошчах і ля выбарчых участкаў.
Паводле МУС, затрыманыя каля 3000 чалавек, зь іх каля тысячы ў Менску, «у выніку сутыкненьняў» пацярпелі 50 грамадзянаў і 39 супрацоўнікаў міліцыі, некаторыя шпіталізаваныя. Міністэрства дадае, што частка пацярпелых грамадзянаў «знаходзілася ў стане алькагольнага ап’яненьня».
«Неабходна адзначыць, што ў дачыненьні да парушальнікаў баявая зброя не ўжывалася, — піша МУС. — Загінулых няма».
Ціханоўская: «Я была ўпэўненая, што ўлады ня пойдуць на жорсткі разгон пратэстаў»
Аб’яднаны штаб паведаміў, што не пагаджаецца з лічбамі галасаваньня, агучанымі Лідзіяй Ярмошынай. Раніцай 10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская правяла прэс-канферэнцыю, на якой агучыла сваё стаўленьне да падзей вечара 9 жніўня ў Менску.
«Тое, што ўчора адбывалася, гэта недапушчальна, — сказала Ціханоўская. — Гэта проста злачынства. Да нас паступала супярэчлівая інфармацыя пра тое, што ёсьць загінуўшыя. Я спадзяюся, што гэтая інфармацыя не пацьвердзіцца. Калі яна пацьвердзіцца, то гэта будзе пачатак канца (для ўлады — РС)... Мы прасілі ўлады не прымяняць гвалтоўных мэтадаў. Мы не былі пачутыя... Я была ўпэўненая, што ўлада не пойдзе на такі крок. Я хачу выказаць падтрымку ўсім тым, хто пацярпеў. Мы будзем усім пацярпелым дапамагаць у гэтай сытуацыі». Па словах кандыдаткі ў прэзыдэнты, яна не ведае, ці варта ёй выходзіць на вуліцу ў тым выпадку, калі пратэсты ў Менску будуць працягвацца. «Я не ведаю, як правільна паступіць у гэтай сытуацыі», — сказала яна. Па словах Марыі Калесьнікавай, аб’яднаны штаб будзе працягваць працу.
«Усё толькі пачынаецца, — сказала Калесьнікава. — Мы гатовыя да доўгатэрміновага пратэсту».
Сі Цьзіньпінь, Пуцін і Такаеў павіншавалі Лукашэнку з перамогай на выбарах
Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цьзіньпінь першым накіраваў пасланьне на адрас Аляксандра Лукашэнкі зь віншаваньнямі з перамогай на выбарах прэзыдэнта, паведамляе БелТА.
«Ад імя ўрада Кітая і кітайскага народа, а таксама ад сябе асабіста выказваю цёплыя віншаваньні і найлепшыя пажаданьні. Упэўнены, што пад вашым кіраўніцтвам Беларусь абавязкова дасягне новых бліскучых посьпехаў у справе дзяржаўнага будаўніцтва», — гаворыцца ў віншаваньні.
Пра віншаваньні Лукашэнкі з перамогай паведамляе прэс-служба прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і кіраўніка Казахстана.
Афіцыйны пратакол з вынікамі галасаваньня ў Нью-Ёрку: 93,28% за Ціханоўскую
Больш за 120 чалавек затрымалі ў Магілёве падчас пратэстаў
У Магілёве 9 жніўня сілавікі затрымалі больш за 120 чалавек, паведамляюць праваабаронцы.
Як паведаміла Свабодзе дзяўчына, якую адпусьцілі з Ленінскага РАУС Магілёва, ва ўпраўленьні міліцыі знаходзілася каля 120 чалавек — са слоў міліцыянта. У Магілёве два РАУС.
Суразмоўца Свабоды чула, як у аддзяленьні ўнутраных спраў зьбівалі людзей, а таксама крыкі.
Паводле праваабаронцаў, у Бялынічах на Магілёўшчыне прынамсі 10 затрыманых.
Затрыманьні ў Магілёве пачаліся а 21-й гадзіне 9 жніўня і працягваліся да 1-й гадзіны 10 жніўня.