Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў Беларусі

абноўлена

Апошнія навіны, камэнтары, стрымы Свабоды з выбарчых участкаў і вуліц у асноўны дзень галасаваньня на шостых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

  • Паводле зьвестак ЦВК, на выбарах прэзыдэнта Беларусі дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка набраў 80,23% галасоў, Сьвятлана Ціханоўская — 9,9%, Ганна Канапацкая — 1,68%, Андрэй Дзьмітрыеў — 1,04%, Сяргей Чэрачань — 1,13%.
  • Штаб Ціханоўскай не прызнаў перамогі Лукашэнкі, заклікаў да пераліку галасоў.
  • Увечары 9 жніўня ў Менску, усіх абласных цэнтрах і іншых гарадах Беларусі прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту. Каля 3000 чалавек затрымалі, зь іх каля тысячы ў Менску.
  • Выбарчая кампанія ператварылася ў хроніку рэпрэсіяў. Праваабаронцы налічылі больш за 1360 адвольных затрыманьняў з 6 траўня па 5 жніўня.
  • Арыштаваныя ў межах Крымінальнага кодэксу патэнцыйны кандыдат Віктар Бабарыка, два кіраўнікі ініцыятыўных групаў — Эдуард Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі. На 8 жніўня праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі 26 чалавек.
11:08 10.8.2020

У Горадні сотні затрыманых, шмат каго судзілі ўначы

Як распавёў праваабаронца «Вясны» Ўладзімер Хільмановіч, у Горадні падчас пратэстаў 9 жніўня затрыманыя сотні чалавек. Дакладная лічба пакуль невядомая.

Людзей адвозілі ў Ізалятар часовага ўтрыманьня кастрычніцкага раёну Ленінскага раёну, а таксама разьмяшчалі ў памяшканьнях турмы № 1 у Горадні. Паводле Ўладзімера Хільмановіча, тое, што некаторых затрыманых завозілі ў турму, зьяўляецца парушэньнем іх правоў.

Хільмановіч таксама паведаміў, што ў Лідзе Горадзенскай вобласьці затрымана больш за 20 чалавек.

Па інфармацыі прадстаўніка ўпраўленьня ўнутраных спраў Горадзенскага гарвыканкаму Яўгена Дудко, затрыманых завозілі на ўчасткі амаль усю ноч і ўначы ішлі адміністрацыйныя працэсы над імі. Назваць дакладную лічбу затрыманых ён пакуль таксама ня можа. Яна будзе бліжэй да абеду.

Пра пацярпелых інфармацыі пакуль няма.

10:58 10.8.2020

У Гомлі ўчора затрымалі 30 чалавек, большасьць будуць судзіць

У Гомлі падчас стыхійнага пратэсту ўвечары 9 жніўня супрацоўнікі АМАПу затрымалі 30 чалавек, перадае карэспандэнт Свабоды.

Сярод затрыманых быў карэспандэнт «Комсомольской правды в Белоруссии» Павал Міцкевіч і неназваны назіральнік.

Затрыманых даставілі ў РАУС Цэнтральнага раёна Гомля. Па словах Міцкевіча, пасьля трох гадзін затрыманьня людзі патрабавалі іх выпусьціць ці скласьці пратаколы, паведаміў Свабодзе Міцкевіч. У міліцыі адказалі, што чакаюць кіраўніцтва РАУС, але ніхто так і не прыехаў.

А 5-й раніцы на волю выпусьцілі Паўла Міцкевіча і назіральніка. На астатніх склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаваньне міліцыі. Іх маюць судзіць.

9 жніўня пасля закрыцьця выбарчых участкаў на плошчы Леніна ў Гомлі сабраліся пратэстоўцы. Плошчу ачапілі супрацоўнікі АМАП, былі 2 аўтазакі. Пачаліся затрыманьні і сутычка пратэстоўцаў і міліцыянтаў. Пасьля АМАП пачаў выцясьняць людзей з плошчы. Аўтамабілі сыгналілі, людзі скандавалі «Верым! Можам! Пераможам», «Жыве Беларусь», «Гэта наш горад!». Супрацоўнікі ДАІ спынялі аўтамабілі.

10:54 10.8.2020

Уладзімір Зяленскі заклікаў уладу і грамадзтва Беларусі да дыялёгу

Уладзімір Зяленскі ўладу Беларусі і яе апанэнтаў да дыялёгу. Пра гэта прэзыдэнт Украіны сказаў у адмысловай заяве наконт падзеяў у Беларусі, якую распаўсюдзі ягоны тэлеграм-канал.

«Ужо відавочна, што ня ўсе ў краіне згодныя з абвешчанымі папярэднімі вынікамі выбараў. І, як вядома, любая легітымнасьць узьнікае выключна з даверу грамадзкасьці. Выключна з даверу. Сумненьні такога маштабу — прамы шлях да гвалту, канфлікту, да нарошчваньня грамадзкага пратэсту», — лічыць Зяленскі.

Украінскі прэзыдэнт заклікаў беларусаў да максымальнай талерантнасьці, цярпімасьці і адмовы ад вулічнага гвалту.

«Мы заклікаем да максымальна адкрытага, хай і складанага, дыялёгу. Таму што толькі шырокі дыялёг можа забясьпечыць грамадзянам Рэспублікі Беларусь выхад са складанай крызіснай сытуацыі і сумленна абмеркаваць далейшыя крокі і фарматы грамадзкага ўзаемадзеяньня»

10:52 10.8.2020

Праваабаронца «Вясны» паведаміў пра гібель чалавека падчас пратэсту ў Менску. МУС абвяргае

Адзін чалавек загінуў падчас пратэсту мінулай ноччу ў Менску, паведаміў Радыё Свабода прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч. Паводле інфармацыі Стэфановіча, дзясяткі чалавек сур'ёзна пацярпелі.

Стэфановіч расказаў, што чалавек загінуў ад чэрапна-мазгавой траўмы. Гэта адбылося ў выніку наезду спэцтранспарту на ўдзельнікаў акцыі.

У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі Свабодзе абвяргаюць гэтую інфармацыі.

«У нас няма загінулых», — сказала Вольга Чамаданава на просьбу пацьвердзіць ці абвергнуць гібель чалавека падчас пратэстаў у ноч на 10 жніўня ў Менску.

Падрабязную інфармацыю па затрыманых падчас акцый пратэсту ў МУС паабяцалі даць пазьней.

10:50 10.8.2020

Уначы хірургаў выклікалі з дому для правядзеньня экстраных апэрацый пацярпелым

Усю ноч у сталічныя шпіталі паступалі людзі з раненьнямі ад гумовых куляў. Пра гэта Свабодзе паведамілі на ўмовах ананімнасьці лекары. Паводле іх слоў, гэта даволі цяжкія траўмы, якія могуць прывесьці нават да інваліднасьці.

Параненых прывозілі ня толькі брыгады хуткай дапамогі, але і людзі на сваіх машынах.

Хірургаў сярод ночы выклікалі з дому для правядзеньня экстраных апэрацый.

У шпіталі таксама прыехалі для сьледчых дзеяньняў супрацоўнікі Сьледчага камітэту.

Многіх параненых пасьля перавезьлі ў менскі вайсковы шпіталь.

09:17 10.8.2020

Паводле папярэдніх дадзеных ЦВК, Лукашэнка мае 80.23%, Ціханоўская — 9.9%

Паводле старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, Аляксандар Лукашэнка атрымаў 80.23% галасоў, а Сьвятлана Ціханоўская — 9.9%.

Андрэй Дзьмітрыеў, паводле папярэдніх афіцыйных лічбаў, атрымаў 1.04%, Ганна Канапацкая — 1.68%, а Сяргей Чэрачань — 1.13%

09:02 10.8.2020

Ярмошына сказала, што яе ў гадзіну ночы эвакуавалі з Дому ўраду.

08:10 10.8.2020

У Беларусі па-ранейшаму абмежаваны інтэрнэт.

07:53 10.8.2020

Ціханоўская ці Лукашэнка: хто перамог?

Пра што сьведчыць вайна апытаньняў — афіцыйных экзіт-полаў і дадзеных «Голасу», «Сумленных людзей» і экзіт-полаў на замежных выбарчых участках? Як грамадзтва рэагуе на абвешчаныя лічбы афіцыйных экзіт-полаў? Як можа далей разьвівацца сытуацыя?

Папярэднія вынікі падліку галасоў на экзыт-полах і сытуацыю ў Беларусі абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.

Сьцісла:

  • Упершыню ў дзень выбараў былі прадстаўленыя лічбы, альтэрнатыўныя тым, якія называе ўлада.
  • На некаторых участках у Менску нават паводле афіцыйных дадзеных Сьвятлана Ціханоўская перамагла.
  • Замежныя назіральнікі адзначаюць мірны характар вулічных пратэстаў у Беларусі.
  • Прынцып, што пры выхадзе на вуліцы 3,5% насельніцтва ўлада сыходзіць — не ўнівэрсальны. Але разагнаць 350 тысяч чалавек без праліцьця крыві немагчыма.
07:51 10.8.2020

Барыкады і выбухі ў Менску. ВІДЭА

Шматлюдныя пратэсты, сутычкі і затрыманьні адбыліся таксама ва ўсіх абласных цэнтрах і шэрагу буйных гарадоў.

07:50 10.8.2020

Як разганялі пратэст у Менску. ВІДЭА

Вечарам 9 жніўня, пасьля заканчэньня галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах, каля стэлы «Менск — горад-герой» сабраліся групы людзей, каб выказаць сваё незадавальненьне несумленнай, на іх думку, выбарчай кампаніяй. Іх сустрэлі праваахоўнікі, якія спрабавалі разагнаць пратэст, ужывалі розныя спэцсродкі — у тым ліку сьвятлошумавыя гранаты і вадамёты. Шматлюдныя пратэсты, сутычкі і затрыманьні адбыліся таксама ва ўсіх абласных цэнтрах і шэрагу буйных гарадоў.

Агульную колькасьць пратэстоўцаў цяжка ацаніць — яны не былі цэнтралізаваныя, былі расьсеянымі па розных месцах у Менску, пратэсты ў розны час адбываліся ў розных гарадах. Ад раніцы 9 жніўня, у тым ліку падчас пратэстаў, практычна адсутнічаў доступ да сацыяльных сетак і мэсэнджэраў, былі праблемы з доступам да інтэрнэту на вуліцах.

02:28 10.8.2020

Новыя затрыманьні ў цэнтры Менску

На вуліцы Чырвонай за плошчай Якуба Коласа аўтазакі спыніліся пасярод дарогі, зь іх выскачылі амапаўцы і затрымалі да 10 чалавек на ходніках. Сьведкам затрыманьняў стаў карэспандэнт Свабоды.

02:16 10.8.2020

Аўтазак зьбіў чалавека. Жорсткае відэа

02:08 10.8.2020

Сотні людзей застаюцца на менскіх вуліцах са сьцягамі

У розных частках Менску сотні людзей па-ранейшаму ходзяць па вуліцах са сьцягамі, ім сыгналяць аўтамабілісты, перадае карэспандэнт Свабоды.

Адміністрацыя Фрунзенскага раёну ачэпленая АМАПам і міліцыяй. Працягваюць езьдзіць аўтазакі і адбываюцца затрыманьні, у прыватнасьці ў раёне Кальварыйскай вуліцы..

01:57 10.8.2020

Сутыкненьні і пацярпелыя ў Менску. ФОТА

У Менску на скрыжаваньні праспэкту Машэрава і вуліцы Ціміразева пацярпеў чалавек. Ёсьць і іншыя параненыя.

01:54 10.8.2020

У Кобрыні АМАП «апусьціў шчыты»

Відавочцы перадаюць з Кобрыні, што АМАП, які стаяў перад пратэстоўцамі, апусьціў шчыты. Людзі пачалі скандаваць: «Малайцы!» і абдымацца зь сілавікамі. Што адбываецца ў горадзе цяпер, не перадаюць.

У Лідзе, адзначае «Беларусь головного мозга», АМАП таксама спачатку «апусьціў шчыты», але затым у горадзе зьявіліся яшчэ некалькі аўтобусаў з АМАП, а таксама пажарныя машыны. Ды пратэстоўцы самі пачалі разыходзіцца.

01:50 10.8.2020

Менск: пратэсты сьціхаюць, але толькі ў цэнтры?

Карэспандэнты «Нашай нівы», якая раней пісала пра пратэсты ў цэнтры сталіцы, сьцьвярджаюць, што пратэсты ў Менску сьціхаюць, людзей на вуліцах становіцца меней. Але канал #МотолькоПомоги заяўляе, што праваахоўнікі яшчэ ўжываюць супраць пратэстоўцаў сьветлашумавыя гранаты ў Грушаўцы, на вуліцах Голубева (Паўлнёвы Захад) і Заслаўскай (раён мэмарыялу «Яма»). Эўрарадыё піша пра пратэсты ля мэтро «Пушкінская».

Акцыю амаль разагналі ў Берасьці, піша Эўрарадыё: зь 5000 чалавек засталіся 200–300. #МотолькоПомоги перадае пра разгон акцыі ў Барысаве.

01:50 10.8.2020

Менск. Сьветлашумавыя гранаты на Кальварыйскай

1:45 Сілавікі ўжылі сьветлашумавыя гранаты на вуліцы Кальварыйскай у раёне Кароны. Там разганяюць дэманстрантаў, паведамляе карэспандэнт Нашай Нівы.

01:43 10.8.2020

1:30 Менск. На праспэкт Машэрава з боку Нямігі падвезьлі аўтобусы зь сілавікамі, частка пратэстоўцаў разьбеглася, частку затрымалі. Паводле відавочцаў, у «хуткую» пагрузілі і адвезьлі непрытомнага чалавека.

01:38 10.8.2020

У Горадні не спыняюцца пратэсты

На вуліцы гораду выйшла прынамсі каля тысячы чалавек. Затрыманыя дзясяткі людзей. Іх адвозілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня ў Кастрычніцкім раёне, ў пастарунак Ленінскага раёну, ў турму №1. Падчас затрыманьня людзей білі, ужывалі сьлезацечны газ.

У спалным раёне Дзевятоўка людзі скандуюць на вуліцах, цэнтар перакрыты.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG