МУС: «Міліцыя кантралюе сытуацыю»
Міністэрства ўнутраных справаў сьцьвярджае, што «міліцыя кантралюе сытуацыю на несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», піша БелТА.
«Нягледзячы на тое, што ў абласных цэнтрах і горадзе Менску праходзяць несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, міліцыя кантралюе сытуацыю», — сказала прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава. Абагуленых зьвестак аб затрыманьнях яна пакуль ня мае.
Гомель. Грузавікі з вайскоўцамі напагатове
01:25 Пратэстоўцаў разагналі. Каля 23 затрыманых знаходзяцца ў актавай залі Цэнтральнага РУУС. У разгоне бралі ўдзел АМАП і міліцыя.
На плошчы Паўстаньня дзяжураць чатыры грузавікі з вайскоўцамі ў шлемах і са шчытамі, а таксама каля 60 міліцыянтаў.
«Белсат»: у Менску два параненыя каля Опэры
Карэспандэнты каналу «Белсат» паведамляюць пра двух параненых хлопцаў каля менскага Опэрнага тэатру, недалёка ад вуліцы Багдановіча: адзін паранены ў жывот, другі ў ногі аскепкамі ад выбуху гранаты (верагодна, сьветлашумавой. — РС). Супрацоўніка каналу Віталя Скрыля затрымалі.
На фота бачна, што ў аднаго з пацярпелых моцна пашкоджаная пятка:
Tut.by піша, што ў адну з кватэраў на вуліцы Заслаўскай у Менску трапіла шашка са сьлезацечным газам. Ратавальнікі зайшлі ў кватэру ў процігазах. Пацярпелых няма, эвакуацыя не спатрэбілася. АМАП тым часам «праводзіць зачыстку» на вуліцы Янкі Купалы.
Эўрарадыё перадае, што пратэстоўцаў абстралялі сьветлашумавымі гранатамі ў раёне кінатэатру «Перамога».
У Магілёве дзясяткі затрыманых
У Магілёве пратэставалі некалькі тысяч чалавек. Іх разагнаў АМАП. Дзясяткі чалавек затрыманыя.
Ціханоўская: «Афіцэры, спыніце гвалт!»
Tut.by паведамляе, што з парталам зьвязалася кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская. Яна заклікала міліцыю і вайскоўцаў «памятаць, што яны частка народу», а дэманстрантаў — не даваць нагодаў да гвалту і прадухіляць правакацыі.
«Я ведаю, што беларусы прачнуцца заўтра ўжо ў новай краіне, і спадзяюся на тое, што заўтра будуць толькі добрыя навіны, — заявіла Ціханоўская. — Калі ласка, спыніце гвалт. Перш за ўсё, афіцэры, я ведаю, што вы можаце гэта зрабіць».
Падобны зварот зачытала паплечніца Ціханоўскай Марыя Калесьнікава ў эфіры тэлеканалу «Настоящее время».
Тым часам Эўрарадыё піша, што ў Менску людзі падымаюцца з Гарадзкога валу на праспэкт Незалежнасьці, «Чай з малінавым варэньнем» перадае сьцьверджаньне чытача аб тым, што з раёну Каменнай горкі ў цэнтар Менску ідзе «звыш 1000 чалавек». Nexta піша, што сьветлашумавыя гранаты чуваць на Багдановіча, гумовымі кулямі страляюць па пратэстоўцах на скрыжаваньні Машэрава і Даўмана.
Менск замаўляе дадатковыя машыны «хуткай» на бліжэйшыя 4 дні
01:00 Супрацоўніца адной з падстанцыяў хуткай дапамогі ў Менску паведаміла Радыё Свабода на ўмовах ананімнасьці, што іх падстанцыя зарэзэрвавала чатыры дадатковыя машыны хуткай дапамогі. Паводле яе інфармацыі, такую ж колькасьць машын атрымалі і астатнія падстанцыі – усяго іх у Менску 11. Такім чынам, каля 40 дадатковых машын хуткай дапамогі зарэзэрваваныя ў Менску на бліжэйшыя чатыры дні.
Сілавікі ўжылі вадамёт у Менску. ВІДЭА
У шпіталі хуткай дапамогі не камэнтуюць зьвесткі пра параненых
У шпіталі хуткай дапамогі ў Менску адмовіліся пракамэнтаваць зьвесткі пра параненых. Карэспандэнту Свабоды сказалі, што без кіраўніцтва ня могуць даць ніякіх зьвестак і параілі ператэлефанаваць а 8-й раніцы.
Гумовыя кулі і сьветлашумавыя гранаты ў Менску, затрыманьні ў Магілёве і Гомлі, футбол перад АМАПам у Наваполацку
Як піша «Наша ніва», міліцыянты ў Менску працягваюць страляць у пратэстоўцаў гумовымі кулямі і сьветлашумавымі гранатамі, у тым ліку трапілі гумовай куляй у дзяўчыну побач з карэспандэнтам. «Каля 3000 дэманстрантаў» ідуць па Раманаўскай слабадзе і Гарадзкім вале ў бок праспэкту Незалежнасьці. Дэманстранты ёсьць на праспэкце Пушкіна і Прытыцкага. «Белсат» паведамляе пра пратэстоўцаў на вуліцы Багдановіча, Nexta — пра пратэстоўцаў на Каменнай горцы.
У Магілёве разагналі пратэстоўцаў каля 23 гадзінаў вечара, піша «Белсат», але затрыманьні ішлі яшчэ каял 2 гадзінаў.
Жорсткія затрыманьні пачаліся а палове на першую ночы ў Гомлі.
А ў Наваполацку пратэстоўцы гуляюць у футбол перад праваахоўнікамі.
Менск. Сыгналяць тралейбусы
00:55. У радыюсе аднаго кілямэтра ад стэлы – сутычкі зь сілавікамі, у раёне Нямігі АМАП вылоўлівае людзей. Відавочцы сьцьвярджаюць, што ад сьветлашумавых гранат усё навакольле ў раёне Нямігі зьзяе.
Шмат машын і людзей на скрыжаваньні праспэкта Машэрава і вуліцы Старадаросскай. Сыгналяць кіроўцы машын і тралейбусаў. Сілавікі пачалі выкарыстоўваць сьветлашумавыя гранаты і пэтарды. У 0:55 перакрыты рух трамваяў.
Паводле відавочцаў, пасьля таго, як сілавікі пусьцілі ў ход нешта накшталт пярцовага газу, пачалася сутычка людзей зь сілавікамі. Людзі, якія ня ўдзельнічалі ў бойцы, пачалі сьпяваць дзяржаўны гімн і ўключылі ліхтарыкі.
Менск. У РУУСы затрыманых ля стэлы ня возяць
00:50. Дзяжурны Заводзкага РУУС Менску заявіў, што ў РУУСы затрыманых ля стэлы ня возяць. «Ня ведаю, куды іх дастаўляюць, магчма ў ІВС, але нам не паведамляюць».
Мастак Аляксей Кузьміч выйшаў да АМАП з пэрфомансам-расьпяцьцем
Мастак Аляксей Кузьміч, вядомы правакацыйнымі пэрфомансамі, выйшаў у Менску да праваахоўнікаў на праспэкце пераможцаў: ішоў у набедранай павязцы, узьняў рукі, нібы расьпяты. Пасьля выбуху чагосьці падобнага да сьветлашумавой гранаты сышоў. Ці быў ён затрыманы, невядома.
Да таго мастак пазіраваў у набедранай павязцы з намаляванымі на руках і нагах «стыгматамі» пазіраваў, як сьцьвярджалася, «на выбарчым участку ў Менску»: у спартовай залі, абсталяванай кабінкамі і вурнамі для галасаваньня. На якім менавіта ўчастку гэта было, не ўдакладняецца.
У Берасьці пачаліся сутычкі з праваахоўнікамі
Да поўначы акцыя ў Берасьці праходзіла мірна, людзі ішлі па дарогах у цэнтры гораду.
Менск: праспэкт Пераможцаў «расьсеялі», людзі ідуць да плошчы Перамогі
Як піша «Наша ніва», на праспэкце Пераможцаў дэманстранты разьбегліся «пасьля тао, як супраць іх быў ужыты сьлезацечны газ», праспэкт больш не перагароджаны. Але «некалькі сотняў» дэманстрантаў ідуць з праспэкту Машэрава ў бок плошчы Перамогі.
Эўрарадыё ж піша, што АМАП «расьсеяў людзей па горадзе», самая буйная група — ля гіпэрмаркету «Карона» на праспэкце Пераможцаў, другая — ля мэтро Фрунзэнская», яшчэ адну «адцясьняюць» у бок плошчы Перамогі.
Мяркуючы па відэа з каналу Nexta, гукі, падобныя да страляніны, паходзяць ад праваахоўнікаў, якія стралялі сьветлашумавымі гранатамі.
У Мюнхэне Сьвятлана Ціханоўская набрала 92%. ФОТАФАКТ
Жыхар Мюнхэну Юры Рудэрман дэманструе вынікі экзыт-полу галасаваньня ў беларускім кансуляце сталіцы Баварыі:
ЦВК: яўка на выбарах на 20.00 склала 84,05%
Яўка выбарнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах на 20.00 склала 84,05%, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на дадзеныя, апублікаваныя на сайце ЦВК.
Берасьцейскай вобласьці прагаласавалі 91,97% выбарнікаў ад агульнай колькасьці ўключаных у сьпісы
Віцебскай — 82,73%,
Гомельскай — 89,81%,
Горадзенскай — 88,81%,
Магілёўскай — 90,44%.
Менскай — 84,53%
Менск — 66,10%
МУС склікае апэратыўныя штабы ва ўсіх тэрытарыяльных органах
Міністэрства ўнутраных справаў арганізуе працу апэратыўных штабоў ва ўсіх тэрытарыяльных органах унутраных справаў, піша Tut.by. Пратэсты працягваюцца ў Менску і некаторых іншых гарадах.
24:00 Віцебск. Людзі пляскаюць, машыны сыгналяць
Людзей ужо амаль няма, толькі невялікія групы стаяць, пляскаюць у ладкі. Машыны сыгналяць. Затрымалі ня менш за трох журналістаў.
Сотні людзей пад Стэлай, людзі ідуць у бок Кастрычніцкай плошчы, АМАП на праспэкце Незалежнасьці ў Менску
Паводле Onliner.by, ля Стэлы ў Менку каля дзьвюх сотняў праваахоўнікаў, але пратэстоўцаў больш. «Белсат» перадае, што людзі зь Нямігі ідуць у бок Кастрычніцкай плошчы.
«Усё выглядае, як сапраўдная вайна», — кажа карэспандэнтка «Белсату».
У Гомлі хапаюць у цемры. Людзі скандуюць: «Фашысты!»
На вуліцы Савецкай выключылі асьвятленьне. Яна перакрытая ад унівэрмагу «Гомель» да плошчы Леніна. Затрыманьні працягваюцца.