Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў Беларусі

абноўлена

Апошнія навіны, камэнтары, стрымы Свабоды з выбарчых участкаў і вуліц у асноўны дзень галасаваньня на шостых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

  • Паводле зьвестак ЦВК, на выбарах прэзыдэнта Беларусі дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка набраў 80,23% галасоў, Сьвятлана Ціханоўская — 9,9%, Ганна Канапацкая — 1,68%, Андрэй Дзьмітрыеў — 1,04%, Сяргей Чэрачань — 1,13%.
  • Штаб Ціханоўскай не прызнаў перамогі Лукашэнкі, заклікаў да пераліку галасоў.
  • Увечары 9 жніўня ў Менску, усіх абласных цэнтрах і іншых гарадах Беларусі прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту. Каля 3000 чалавек затрымалі, зь іх каля тысячы ў Менску.
  • Выбарчая кампанія ператварылася ў хроніку рэпрэсіяў. Праваабаронцы налічылі больш за 1360 адвольных затрыманьняў з 6 траўня па 5 жніўня.
  • Арыштаваныя ў межах Крымінальнага кодэксу патэнцыйны кандыдат Віктар Бабарыка, два кіраўнікі ініцыятыўных групаў — Эдуард Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі. На 8 жніўня праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі 26 чалавек.
00:07 10.8.2020

У Берасьці шэсьце па дарозе, праваахоўнікі папярэджваюць пратэстоўцаў

Па цэнтры Берасьця ідзе натоўп людзей, яны выходзяць на дарогу. Сілавікі ў Берасьці выкарыстоўваюць для папярэджаньня людзей «прадметы, падобныя да сыгнальных пісталетаў», страляюць імі ў паветра, піша Tut.by. Уезд у цэнтар гораду перакрываюць, сьцьвярджае Nexta.

23:59 9.8.2020

«Наша ніва»: сьвелташумавая граната трапіла ў грудзі пратэстоўцу, яго забрала «хуткая»

«Белсат» піша, што каля Стэлы цяжка паранены мужчына, ён без прытомнасьці.

23:59 9.8.2020

Гумовыя кулі на Кальварыйскай

Як паведамляе Наша Ніва, у Менску на Кальварыйскай у раёне Каскада ў людзей стралялі гумовымі кулямі. Трох чалавек паранілі, іх забрала хуткая дапамога. Многія людзі дэманструюць ярасць, піша НН.

Выданьне таксама інфармуе, што сьвятлошумавая граната трапіла ў грудзі Раману Зайцаву на праспэкце Машэрава ў Менску. Яго забрала хуткая дапамога.

23:58 9.8.2020

У Бабруйску затрыманымі дэманстрантамі наладавалі чатыры аўтазакі

У 22.00 у Бабруйску АМАП пачаў зачыстку плошчы Леніна. Людзей пачалі адціскаць у бок гандлёвых кварталаў.

У 22.55 многіх пратэстоўцаў затрымалі і павезьлі ў чатырох аўтазаках.

У 23.35 АМАП разагнаў рэшту пратэстоўцаў каля гандлёвага цэнтру Вестар. Чатыры цэнтральныя вуліцы гораду перакрытыя.

23:57 9.8.2020

Эўрарадыё: У Пінску «перамовы не далі плёну»

Як перадае Эўрарадыё, у Пінску, дзе да пратэстоўцаў выйшаў старшыня гарвыканкаму, «перамовы не далі плёну», пінчукі працягваюць зьбірацца на плошчы перад выканкамам, там «больш за 2000 чалавек».

23:53 9.8.2020

АМАП выцясьняе людзей з праспэкту Пераможцаў

Прыблізна а 23.45 АМАП і міліцыя пачалі выцясьняць пратэстоўцаў з праспэкту Пераможца. Некалі шэрагі сілавікоў пайшла ў наступ на ўдзельнікаў пратэсту, перад імі ў бок натоўпу рушыў вадамёт.

23:52 9.8.2020

У Смаргоні і Кобрыні міліцыя не чапае пратэстоўцаў. Новая Баравая «сьвяткуе перамогу Ціханоўскай»

«Наша ніва» піша, што ў Смаргоні пратэставалі каля 300 чалавек, якіх не чапала міліцыя.

23:49 9.8.2020

АМАП ідзе на пратэстоўцаў на праспэкце Пераможцаў у Менску, ляцяць сьветлашумавыя гранаты, едзе вадамёт

Як піша Tut.by, сілавікі ў Менску «пачалі штурм барыкадаў, якія выстраілі на праспэкце [Пераможцаў] мітынгоўцы». У бок пратэстоўцаў ідзе калёна спэцтэхнікі, ліюць ваду вадамёты, кідаюць сьветлашумавыя гранаты.

23:48 9.8.2020

Праспэкт Пераможцаў. Фотаздымкі tut.by

23:42 9.8.2020

Карспандэнт Свабоды: у Грушаўцы Ціханоўская набрала ў чатыры разы больш за Лукашэнку

Як перадае карэспандэнт Свабоды з участку №20 у менскай Грушаўцы, выбарчая камісія агучыла афіцыйныя вынікі: каля 1400 галасоў за Сьвятлану Ціханоўску, каля 350 — за Аляксандра Лукашэнку.

23:38 9.8.2020

Шэраг Telegram-каналаў паведамляе, што ў Менску ў бок пратэстоўцаў пачалі страляць гумовымі кулямі

Пацьверджаньняў ці абвяржэньняў гэтай інфармацыі на дадзены момант няма. «Белсат» перадае, што на праспэкце Машэрава «будуюць барыкады з дрэваў і сьметніц», у бок Стэлы ідзе вайсковая тэхніка.

23:33 9.8.2020

Людзі каля Стэлы запалілі ліхтары

23:29 9.8.2020

Жорткія затрыманьні і «парад зь ліхтарамі» ў Менску

Карэспандэнт Свабоды паведамляе, што каля Стэлы ў Менску АМАП са шчытамі разганяў людзей, ужываў сьветлашумавыя гранаты. Шэраг СМІ і Telegram-каналаў паведамляе пра жорсткія затрыманьні ў раёне Нямігі. Паводле каналу #МотолькоПомоги, да пацярпелых у Менску едзе сем машынаў «хуткай дапамогі». Але відаць, што на праспэкту Пераможцаў людзі выйшлі на дарогу, трымаюць ліхтарыкі або сьвецяць ліхтарамі тэлефонаў. «Наша ніва» сьцьвярджае, што пратэстоўцы нібыта «адцясьняюць АМАП» ад Нямігі ў бок Палацу спорту.

23:29 9.8.2020

У цэнтры Менску паранены

Паводле відавочцаў, будаўнічая машына ўехала ў натоўп людзей. Паранены мужчына 40-50 гадоў, у яго пашкоджаная нага.

Да месца здарэньня прыехалі некалькі машынаў хуткай дапамогі.

23:19 9.8.2020

У Менску зьбілі журналіста Associated Press, забралі на «хуткай»

Як перадае «Наша ніва», у Менску зьбіты журналіст Associated Press Мсьціслаў Чарноў, яму выклікалі «хуткую». Пра тое ж паведамляе «Эўрарадыё»: «дужа пабілі».

23:15 9.8.2020

22:55 Горадня. Пярцовы газ

Працягваецца супрацьстаяньне сілавікоў з пратэстоўцамі. Сотні людзей расьсяродзіліся па цэнтры. Перакрыты вялікі кавалак цэнтру гораду, АМАП ужывае пярцовы газ, жорстка зьбівае пратэстоўцаў. Дзясяткі затрыманых, у тым ліку выпадковыя мінакі. Людзі скандуюць: «Верым! Можам! Пераможам!»

23:13 9.8.2020

СМІ: аўтазак у Менску зьбіў чалавека

«Наша ніва» паведамляе, што аўтазак «тараніў натоўп», зноў гучаць хлапкі, падобныя да сьветлашумавых гранатаў. «Белсат» піша, што машына «не спыняючыся працягнула некалькі мэтраў чалавека», пацярпелаа аднесьлі з дарогі, валянтэры аказваюць мэдычную дапамогу. Відавочца кажа парталу Tut.by, што тых, хто падбег да чалавека, «сталі закідваць сьветлашумавымі гранатамі». «Эўрарадыё» ж піша, што чалавек «заскочыў на бампэр аўтазака», упаў пад колы, «яго ледзь не задавіла», цяпер ён без прытомнасьці, у крыві, «яго спрабуюць рэанімаваць».

23:12 9.8.2020

22:45 Менск. Сьветлашумавыя гранаты

На скрыжаваньні вуліцы Машэрава і праспэкта Перамогі ў раёне Стэлы адбываюцца сутычкі з АМАПам. У бок пратэстоўцаў паляцелі тры сьветлашумавыя гранаты, у бок АМАПу – адзін фаер. АМАП адціскае людзей, якіх тут сабралася больш за тысячу, у бок парку 50-годзьдзя Перамогі за стэлай.

З больш аддаленых раёнаў людзі невялікімі групамі скіроўваюцца ў бок стэлы, машыны сыгналяць.

23:07 9.8.2020

Карэспандэнт Свабоды: затрыманьні ў цэнтры Менску, у раёне Нямігі

У раёне Нямігі, каля гандлёвага цэнтру Galleria Minsk і Палацу спорту перакрыты праспэкт Пераможцаў, людзей выцясьняюць і гвалтоўна затрымліваюць. Некалькі сотняў пратэстоўцаў застаецца ў тым раёне, перадае карэспандэнт Свабоды. АМАП ідзе на людзей са шчытамі, у тры шэрагі.

23:01 9.8.2020

У Віцебску працягваюцца затрыманьні

У Віцебску маніфэстанты засталіся толькі на Маскоўскім праспэкце. Людзі ідуць па ходніках. Працягваюцца затрыманьні. Аўтазакі едуць па праспэкце, спыняюцца, затрымліваюць людзей, саджаюць у аўтазак, едуць далей. Затрыманых каля 10 чалавек.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG