Валер Цапкала: жонка Вераніка вяртаецца ў Беларусь, каб падтрымаць Ціханоўскую
У эфіры расейскага тэлеканалу «Дождь» былы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Валер Цапкала паведаміў, што ягоная жонка Вераніка Цапкала вяртаецца ў Беларусь, каб падтрымаць кандыдатку Сьвятлану Ціханоўскую.
Валер Цапкала зьехаў зь Беларусі яшчэ ў ліпені, бо атрымаў інфармацыю пра магчымае затрыманьне — спачатку паехаў у Маскву, пасьля ў Кіеў і Варшаву, сустракаўся з прадстаўнікамі дыяспары. Пра ад’езд Веранікі Цапкалы ў Маскву стала вядома толькі 9 жніўня.
Tut.by: У Менску траўмаваны журналіст?
Паводле Tut.by, на праспэкце Машэрава журналісты пабачылі, як на дарозе сядзеў чалавек у адзеньні з надпісам «Прэса» на сьпіне, трымаўся за галаву. Яго абкружылі сілавікі, калі ён паклаўся на траву, узялі пад рукі і завялі за аўтазакі. Што гэта за чалавек, не паведамляецца.
Тым часам на праспэкт, адзначае выданьне, прыбыў начальнік менскага АМАП Дзьмітры Балаба, стаіць пасярод дарогі, з абодвух бакоў якой стаяць аўтазакі.
Эўрарадыё: у Пінску старшыня гарвыканкаму выйшаў на перамовы з пратэстоўцамі
Як піша Эўрарадыё, у Пінску пратэстоўцы — «каля дзьвюх тысяч чалавек» — сабраліся побач з гарвыканкамам, выказваюць нягоду з вынікамі выбараў. Супраць іх, піша Эўрарадыё, было толькі 20 супрацоўнікаў АМАП, на дапамогу якім прыйшлі памежнікі. Старшыня гарвыканкаму «вядзе перамовы» зь пяцьцью пратэстоўцамі.
Штаб Ціханоўскай: ёсьць участкі, дзе яна перамагла Лукашэнку
На прэс-канфэрэнцыі штабу кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай назвалі шэсьць участкаў у розных раёнах Менску, дзе, паводле афіцыйных пратаколаў, кандыдатка перамагла Лукашэнку зь вялікім адрывам.
Tut.by перадае: на ўчастку 51 у Кастрычніцкім раёне Менску Ціханоўская мела 1226 галасоў, Лукашэнка — 394; на ўчастку 37 у Першамайскім раёне — 848 супраць 297 на карысьць Ціханоўскай. На ўчастку 105 у Шчомысьліцы, дзе былі назіральнікі «Праваабаронцаў за свабодныя выбары», 560 супраць 338 на карысьць Ціханоўскай, на суседнім участку 666 супраць 335.
Ціханоўская падзякавала чальцам камісіяў на гэтых участках. Выходзіць на плошчу Ціханоўская пакуль не зьбіраецца: мэта — зьбіраць зьвесткі пра галасаваньне, чакаць афіцыйных вынікаў.
У Менску перакрылі частку мэтро
Як піша Onliner.by, частку станцыяў мэтро ў Менску перакрылі: ад «Маладзёнай» да «Купалаўскай». Гэта недалёка ад праспэкту Пераможцаў, дзе адбываюцца затрыманьні.
Выданьне піша, што сілавікі ў экіпіроўцы і са шчытамі бягуць праз мост на Нямізе ў бок Палацу спорту. Частку людзей каля кінатэатру «Масква» абкружае АМАП, пачалася бойка.
У Менску разганяюць дэманстрантаў, людзей не становіцца меней
Як перадае карэспандэнт Свабоды, каля Палацу спорту ў Менску АМАП жорстка затрымлівае пратэстоўцаў, прысутнічаюць праваахоўнікі з сабакамі. Але людзі не разыходзяцца, крычаць «Ганьба», чуваць, як сыгналяць машыны. Выглядае на тое, што людзей можа станавіцца больш. Хлапкоў, якія гучалі як сьветлашумавыя гранаты, больш не чуваць.
Тысячы чалавек пратэстуюць у Баранавічах
На падыходах да плошчы Леніна ў Баранавічах сабраліся некалькі тысяч чалавек, перадае карэспандэнт Нашай Нівы. Міліцыя спрабуе разагнаць людзей сьлезацечным газам.
Відэа з сацсетак: Менск, Магілёў, Жодзіна, Жлобін, Наваполацак
На праспэкце Пераможцаў у Менску сутыкненьні, дзясяткі затрыманых
Каля палаца спорту на праспэкце Пераможцаў у Менску вялікая колькасьць АМАПу з сабакамі, які наступае на пратэстоўцаў.
Удзельнікаў пратэсту прынамсі некалькі сотняў. Як паведамляе карэспандэнт Свабоды, былі затрыманыя дзясяткі чалавек.
Паводле Tut.by, у Менску каля Стэлы сабраліся звыш 1000 чалавек, але «дадзеная каманда „пачынаем выштурханьне“»: людзей адцясьняюць з праезнай часткі з боку Нямігі, АМАП рухаецца ў бок Мельнікайце.
Затрыманьні ў Гомлі
У Гомлі АМАП пачаў затрымліваць людзей на вуліцы Савецкай. Людзі ходзяць вялікімі групамі ўзад-уперад. Затрыманыя ня менш за 8 чалавек.
Некалькі тысяч людзей сабраліся ў Берасьці. Ідуць сутычкі дэманстрантаў зь міліцыяй
Некалькі тысяч людзей сабраліся ў Берасьці. Іх не пусьцілі на цэнтральныя вуліцы. Людзі групуюцца на бакавых вуліцах. За імі ганяюцца міліцыянты. Ёсьць таксама ўнутраныя войскі. Ніхто пакуль не затрыманы.
Паводле берасьцейцаў Уладзімера Катрыча і Ірыны Лаўроўскай, людзей каля трох тысяч.
Сутычка з АМАП у Менску, чуваць хлапкі
Карэспандэнт Свабоды на месцы чуў гучныя хлапкі, падобныя да выбухаў. Шэраг выданьняў, у тым ліку Tut.by, паведамляе пра выкарыстаньне супраць пратэстоўцаў сьветлашумавых гранатаў. Фота або відэа сьведкаў на дадзены момант няма.
Затрымалі журналістку tut.by
Затрымалі журналістку tut.by Вольгу Камягіну
Затрыманыя журналісты ў Магілёве і Горадні
Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, у Магілёве затрымалі журналістку Tut.by Анжаліку Васілеўскую. У Горадні затрымалі журналістку Tut.by Вольгу Камягіну, а таксама журналістаў Аляксандра Саенку, Аляксея Кайрыса і Сяргея Людкевіча, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
У Віцебску працягваюцца затрыманьні. Людзей у цэнтры большае
АМАПаўцы перакрылі падземныя пераходы, якія вядуць на плошчу Перамогі, і выхады з арак у найбліжэйшых дамах.
Затрыманьні працягваюцца. Яны пад'яжджаюць да большых груп людзей і хапаюць. Усе людзі стаяць на ходніках.
Людзей сотні, яны прыбываюць. Найбольш людзей з боку праспэктаў Чарняхоўскага і Маскоўскага.
Машыны сыгналяць. Людзі пляскаюць у ладкі.
Менск гудзе
Чуваць, як сыгналяць аўтамабілісты на суседніх са стэлай вуліцах і пляскаюць у ладкі людзі.
Каля гатэлю «Юбілейная» ў Менску сабралася шмат моладзі. Людзі крычаць «Сыходзь!» і выходзяць на праездную частку. Пад’ехалі аўтазакі.
У Бярэзані пратэст, трое затрыманых
Каля 150 чалавек выйшлі на плошчу ў цэнтры Бярэзані. Іх выцесьніла міліцыя. Затрыманыя Павал Вінаградаў і яшчэ два чалавекі.
На Нямізе сабраліся людзі
У Менску ў раёне Нямігі сабраліся людзі, выкрыкваюць лёзунгі, сыгналяць машыны.
У Віцебску пачаліся затрыманьні
Віцебск. Амапаўцы пачалі хапаць людзей, якія стаяць праз дарогу ад плошчы Леніна на другім баку Маскоўскага праспэкту. Сма плошча пустая.
Праспэкт не перакрыты. Машыны, праяжджаючы па ім, сыгналяць.