Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў Беларусі

абноўлена

Апошнія навіны, камэнтары, стрымы Свабоды з выбарчых участкаў і вуліц у асноўны дзень галасаваньня на шостых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

  • Паводле зьвестак ЦВК, на выбарах прэзыдэнта Беларусі дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка набраў 80,23% галасоў, Сьвятлана Ціханоўская — 9,9%, Ганна Канапацкая — 1,68%, Андрэй Дзьмітрыеў — 1,04%, Сяргей Чэрачань — 1,13%.
  • Штаб Ціханоўскай не прызнаў перамогі Лукашэнкі, заклікаў да пераліку галасоў.
  • Увечары 9 жніўня ў Менску, усіх абласных цэнтрах і іншых гарадах Беларусі прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту. Каля 3000 чалавек затрымалі, зь іх каля тысячы ў Менску.
  • Выбарчая кампанія ператварылася ў хроніку рэпрэсіяў. Праваабаронцы налічылі больш за 1360 адвольных затрыманьняў з 6 траўня па 5 жніўня.
  • Арыштаваныя ў межах Крымінальнага кодэксу патэнцыйны кандыдат Віктар Бабарыка, два кіраўнікі ініцыятыўных групаў — Эдуард Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі. На 8 жніўня праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі 26 чалавек.
19:28 9.8.2020

Плошчу Незалежнасьці заблякавалі

Плошча Незалежнасьці заблякаваная па пэрымэтры з усіх бакоў, пачынаючы ад вуліц Мясьнікова, Валадарскага, Карла Маркса, Ленінградзкай і г.д. На паштамт прайсьці не даюць. У студэнцкім гарадку БДУ поўна спэцтэхнікі. Выхад з мэтро на плошчу Незалежнасьці таксама закрылі. Выхад з мэтро ў бок чыгуначнага вакзалу адкрыты.

19:16 9.8.2020

Незалежныя назіральнікі: на некаторых участках у Менску яўка ўжо перавышае 100%

Незалежныя назіральнікі апавялі парталу Tut.by пра магчымае перавышэньне максымальнай яўкі на ўчастках для галасаваньня № 21 і № 22, разьмешчаных у будынку гімназіі № 43.

Паводле іх, у сьпісах выбарнікаў там сумарна значацца прыкладна 5,8 тысячы чалавек. Паводле пратаколаў выбарчых камісій, яўка на датэрміновым галасаваньні на іх склала каля дзьвюх тысяч чалавек. У асноўны дзень галасаваньня 9 жніўня па стане на 17.30 у дзьверы гімназіі, паводле падліках назіральнікаў, ужо зайшлі каля 3,8 тысячы чалавек, а ў чэргі з жадаючых прагаласаваць стаяць некалькі сотняў выбарнікаў, і яна расьцягнулася прыкладна на кілямэтар, агінаючы будынак. Такім чынам, яўка ўжо павінна была перавысіць сто адсоткаў.

19:07 9.8.2020

Чарга выбарнікаў ля менскай школы №41. Фатафакт

На выбарчых участках, якія месьцяцца ў менскай школе №41 на вуліцы Алеся Гаруна ў менскім мікрараёне Дамброўка, так шмат ахвотных прагаласаваць, што чарга расьцягнулася на сотні мэтраў на вуліцы. Гэта ўчасткі 35, 36, 37 Фрунзенскай раённай камісіі. На ўчастку кабінкі закрытыя толькі з трох бакоў, шторак няма.

19:02 9.8.2020

Яўка на 18.00 склала 79,01%

Яўка на прэзыдэнкіх выбарах у Беларусі на 18:00 9 жніўня агулам склала 79,01%, паведамляе ЦВК.

Лічбы па рэгіёнах наступныя:

  • Гомельская вобласьць: 85,98%
  • Магілёўская вобласьць: 86,01%
  • Берасьцейская вобласьць: 84,52%
  • Віцебская вобласьць: 80%
  • Горадзенская вобласьць: 82,41%
  • Менская вобласьць: 77,93%
  • горад Менск: 62,3%.
18:36 9.8.2020

Ля цырку — каля 2 дзясяткаў міліцыянтаў, на Кастрычніцкай зачынілі «Макдональдс»

Рэстарацыю хуткага харчаваньня «Макдональдс» у раёне Кастрычніцкай плошчы зачынілі.

Ва ўнівэрсама «Цэнтральны» пакуль застаецца адчыненым адзін уваход, але верагодна, яго хутка зачыняць зусім, паведамляе карэспандэнт Свабоды.

Каля цырку з абодвух бакоў, на скрыжаваньні з вуліцай Янкі Купалы, стаіць ачапленьне: 11 міліцыянтаў з аднаго боку і 9 — з другога боку вуліцы. Але людзей пакуль прапускаюць.

Перакрылі праход у Панікоўскі сквэр. Рух аўтамабіляў па вуліцы Карла Маркса забаранілі. На ходніках каля Цэнтральнага унівэрсаму паставілі турнікеты, правяраюць торбы і заплечнікі.

Кіроўцы, якія едуць цераз Кастрычніцкую плошчу, сыгналяць.

18:26 9.8.2020

Журналістаў Tut.by міліцыянт з ужываньнем сілы выгнаў з выбарчага ўчастку

Журналістаў Tut.by з ужываньнем сілы міліцыянт літаральна выкінуў з выбарчага ўчастку № 2 па вуліцы Камайская, 18 ў Менску, паведамляе партал. Аб гэтым папрасіла старшыня камісіі.

18:16 9.8.2020

Ярмошына заявіла, што чэргі на выбарчых участках — сабатаж і арганізаваная правакацыя

Старшыня Цэнтравыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына заявіла 9 жніўня, што чэргі на асобных выбарчых участках зьяўляюцца арганізаванай правакацыяй з боку пратэставага электарату, піша Interfax.by.

«Чаму навучалі гэты пратэставы электарат? Прыйдзіце і займіце кабіну на паўгадзіны. І так адбываецца. Праз гэта прапускная здольнасьць выбарчых участкаў вельмі невялікая», — заявіла Ярмошына ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ.

Паводле яе, гэтыя дзеяньні ёсьць «самым сапраўдным сабатажам, арганізаванай правакацыяй». «Менавіта гэта прывяло да таго, што каля выбарчых участкаў сабраліся вельмі вялікія чэргі», — сказала Ярмошына.

Камэнтуючы хаду галасаваньня ў цэлым, Ярмошына сказала, што «ўсё было б нармальна, калі б не наўмысныя правакацыі, якім навучаўся так званы пратэставы электарат праз Telegram-каналы».

На думку старшыні ЦВК, сытуацыю справакавалі паліттэхнолягі з штабу экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі, які з 18 чэрвеня знаходзіцца ў СІЗА КДБ. «Гэта ўсё распрацоўваецца паліттэхнолягамі, блізкімі і, уласна кажучы, фінансаванымі з былога перадвыбарчага штабу Бабарыкі», — сказала кіраўніца ЦВК.

Паводле Ярмошынай, «выбары будуць прызнаныя ўсё роўна, нягледзячы ні на якія дзеяньні, накіраваныя на іх зрыў і дыскрэдытацыю».

18:11 9.8.2020

Галоўныя будынкі і плошчы ў цэнтры Менску ачэпленыя тэхнікай і салдатамі ўнутраных войскаў

17:54 9.8.2020

У Горадні абнесьлі турнікетамі будынак Упраўленьня ўнутраных справаў

17:42 9.8.2020

Каля выбарчага ўчастку ў Менску прагучала «Перемен» і «разбуры турмы муры»

Падчас выбараў каля сярэдняй школы № 212 Фрунзенскага раёну Менску а 17-ай гадзіне прагучала песьня «Разбуры муры турмы», якая стала музычным сымбалем кандыдаткі Святланы Ціханоўскай. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі незалежныя назіральнікі, якія манітораць выбары ў асноўны дзень галасаваньня.

Празь некалькі хвілін адтуль жа прагучала песьня Віктара Цоя «Перемен». Паводле назіральнікаў, песьні запусьцілі з кватэры ў доме, які знаходзіцца каля школы, таму іх было добра чуваць ня толькі каля школы.

Песьні «Разбуры турмы муры» і «Перамен» прагучалі цалкам. У школе адкрытыя два выбарчыя ўчасткі, 6 і 7, якія знаходзяцца на 2 паверсе. Каб прагаласаваць, выбарнікі стаяць у чэргах, якія пачынаюцца ў фае школы. Даводзіцца стаяць у чарзе 15-20 хвілін, паведамілі выбарнікі.

Каля 19-й гадзіны гаспадара кватэры, зь якой даносілася музыка, затрымалі.

17:14 9.8.2020

Вераніка Цапкала расказала, чаму зьехала ў Маскву

Адна з каардынатарак аб'яднанага штабу Вераніка Цапкала, якая сёньня зьехала ў Маскву, прагаласавала там у амбасадзе Беларусі.

У размове з журналістамі яна патлумачыла, што вырашыла правесьці гэты гістарычны дзень разам са сваімі дзецьмі, якіх ня бачыла некалькі тыдняў. У канцы ліпеня, неўзабаве пасьля нерэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты, разам з сынамі ў Маскву зьехаў Валеры Цапкала.

Паводле Веранікі, у аб'яднанага штабу не засталося сумесных мерапрыемстваў. Таму яна прыняла рашэньне пабыць з сваімі дзецьмі і беларусамі, якія жывуць ці працуюць у Расеі.

«Гэта гістарычны момант для Беларусі. Я хачу, каб мае дзеці запомнілі яго назаўсёды. Можа яны яшчэ малыя і ня ўсё ўсьведамляюць, але пройдзе час і яго важнасьць стане зразумелай».

Вераніка Цапкала запэўніла, што плянуе вярнуцца ў Беларусь. Пры гэтым расейскім журналістам яна паведаміла, што ў Беларусі працягваецца перасьлед супрацоўнікаў штабоў і давераных асобаў.

17:01 9.8.2020

Па 3 гадзіны стаяць выбарнікі ў чарзе ў мікрараёне Лебядзіны

Людзі галасуюць на ўчастках № № 2 і 3 у Цэнтральным раёне Менску. У чарзе карэспандэнту Свабоды сказалі, што чаканьне можа займаць да трох гадзін.

Участкі знаходзяцца ў будынку школы № 32. Людзі ў чарзе абураюцца, што кабінак мала і ў працу залучаныя ня ўсе сябры камісіі.

Зінаіда Міхайлава, старшыня камісіі на ўчастку № 2: «Трэба было галасаваць датэрмінова. Мы ўсё робім, каб было хутчэй, але праз каранавірус прынятыя пэўныя захады».

На 3-і ўчастак чарга яшчэ большая, людзі стаяць па 3 гадзіны. На ўчастку тры кабінкі, бюлетэні выдаюць 4 сябры камісіі, але чарга рухаецца марудна. Старшыня камісіі Алена Ліпень: «Прэтэнзіі не да мяне.

У вэстыбюлі тоўпяцца больш за 200 чалавек

Як старшыня я задаволеная, што ў людзей такая актыўнасьць».«Гэта кашмар! — кажа Людміла, выбарніца на ўчастку № 3. — Кашмар і арганізацыя, і чаму не падрыхтаваліся, і як ўлада ставіцца да апазыцыі і людзей. Мне гэта незразумела».

Паводле назіральнікаў, на абодвух участках да 5 тысяч выбарнікаў, а адкрыта 5 кабінак для галасаваньня.

16:58 9.8.2020

ЦВК: на 16.00 яўка склала 73,4%

Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, на 16.00 яўка на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі (з улікам датэрміновага галасаваньня) склала 73,4% выбарнікаў. Больш за палову прагаласавала нават у Менску, сьцьвярджае ЦВК. Лічбы такія:

  • Гомельская вобласьць: 81,87%
  • Магілёўская вобласьць: 80,29%
  • Берасьцейская вобласьць: 75,11%
  • Віцебская вобласьць: 75,5%
  • Горадзенская вобласьць: 75,66%
  • Менская вобласьць: 72,30%
  • горад Менск: 58,79%.

Частка ўчасткаў у санаторыях, мэдычных установах, вайсковых часьцях ужо завершыла галасаваньне і пачала лічыць галасы. На выбарчых участках за мяжой галасаваньне адбываецца ў розны час праз розьніцу гадзінных паясоў — зьвесткі па іх ЦВК атрымае 10 жніўня а 15-й гадзіне.

16:58 9.8.2020

Камунальнікі зьдзёрлі бел-чырвона-белы сьцяг з балькона жыхара Горак. ФОТА

Пакуль жыхар Горак Уладзімер Сьцяпанаў назіраў за выбарамі, камунальнікі з дапамогаю будаўнічай тэхнікі зьдзерлі зь ягонага вакна на трэцім паверсе дому бел-чырвона-белы сьцяг.

Паводле гаспадара, сьцяг правісеў на вакне дзьве гадзіны. Чым перашкодзіў сьцяг уладзе, мужчына ня ведае. Ён спасылаецца на словы суседкі, якая паведаміла яму на ўчастку для галасаваньня, што да яго ў кватэру ломіцца міліцыя.

Пазьней дазнаўся, што ягоную «маёмасьць скралі».

Вывесіў Уладзімер сьцяг, каб падкрэсьліць, што «Беларусі патрэбныя перамены». Мужчына працуе ў незалежнай газэце «Ўзгорак» мэнэджарам рэклямы

16:27 9.8.2020

Каля адміністрацыі прэзыдэнта ў Менску, на вуліцы Карла Маркса, 38

16:20 9.8.2020

У дзень выбараў у Беларусі не адкрываюцца сайты БелаПАН, «Нашай нівы», Kyky.org, Navin.by і іншых СМІ

У ліку сайтаў беларускіх выданьняў і замежных выданьняў, што працуюць на беларускую аўдыторыю, пра праблемы з доступам да якіх паведамлялі 9 жніўня:

  • belapan.by
  • belaruspartisan.by
  • euroradio.fm
  • gomel.today
  • kyky.org
  • naviny.by
  • nn.by
  • svaboda.org

Беларусы скардзяцца таксама на праблемы з доступам да Telegram, Viber, Youtube і VPN-сэрвісаў.

15:59 9.8.2020

У Воршы невядомыя вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг на вышцы, што на вуліцы Матросава, у раёне мясцовага раёну Чаромушкі. Паводле інтэрнэт-парталу Orsha.eu, здымалі яго пры дапамозе будаўнічай тэхнікі.

15:57 9.8.2020

«Гэта нагадвае ваеннае становішча». Сяргей Чэрачань прагаласаваў апошнім

Апошнім з кандыдатаў у прэзыдэнты прагаласаваў прадпрымальнік, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сяргей Чэрачань.

А 15-й гадзіне ён прыйшоў на ўчастак №32 на вуліцы Някрасава з 5-гадовай дачкой і прэс- сакратаром Вікторыяй Стралкоўскай. Кандыдату ў прэзыдэнты давялося адстаяць даволі вялікую чаргу.

Ён пацьвердзіў, што абсалютна бяздоказна затрыманы і асуджаны на 10 сутак начальнік ягонага штабу, назіральнік Мікалай Лысянкоў.

Сяргей Чэрачань параўнаў сытуацыю ў Беларусі ў дзень выбараў з надзвычайным або нават «ваенным» становішчам: ваенізаваныя пасты на ўезьдзе ў горад, узброеныя салдаты, паўсюль сілавікі. Пра якое «сьвята» гаворка? — задаўся ён рытарычным пытаньнем.

«Гэта кепска, але для цяперашняй Беларусі гэта норма. Таму людзі і галасуюць за тое, каб адбыліся станоўчыя перамены», — адзначыў Сяргей Чэрачань.

Паводле яго, неабходна перазапусьціць усю структуру беларускай улады. Чыноўнікі павінны разумець: ці яны працуюць, ці проста займаюць нечае месца.

15:49 9.8.2020

Вайсковыя машыны зьявіліся на плошчы Мясьнікова ў Менску днём 9 жніўня

15:45 9.8.2020

Плятформа «Голас»: некаторых карыстальнікаў накіроўваюць на фальшывы сайт. Як ня трапіць на махляроў?

Інтэрнэт-плятформа «Голас», якая заклікае выбарнікаў высылаць фота запоўненых бюлетэняў, паскардзілася ў Twitter: днём 9 жніўня сайт у Беларусі або не адкрываецца, або замест яго паказваецца фальшывы.

Сайт недасяжны ў шэрагу беларускіх правайдэраў, але бесьперашкодна працуе за мяжой. Пабачыць фальшывы сайт Свабодзе не ўдалося. Аўтары плятформы пераконваюць, што фальшывы сайт зрабілі не яны, а «ААЦ ці хтосьці яшчэ».

Фальшывы сайт, паводле «Голасу», просіць увесьці нумар тэлефону. Сапраўдны сайт такога не патрабуе — усе апэрацыі адбываюцца не празь яго, а праз чат-ботаў у мэсэнджэрах Telegram і Viber (беларусы наракаюць на кепскую працу гэтых і іншых мэсэнджэраў у дзень выбараў).

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG