Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў Беларусі

абноўлена

Апошнія навіны, камэнтары, стрымы Свабоды з выбарчых участкаў і вуліц у асноўны дзень галасаваньня на шостых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

  • Паводле зьвестак ЦВК, на выбарах прэзыдэнта Беларусі дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка набраў 80,23% галасоў, Сьвятлана Ціханоўская — 9,9%, Ганна Канапацкая — 1,68%, Андрэй Дзьмітрыеў — 1,04%, Сяргей Чэрачань — 1,13%.
  • Штаб Ціханоўскай не прызнаў перамогі Лукашэнкі, заклікаў да пераліку галасоў.
  • Увечары 9 жніўня ў Менску, усіх абласных цэнтрах і іншых гарадах Беларусі прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту. Каля 3000 чалавек затрымалі, зь іх каля тысячы ў Менску.
  • Выбарчая кампанія ператварылася ў хроніку рэпрэсіяў. Праваабаронцы налічылі больш за 1360 адвольных затрыманьняў з 6 траўня па 5 жніўня.
  • Арыштаваныя ў межах Крымінальнага кодэксу патэнцыйны кандыдат Віктар Бабарыка, два кіраўнікі ініцыятыўных групаў — Эдуард Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі. На 8 жніўня праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі 26 чалавек.
15:20 9.8.2020

Вераніка Цапкала прагаласавала ў Маскве

Жонка экс-прэтэндэнта ў прэзыдэнты Валера Цапкалы, паплечніца кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай Вераніка Цапкала зьехала зь Беларусі — яна сьцьвярджае, што была пагроза затрыманьня. 9 жніўня Вераніка Цапкала была ўжо ў Маскве, прагаласавала ў амбасадзе Беларусі.

15:17 9.8.2020

Як галасуюць у школе ў менскай Дамброўцы

15:09 9.8.2020

Менск пераадолеў 50%, па Гомельскай вобласьці 75%. ЦВК назваў лічбы яўкі

Паводле апрацаваных бюлетэняў, на 14.00 карціна з улікам датэрміновага галасаваньня па абласьцях і агулам па краіне выглядае наступным чынам.

  • Берасьцейская — 63,05%
  • Віцебская — 67,35%
  • Гомельская — 75,83%
  • Горадзенская — 65,75%
  • Магілёўская — 72,57%
  • Менская — 64,21%
  • Менск — 52,03%

Агулам па краіне прагаласавалі 65,19% выбарнікаў.

14:56 9.8.2020

Сьвятлана Ціханоўская прагаласавала ў Менску. Пад участкам натоўп сустракаў яе аплядысмэнтамі

Кандыдатку ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлану Ціханоўскую сустрэлі на выбарчым участку аплядысмэнтамі. Пасьля 14-й гадзіны на ўчастак для галасаваньня №21 у менскім мікрараёне Ўсход.

Блізу 200 чалавек сустрэлі Сьвятлану Ціханоўскую аплядысмэнтамі, а таксама воклічамі «Сьвета!» і «Малайчына!». На ганку школы заўважаныя дыпляматы — верагодна, тыя, хто быў акрэдатаваны МЗС Беларусі ў якасьці назіральнікаў.

На пытаньне журналістаў, ці чакае яна «гвалтоўнага разгону і правакацыяў», яна перапытала: «Разгону каго?» Паводле Ціханоўскай, калі правакацыі і будуць, то толькі з боку праваахоўнікаў, але яна ня хоча такога разьвіцьця падзеяў, а хоча толькі справядлівых выбараў. Яна дадала, што заклікала чальцоў выбарчых камісіяў лічыць галасы справядліва.

Нацыянальныя назіральнікі ў размове са Свабодай панаракалі на шэраг парушэньняў — несупадзеньне колькасьці людзей у пратаколах і палічаных «па галовах», адсутнасьць шторак на кабінках ды іншыя тыповыя прыклады.

Раней выбарчы штаб прапанаваў фатаграфаваць бюлетэні, каб пасьля адправіць на плятформу «Голас», складваць «гармонікам» і толькі пасьля апускаць у выбарчую скрыню.

«Калі ўладзе няма чаго баяцца, калі б яны не перажывалі, калі ўвесь народ за Аляксандра Рыгоравіча, мы з гэтым пагадзіліся б, калі б выбары былі справядлівыя», — казала Ціханоўская на выхадзе з участку пад аплядысмэнты. Выходзіць з участку ёй было праблематычна праз шчыльны натоўп.

14:26 9.8.2020

Лукашэнка заявіў, што на мяжы спынілі 170 іншаземцаў

Аляксандар Лукашэнка пасьля галасаваньня на сваім выбарным участку расказаў журналістам, што за апошнія суткі 170 чалавек спынілі на мяжы, у тым ліку з расейскага боку.

«Больш за ўсё з — тэрыторыі Польшчы, — удакладніў Аляксандар Лукашэнка. — З фальшывымі пашпартамі, зь невядома якімі мэтамі да нас ехалі. Яны, мабыць, толькі радыя засталіся: грошы атрымалі, а адпрацоўваць ня трэба, вярнуліся дадому».

Таксама, паводле Лукашэнкі, беларускія памежнікі спынілі грамадзянаў Расеі і Ўкраіны.

14:18 9.8.2020

У Менску брутальна затрымалі журналістаў расейскага «Дождя»

Відэа брутальнага затрыманьня ў Менску карэспандэнтаў «Дождя» Ўладзіміра Роменскага, Васіля Палонскага і апэратара Мікалая Антыпава апублікаваў тэлеграм-канал Nexta.

14:15 9.8.2020

Вераніка Цапкала зьехала зь Беларусі

Былы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта, экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў Валер Цапкала паведаміў «Інтэрфаксу» 9 жніўня, што яго жонка Вераніка Цапкала пакінула Беларусь.

Паводле Валера Цапкалы, яго жонка зьехала, бо баялася крымінальнага перасьледу. Сам ён зьехаў разам зь дзецьмі 24 ліпеня — спачатку паехаў у Маскву, затым у Кіеў і Варшаву, ладзіць «тур» з сустрэчамі зь беларускай дыяспарай.

Вераніка Цапкала заставалася ў Беларусі, падтрымлівала кандыдатку ў прэзыдэнты Сьвятлану Ціханоўскую, выступала на ейных мітынгах.

13:38 9.8.2020

3612 дзён арышту, 288,6 тысячы рублёў штрафаў

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна» (сайт часам недасяжны ў Беларусі), на раніцу 9 жніўня з пачатку выбарчай кампаніі 265 чалавек атрымалі агулам 3612 сутак арышту паводле адміністрацыйных артыкулаў, «выкарыстаных у мэтах палітычнага перасьледу». 388 чалавек атрымалі штрафы агульным памерам больш за 288 600 рублёў (каля 117,4 тысячы даляраў). Праваабаронцы «Вясны» заяўляюць, што ім вядома як мінімум пра 1578 выпадкаў адвольных затрыманьняў, якія адбыліся ў пэрыяд з 6 траўня па 8 жніўня.

13:34 9.8.2020

Ва Ўкраіне беларусы стаяць у чарзе, каб прагаласаваць на выбарах прэзыдэнта


Ва Ўкраіне працуе адзіны выбарчы ўчастак, на якім грамадзяне Беларусі могуць прагаласаваць на выбарах прэзыдэнта.

Выбарчы ўчастак знаходзіцца ў Амбасадзе Беларусі ў Кіеве. Такіх чэргаў, каб прагаласаваць, ва Ўкраіне, не было ні на адных ранейшых выбарах.

13:26 9.8.2020

Кілямэтровая чарга на выбарчы ўчастак у Новай Баравой

Карэспандэнт Свабоды назіраў у раёне Новая Баравая, што на поўначы ад Менску, даўжэзную чаргу на выбарчы ўчастак. Прысутныя кажуць, што чарга ўжо працяглы час даўжэйшая за 1 км, стаяць у ёй даводзіцца па дзьве гадзіны. Раней раён адзначыўся вялікай колькасьцю бел-чырвона-белых сьцягоў у вокнах, «ланцугамі салідарнасьці».

Цяпер карэспандэнт Свабоды на ўчастку для галасаваньня. Жывая трансьляцыя >>

13:25 9.8.2020

Беларусы скардзяцца на праблемы з доступам да Google, Telegram, Viber, Youtube...

Шэраг беларусаў наракае ў сацыяльных сетках на праблемы з доступам да асобных інтэрнэт-сэрвісаў. Паводле сайту Downdetector.com, у Беларусі наракаюць на адсутнасьць доступу да сэрвісаў Google (праблемаў у суседніх краінах амаль няма, але ёсьць у Нямеччыне), Telegram (праблемы таксама ў Расеі і Ўкраіне, але ня Польшчы і краінах Балтыі), Viber (таксама ва Ўкраіне і на поўдні Эўропы), Youtube (таксама ў Нямеччыне). Пры тым скаргаў на працу Facebook і Twitter практычна няма.

13:14 9.8.2020

«Улады перайшлі да тактыкі адкрытага змаганьня зь незалежнымі назіральнікамі», — кампанія «Права выбару»

Кампанія назіраньня «Права выбару» выступіла з заявай адносна арыштаў незалежных назіральнікаў. Паводле дадзеных на 9 жніўня, па ўсёй краіне затрымана больш за тры дзясяткі чалавек.

«Прэзыдэнцкая кампанія-2020 праходзіць у жорсткіх і напружаных умовах: сотні жыхароў Беларусі, якія праяўляюць грамадзка-палітычную актыўнасьць, трапілі пад прэсінг уладаў, па надуманых падставах іх затрымліваюць і арыштоўваюць», — гаворыцца ў заяве.

Замест адкрытага і галоснага, сумленнага і праўдзівага падліку галасоў за ўсіх кандыдатаў Цэнтравыбаркам прыняў працэдуру, якая дазваляе маніпуляваць волевыяўленьнем народу Беларусі, адзначаюць аўтары. Улады перайшлі да тактыкі адкрытага змаганьня з незалежнымі назіральнікамі, якія маюць адну мэту: фіксацыя яўкі і кантроль за працэдурай галасаваньня.

Вынікам гэтага сталі шматлікія затрыманьні, суды і арышты.
Кампанія «Права выбару» заяўляе пра беспрэцэдэнтны ціск і патрабуе ад уладаў:

  • забясьпечыць грамадзянам Беларусі магчымасьць назіраць за працэсам у асноўны дзень галасаваньня
  • адмовіцца ад практыкі адвольнага пакараньня незалежных назіральнікаў на падставе скаргаў прадстаўнікоў выбаркамаў ці іншых назіральнікаў
  • забясьпечыць празрысты і дэмакратычны падлік галасоў і зьняць абмежаваньні на доступ да яго.
13:10 9.8.2020

Ярмошына: выбары адбыліся, апоўдні 9 жніўня 54% ужо ўзялі ўдзел у галасаваньні

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына паведаміла днём 9 жніўня ў эфіры дзяржаўнага Агенцтва тэлевізійных навінаў, што апоўдні яўка на прэзыдэнцкіх выбарах (з улікам датэрміновага галасаваньня) склала 54%, што значыць, што выбары адбыліся.

Бар’ер у 50% яўкі пераадолелі ўсе рэгіёны акрамя Менску, сьцьвярджае Ярмошына. Звыш 60% яўкі было ў Гомельскай і Магілёўскай вобласьці — 66% і 63% адпаведна. У Менску — 43%. Ярмошына згадала, што ў Менску ўтвараюца чэргі на выбарчыя ўчасткі, а таксама скаргі ад незалежных назіральнікаў.

«Складваецца ўражаньне, што скаргі падаюць практычна адны і тыя ж людзі, некалькі дзясяткаў, — заявіла Ярмошына. — І, мяркуючы па ўсім, ім абяцаная аплата за падачу скаргаў, бо часьцяком пытаньне ўжо вырашанае ў тэрытарыяльнай камісіі, але ўсё адно ідзе скарга ў цэнтральную. Відавочна, зьдзельня аплата працы».

Ярмошына згадала, што зь Віцебскай вобласьці было 16 зваротаў грамадзянаў, а з Гомельскай — 10 («яны ўсе расьпісаныя, практычна ўсё неабгрунтавана»), у Менскай вобласьці — «асабліва шмат». Сярод скаргаў былі і нараканьні на адсутнасьць штораў на кабінках для галасаваньня — Ярмошына адзначыла, што гэта не забаронена законам і адпавядае міжнародным стандартам.

12:50 9.8.2020

Як галасуюць на выбарах. Жывы эфір Свабоды

12:37 9.8.2020

Сайт Радыё Свабода не загружаецца ў некаторых абанэнтаў ByFly

Шэраг абанэнтаў дзяржаўнай кампаніі «Белтэлекам» (як правайдэр працуе пад брэндам ByFly) паведамляе пра праблемы з доступам да сайту Svaboda.org. Праблемы з доступам тычацца ня ўсіх правайдэраў у Беларусі. З-за межаў краіны праблемаў з доступам да сайту няма.

Што рабіць, калі адключаць інтэрнэт >>

Радыё Свабода ў Telegram >>

12:25 9.8.2020

Марыя Калесьнікава расказала пра плян аб'яднанага штабу на дзень

Як толькі Марыя Калесьнікава, прадстаўніца Віктара Бабарыкі і сябра аб'яднанага штабу кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай падыйшла да ўчастка нумар №35 у менскай гімназіі №42, уключылі вельмі гучную народную музыку, перадае карэспандэнт Свабоды.

Калесьнікава сказала будзе суправаджаць Ціханоўскую падчас галасаваньня пазьней у Менску, пасьля будзе сачыць за галасаваньнем. А 22-й гадзіне ў штабе адбудзецца прэсавая канферэнцыя. На пытаньне, ці яна баіцца нечага, Калесьнікава адказала «Канечне, не».

Яна яшчэ раз апісала інцыдэнт са сваім учорашнім затрыманьнем. На просьбу пракамэнтаваць вынікі датэрміновага галасаваньня, адказала: «Гэта, напэўна, ня мае сэнсу камэнтаваць. Вельмі хутка ўсё памяняецца».

12:12 9.8.2020

На выбарчым участку затрымалі Зьмітра Хведарука

Сябра «Маладога фронту», колішні палітвязень Зьміцер Хведарук паведаміў на Facebook аб сваім затрыманьні на выбарчым участку. Ён сьцьвярджае, што «ўбачыў дзіру ў скрыні для галасаваньня, пачалі фоткаць і раптам на мяне міліцыю выклікалі».

12:06 9.8.2020

Затрыманых незалежных назіральнікаў перавезьлі з Акрэсьціна ў Жодзіна

Незалежных назіральнікаў, якіх затрымалі ўчора і ўтрымлівалі ў менскім ізалятары на 1-м завулку Акрэсьціна, перавезьлі ў Жодзіна. Пра гэта Свабодзе сябры і сваякі затрыманых назіральнікаў.

12:01 9.8.2020

Лукашэнка на ўчастку: Я гатовы да дыялёгу з апанэнтамі, але на правакацыі адказ будзе адпаведны

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што «гатовы да дыялёгу з апанэнтамі ўлады». Але не прамінуў тэму «правакацый».

«Калі вы проста выказваеце сваю пазыцыю ці пазыцыю кагосьці і там відаць, што гэта Пятроў, Сідараў, Іваноў, я гэта вітаю. Я гатовы з вамі асабіста весьці дыялёг. Калі вы тэндэнцыйна пачынаеце сябе паводзіць, я таксама гэта бачу, і стаўленьне адпаведнае.

А калі вы правакуеце, атрымаеце ў адказ тое ж самае. Вы што, хочаце спрабаваць скінуць уладу, зламаць нешта, укалоць, абразіць (як гэта вы рабілі спачатку больш, а цяпер менш) і чакаеце, што я ці хтосьці перад вамі стане на калені і будзе цалаваць пясок, па якім вы блукалі?

Ня будзе гэтага. Вядзіце сябе па законе, і ў нас прэтэнзій да вас ня будзе», — падкрэсьліў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама Лукашэнка заявіў, што «абстаноўка на выбарах ня выйдзе з-пад кантролю».

11:58 9.8.2020

З горадзенскага ізалятару часовага ўтрыманьня вывезьлі усіх вязьняў у слонімскі ізалятар. Пра гэта паведаміў на волю адзін са зьняволеных, які цяпер адбывае арышт.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG