Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў Беларусі

абноўлена

Апошнія навіны, камэнтары, стрымы Свабоды з выбарчых участкаў і вуліц у асноўны дзень галасаваньня на шостых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

  • Паводле зьвестак ЦВК, на выбарах прэзыдэнта Беларусі дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка набраў 80,23% галасоў, Сьвятлана Ціханоўская — 9,9%, Ганна Канапацкая — 1,68%, Андрэй Дзьмітрыеў — 1,04%, Сяргей Чэрачань — 1,13%.
  • Штаб Ціханоўскай не прызнаў перамогі Лукашэнкі, заклікаў да пераліку галасоў.
  • Увечары 9 жніўня ў Менску, усіх абласных цэнтрах і іншых гарадах Беларусі прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту. Каля 3000 чалавек затрымалі, зь іх каля тысячы ў Менску.
  • Выбарчая кампанія ператварылася ў хроніку рэпрэсіяў. Праваабаронцы налічылі больш за 1360 адвольных затрыманьняў з 6 траўня па 5 жніўня.
  • Арыштаваныя ў межах Крымінальнага кодэксу патэнцыйны кандыдат Віктар Бабарыка, два кіраўнікі ініцыятыўных групаў — Эдуард Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі. На 8 жніўня праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі 26 чалавек.
11:41 9.8.2020

«Я адзіная, хто здольны давесьці дзейнага кіраўніка краіны ў другі тур». Канапацкая прагаласавала на выбарах

Пасьля галасаваньня Ганна Канапацкая, адказваючы на пытаньні журналістаў, назвала сябе адзіным апазыцыйным праэўрапейскім палітыкам у сёлетняй кампаніі і лічыць, што яна «адзіная, хто здольны давесьці дзейнага кіраўніка ўлады ў другі тур». Кандыдатка заявіла, што ўлада сваімі дзеяньнямі і затрыманьнямі мірных грамадзян на вуліцах паказвае, што няма роўных умоваў агітацыйнай і выбарчай кампаніі.

«Відаць, што ўлада настроена, каб увесь свой рэпрэсіўны, адміністрацыйны апарат накіраваць на задушэньне пратэстаў. Я сама супраць таго, каб рэвалюцыйна мянялася сытуацыя ў краіне. Я за мірны дэмакратычны эвалюцыйны шлях зьмены ўлады. Але гэта не азначае, што ва ўлады ёсьць права прымяняць сілу супраць мірных грамадзян», — сказала Канапацкая.

11:36 9.8.2020

У Беларусі праблемы з доступам да мэсэнджараў, VPN, TOR, Telegram і Google

З раніцы 9 жніўня беларусы паведамляюць пра праблемы з доступам да некаторых інтэрнэт-сэрвісаў. Што вядома.

Чытачы Tut.by паведамляюць пра марудны доступ да Telegram бяз проксі-сэрвэра. Павольна грузіцца Youtube, і Google-сэрвісы. Паведамляюць таксама пра праблемы з шыфрованым трафікам на сайты, якія знаходзяцца за межамі Беларусі.

Па паведамленьнях карыстальнікаў ні праз А1, ні праз МТС, ні праз ByFly не працуе сайт незалежнага назіраньня zubr.in (сайт пераехаў на люстэрка zubr.app, але і там дасяжны ня ўсім).

У Telegram-чаце менчукоў паведамляюць пра праблемы з VPN-сэрвісамі, у прыватнасьці з TunnelBear (нагадаем, што напярэдадні гэты сэрвіс падарыў беларусам 10 Гб бясплатных дадзеных). А таксама з сэрвісам 1.1.1.1.

З Tor і VPN, у браўзэры Opera пакуль праблем няма, працуюць некаторыя ананімайзэры.

Праблемы з доступам да інтэрнэт-сэрвісаў назіраюцца ў Менску, Менскай вобласьці, Віцебску, Бабруйску і іншых гарадах.

У «Белтэлекаме» распавялі, што «назіраюцца праблемы і спэцыялісты працуюць над гэтым».

11:35 9.8.2020

У дзень выбараў у Беларусі працягнуліся затрыманьні, сьпіс. АБНАЎЛЯЕЦЦА

11:06 9.8.2020

Канапацкая прыйшла на ўчастак з сынам. У сьпісах знайшла і дачку, якая за мяжой і галасуе там

Кандыдатка ў прэзыдэнты Ганна Канапацкая прыйшла на выбарчы ўчастак № 43 у менскай гімназіі № 36 галасаваць разам з сынам. У сьпісах убачыла сваю дачку, але яна ня мусіла ў іх быць, бо ў я адмацаванне. Яна цяпер за мяжой.

11:06 9.8.2020

З раніцы 9 жніўня праблемы з доступам да сайту Эўрарадыё

Праблемы з доступам да сайту Эўрарадыё 9 жніўня пачаліся з 8 раніцы. Пра гэта Свабодзе паведаміў галоўны рэдактар Павал Сьвярдлоў.

10:57 9.8.2020

Яўка на 10-ю гадзіну раніцы – 45,33%

На 10-ю гадзіну раніцы 9 жніўня яўка на галасаваньні на прэзыдэнцкіх выбарах па ўсёй Беларусі склала 45,33 працэнта, заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

10:43 9.8.2020

«Яшчэ ніколі ня бачыла такой хлусьні». Маці актывіста «Страны для жизни» пракамэнтавала сюжэт АНТ

У сюжэце на канале АНТ паказалі рэпартаж, у якім актывістаў «Страны для жизни» абвінавацілі ў падрыхтоўцы забурэньняў. Аднаго зь іх назвалі Русланам Парфёнавым. Але сябры і маці кажуць, што гэта ня ён.

10:20 9.8.2020

Праваабаронцы: затрымалі дзясяткі назіральнікаў

Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьне дзясяткаў праваабаронцаў у апошні дзень датэрміновага галасаваньня, 8 жніўня.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна» 8 жніўня ў Беларусі затрымалі як мінімум 34 назіральнікі. Больш за 20 чалавек — у Менску.

Станам на раніцу 9 жніўня затрымалі ня менш за 28 назіральнікаў кампаніі «Права выбару-2020», якая аб'ядноўвае апазыцыйныя партыі і рухі. Месцазнаходжанне 8 чалавек высьвятляецца, яны зь вечара не выходзяць на сувязь.

Агулам за час назірання затрымалі прынамсі 37 назіральнікаў «Права выбару-2020».

«Незалежных назіральнікаў ня толькі не пускаюць на выбарчыя ўчасткі, але і масава затрымліваюць без якіхсьці законных падставаў. Такіх беспрэцэдэнтных рэпрэсіяў супраць незалежных назіральнікаў не было за ўвесь час правядзеньня выбараў у нашай краіне. У 2020 годзе ў Беларусі ўлады ліквідавалі незалежнае назіраньне», — пракамэнтаваў нацыянальны каардынатар кампаніі Віталь Рымашэўскі.

10:12 9.8.2020

Незалежных назіральнікаў не пускаюць на ўчасткі, вокны закрылі ватманамі. Яны назіраюць з вуліцы

На ўчастку 43 у менскай гімназіі № 36, дзе сёньня будзе галасаваць кандыдатка ў прэзыдэнты Ганна Канапацкая, назіральнікі ад ініцыятывы «Честные люди» кажуць, што яўку на датэрміновым галасаваньні завышалі ў два разы.

У будынак гімназіі іх не пусьцілі і 9 жніўня, яны назіраюць з вуліцы; камісія закрыла вокны ватманамі, таму, што адбываецца ў будынку, назіральнікам не відаць. Яны напісалі чарговую скаргу, якую сёньня накіруюць у ЦВК.

Падчас датэрміновага пусьцілі на ўчастак толькі сфатаграфаваць пратакол. Сёньня людзі ідуць вельмі актыўна, адзначаюць назіральнікі.

10:00 9.8.2020

Андрэй Дзьмітрыеў прыехаў на выбарчы ўчастак на ровары, на руцэ ў яго белая стужка

Кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Андрэй Дзьмітрыеў прагаласаваў 9 жніўня ў вёсцы Воўчкавічы Дзяржынскага раёну — на сваім выбарчым участку. Сюды ён прыехаў на ровары разам са сваім сынам. Дзьмітрыеў сказаў, што аддаў голас за новага прэзыдэнта. На руцэ ў яго белая стужка.

«Тое, што цяпер адбываецца — гэта ня выбары, а супрацьстаяньне», — сказаў Дзьмітрыеў.

Цягам дня Андрэй Дзьмітрыеў будзе наведваць выбарчыя ўчасткі і падтрымліваць незалежных назіральнікаў. Увечары ён прыйдзе на адзін з участкаў і будзе назіраць за падлікам галасоў. Дзьмітрыеў перакананы, што ніводзін з кандыдатаў ня мае абсалютнай падтрымкі, а таму ў Беларусі мусіць быць праведзены другі тур выбараў.

09:52 9.8.2020

Ярмошына зноў папярэдзіла, што на ўчастках могуць увесьці прапускны рэжым

«Бо ў вечаровыя гадзіны прынамсі апанэнты ўлады абяцаюць навалу людзей. Гэта значыць, што ва ўчастковых выбарчых камісіях будзе ўсталяваны прапускны рэжым, будзе запускацца толькі тая колькасьць выбарнікаў, колькі чальцоў камісіі выдаюць выбарчыя бюлетэні. А іх увечары будзе менш, у сілу таго, што частка паедзе зь пераноснымі скрынямі забясьпечваць галасаваньне дома», — сказала Ярмошына.

09:30 9.8.2020

Праваслаўныя сьвятары запусьцілі флэшмоб супраць фальсыфікацый на выбарах

Шэраг праваслаўных сьвятароў і дыяканаў далучыліся да флэшмобу супраць фальсыфікацыяў на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

08:58 9.8.2020

Пост на ўезьдзе ў Менск у бок праспэкту Дзяржынскага. Стаяць два вайсковыя аўтамабілі, вайскоўцы, ДАІ.

08:39 9.8.2020

Па ўсім цэнтры Менску паркоўка і стаянка забароненыя

Па ўсім цэнтры Менску ДАІ выстаўляе знакі «паркоўка і стаянка забаронены», вызваляюць паркоўкі і вуліцы ад аўтамабіляў.

Да Палаца спорту зьвезьлі турнікеты. На Кастрычніцкай плошчы перад Палацам Рэспублікі і Домам прафсаюзаў стаяць турнікеты.

08:36 9.8.2020

Рэкордныя 41,7%. ЦВК назваў яўку на датэрміновым галасаваньні.

У Гомельскай вобласьці выбары ўвогуле адбыліся датэрмінова.

Цэнтральная выбарчая камісія 9 жніўня апублікавала яўку на датэрміновым галасаваньні па стане на 19:00 8 жніўня. 41,7% ад усіх выбарнікаў прагаласавалі да асноўнага дня галасаваньня цягам 4–8 жніўня.​

Гэта нашмат больш, чым падчас ранейшых выбараў. Так, падчас кампаніі 2015 году за датэрмінова прагаласавалі 36,05% выбарнікаў, у 2010-м – 23,1%.

У абсалютных лідэрах Гомельская вобласьць — 54.44% тых, хто пасьпяшаўся на ўчасткі да асноўнага дня галасаваньня 9 жніўня.

Паводле камісіі, яўка ў абласьцях за чатыры дні наступная:

  • Берасьцейская — 38,40%;
  • Віцебская — 39,34%;
  • Гомельская — 54,44%;
  • Горадзенская — 38,60%;
  • Магілёўская — 49,92%;
  • Менская — 39,66%;
  • горад Менск — 33,40%.
08:29 9.8.2020

Напярэдадні выбараў украінцы пачалі паведамляць, што іх не пускаюць у Беларусь

8 жніўня, напярэдадні выбараў прэзыдэнта Беларусі, чытачы ўкраінскага выданьня «Страна» паведамілі, што іх не пускаюць у Беларусь, спыняючы на беларускай мяжы. Не пусьцілі ў Беларусь і журналіста «Страны» Ўлада Баўтрука, які ехаў у Менск. На ўкраінскай мяжы журналісту «Страны» сказалі, што такія выпадкі не адзінкавыя. «Хлопцаў часта не пускаюць. Відаць, баяцца рэвалюцыі», — паведаміў украінскі памежнік.

08:09 9.8.2020

Міліцыю перавялі на ўзмоцнены варыянт службы, уначы ў Менску бачылі вайсковую тэхніку

Карыстальнікі Tut.by ўначы паведамілі, што заўважылі ў цэнтры Менску вайсковую тэхніку.

Каля Палаца Рэспублікі і Палаца прафсаюзаў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску выставілі агароджы, пішуць чытачы выданьня. C чым зьвязаныя такія меры бясьпекі, высьветліць у праваахоўнікаў не ўдалося.

Стала вядома, што супрацоўнікі МУС пераведзеныя на ўзмоцнены варыянт службы, паведаміў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» прадстаўнік МУС Дзьмітрый Кур’ян. Усе выбарчыя ўчасткі ўзятыя пад кругласутачную ахову.

08:08 9.8.2020

Беларускія футбольныя заўзятары, студэнты і выпускнікі журфаку БДУ запісалі звароты перад выбарамі

08:01 9.8.2020

У Менску перакрылі пад’езды да плошчы Незалежнасьці. ФАТАФАКТ

У Менску 9 жніўня перакрылі пад’езды да плошчы Незалежнасьці. Забаранілі ўезд на вуліцу Берсана, якая знаходзіцца за Домам ураду, на вуліцы Валадарскага нельга паркавацца.

07:44 9.8.2020

На ўезьдзе ў Менск з боку Маладэчна стаіць машына ДАІ, 2 вайсковыя машыны, людзі ў бронекамізэльках, балаклавах і шаломах. Хуткасьць абмежаваная 20 км/г. Для праезду адкрыта 1 паласа, паведамілі раніцай 9 жніўня відавочцы.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG