Сярод затрыманых 7 жніўня раварыстаў — гітарыст групы SnopSnoŭ Раман Жарабцоў, які цяпер у ізалятары на Акрэсьціна. Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзіў бацька музыкі Андрэй Жарабцоў.
«Цяпер ён знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсьціна, гэта там пацьвердзілі. Меркавана, у панядзелак будзе суд, але за што, мы ня ведаем, сувязі зь ім няма», — сказаў Андрэй Жарабцоў.
Паводле музычнага крытыка Сяргея Будкіна, гітарыста Рамана Жарабцова затрымалі каля Акадэміі навук.
«Сярод брутальна затрыманых учора ўвечары ў цэнтры гораду быў Раман Жарабцоў (Roman Zherebtsov), гітарыст гурту SnopSnoŭ — пераможцы Basowiszcza / Басовішча — Festiwal Muzyki Młodej Białorusi ў 2018 г.
Папярэдне вядома, што Рому забралі, хутчэй за ўсё, падчас хапуна ў раёне ст.м. „Акадэмія навук“ разам з роварам, даставілі ў Кастрычніцкі РУУС Мінска», — напісаў Сяргей Будкін на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Андрэй Жарабцоў пра месца затрыманьня сына Рамана ня ведае, як ня ведае і таго, ці браў ён удзел у роварным прабегу, які 7 жніўня праходзіў у Менску на знак салідарнасьці з палітвязьнямі.
«Ведаю, што недзе паміж 6 і 7 вечара паехаў на звычайную прагулку на ровары. А ці мог далучыцца да прабегу раварыстаў, мне невядома. Ён чалавек дастаткова апалітычны, займаецца толькі музыкай, мог проста выпадкова аказацца ў месцы нейкіх падзеяў», — сказаў Андрэй Жарабцоў.
Паводле бацькі музыкі, апошняе паведамленьне зь ягонага тэлефона было аб экстраннай дапамозе. Яно прыйшло са скрыжаваньня вуліц Захарава і Азгура. Потым геалякацыя ягонага тэлефона паказала Кастрычніцкі РУУС.
У прэсавай службе МУС не называюць дакладнай лічбы раварыстаў, затрыманых увечары 7 жніўня. Адной з прычын затрыманьняў кіраўніца прэсавай службы Вольга Чамаданава назвала «парушэньні правілаў дарожнага руху». Паводле «Вясны», праваахоўнікі затрымалі ў Менску ня менш як 6 раварыстаў, у сьпісе ёсьць і Раман Жарабцоў.