Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За парушэньне правілаў дарожнага руху». МУС адказала на пытаньні пра затрыманьні раварыстаў


Акцыя раварыстаў 7 жніўня 2020 году
Акцыя раварыстаў 7 жніўня 2020 году

Кіраўніца прэсавай служы МУС Вольга Чамаданава не назвала лічбы затрыманых учора ўвечары ў Менску раварыстаў.

«Учора складаліся пратаколы за розныя адміністрацыйныя парушэньні, вынік падводзіцца за дзень. Ад 7 гадзін вечара падлікаў ніхто весьці ня будзе», — сказала Вольга Чамаданава.

Паводле кіраўніцы прэсавай службы МУС, раварыстаў затрымлівалі ў тым ліку «за парушэньні правілаў дарожнага руху».

Вольга Чамаданава паведаміла, што ўвечары 7 жніўня ў ахове правапарадку ў Менску былі задзейнічаныя таксама вайскоўцы ўнутраных войскаў МУС, апранутыя ў форму пясочнага колеру.

«Гэта ўнутраныя войскі», — пацьвердзіла Вольга Чамаданава.

7 жніўня пасьля 19 гадзінаў некалькі дзясяткаў раварыстаў зладзілі праз цэнтар Менску роварны прабег салідарнасьці з арыштаванымі дыджэямі Кірылам Галанавым і Ўладзіславам Сакалоўскім. Гэта хлопцы, якія працавалі ў Палацы моладзі, а 7 жніўня ўключылі песьню «Перамен» Віктара Цоя на праўладным канцэрце ў Кіеўскім сквэры.

Акцыю салідарнасьці падтрымалі мінакі на вуліцах і аўтамабілісты, якія гучна сыгналілі раварыстам. Пасьля 21:00 праваахоўнікі пачалі затрымліваць раварыстаў зь белымі стужкамі і неўзабаве ў сетках зьявіліся відэа вельмі жорсткіх дзеяньняў з боку праваахоўнікаў і вайскоўцаў у сьветлай форме.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», затрымалі сама меней 6 чалавек. Вось іх сьпіс:

  • Уладзіслаў Лакутэш
  • Кацярына Ластоўская
  • Юлія Гагуліна (ёй зламалі руку пры затрыманьні, цяпер у лякарні № 6)
  • Раман Жарабцоў (быў дастаўлены ў Кастрычніцкі РУУС)
  • Канстанцін Бурдо (знаходзіцца да суду ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна)
  • Сяргей Герт

Паводле сьведак, каля Акадэміі навук таксама затрымалі яшчэ аднаго раварыста, у якога ў аўтазаку здарыўся прыступ эпілепсіі і да яго выклікалі хуткую дапамогу. Сьпіс затрыманых папаўняецца, паведамляе «Вясна».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG