Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі ад «Честных людей» пабачылі на датэрміновым галасаваньні ўдвая меншую яўку, чым выбаркамы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кампанія «Честные люди», аб стварэньні якой абвясьціў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі, а цяпер палітычны зьняволены Віктар Бабарыка, распаўсюдзіла прэс-рэліз аб выніках назіраньня ў першыя тры дні датэрміновага галасаваньня.

Як і днём раней, падлікі яўкі ад назіральнікаў ініцыятывы і выбарчых камісіяў разышліся. У чацьвер, 6 жніўня, на трэці дзень датэрміновага галасаваньня назіральнікі ініцыятывы былі на 721 участку па ўсёй Беларусі. На 174 зь іх падлікі назіральнікаў і камісіяў па яўцы супалі, на астатніх разышліся.

Сумарна на ўчастках, дзе былі «Честные люди», назіральнікі кампаніі налічылі яўку 45 613 выбарнікаў, а выбаркамы — 89 439. Найменшае разыходжаньне атрымалася па Менскай вобласьці: у выбаркамаў выйшла на 51,59% больш выбарнікаў, чым у назіральнікаў. Найвялікшае — у Гомельскай вобласьці, дзе ў выбаркамаў яўка атрымалася на 142,14% большая.

Назіральнікаў кампаніі працягваюць затрымліваць з розных прычын. За 5 дзён датэрміновага галасаваньня, паведамляе ініцыятыва, затрымалі каля 50 назіральнікаў «Честных людей», толькі за раніцу 8 жніўня — сем чалавек. 10 назіральнікаў атрымалі адміністрацыйны арышт. 110 назіральнікаў ініцыятывы былі пазбаўленыя акрэдытацыі.

«Кагосьці затрымалі каля дома, хтосьці нават не пасьпеў прыступіць да працы назіральніка. Адна з агучаных прычын: затрымалі паводле заявы старшыні УВК», — пішуць «Честные люди».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG