Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ганьба ўраду Беларусі і асабіста нашаму прэзыдэнту!». Супрацоўніца Dana Holdings пакрытыкавала парад, і яе звольнілі


Юлія Юхно
Юлія Юхно

Супрацоўніцу Dana Holdings Юлію Юхно звольнілі з працы, як яна лічыць, за пост у сацсетках. Цяпер дзякуючы ініцыятыве «Честные люди» Юлія перавучваецца на спэцыяліста ў ІТ-сфэры.

Паводле адукацыі Юлія Юхно — выкладчык музыкі, скончыла музычную вучэльню і Пэдагагічны ўнівэрсытэт, адпрацавала па разьмеркаваньні. Некалькі гадоў жыла ў Турэччыне і Італіі, але вярнулася ў Беларусь.

Працавала кансультантам па продажы нерухомасьці ў кампаніі Dana Holdings па дамове падраду. Спачатку 3 месяцы, потым дамову працягнулі яшчэ на 3 месяцы.

«У мае абавязкі ўваходзіла кансультаваць людзей, якія прыходзяць у гандлёвы цэнтар Dana Mall і падыходзяць да макету, расказваць, дзе гэты аб’ект, колькі каштуе квадратны мэтар, а калі ёсьць зацікаўленасьць — адводзіць да мэнэджэра па продажах», — кажа пра свае працоўныя абавязкі Юлія.

8 траўня апублікавала пост у Instagram, а 10 траўня яе звольнілі

Офіс, дзе працуе Юля, — у гандлёвым цэнтры Dana Mall на праспэкце Незалежнасьці. 8 траўня ўвечары па праспэкце ехалі на парад танкі ды іншая вайсковая тэхніка, і яна напісала пост.

«Мяне гэта абурыла да глыбіні душы. І я напісала, што калі ва ўсім сьвеце пандэмія, у Беларусі шмат людзей хварэе, марнаваць такія грошы на парад амаральна, лепш бы іх патрацілі на лячэньне хворых. І заканчваўся мой допіс так: «Ганьба ўраду Беларусі і асабіста нашаму прэзыдэнту!».

Пост Юля напісала 8 траўня, а ўжо 10 траўня, калі ў Юлі быў выходны, ёй патэлефанавалі з працы. Яна яшчэ спала і званка не пачула. Тады ёй даслалі СМС, што яна звольненая.

«У „Дане“ ёсьць людзі, якія адсочваюць сацсеткі ўсіх супрацоўнікаў»

Тэлефанавала адміністратарка.

«Паколькі я не падняла слухаўку, яна напісала паведамленьне, што са мной скасавалі дамову — у маіх паслугах кампанія ня мае патрэбы.

Атрымліваецца, што ў „Дане“ ёсьць людзі, якія адсочваюць сацсеткі ўсіх супрацоўнікаў», — робіць выснову Юлія.

Яна кажа, што за месца ў сэрбскай кампаніі асабліва не трымалася, але ўсё адно хацела б дапрацаваць да сканчэньня дамовы падраду. А звольнілі яе за 2 месяцы да таго.

«Калі ты працуеш на дамове падраду, запісу ў працоўнай кніжцы няма і цябе могуць звольніць у любы дзень. Але паводле заканадаўства ўсё адно чалавека павінны загадзя папярэдзіць — за 2 тыдні. Але мяне звольнілі дзень у дзень, і паведамілі СМСкай. Я запыталася — на якой падставе? Ніхто мне ўцямна нічога не патлумачыў.

Пару дзён я адыходзіла ад падзей. Але сваякі, сябры мяне „дасталі“ пытаньнямі — як так, чаму звольнілі? Я тады акрыяла і пайшла змагацца за свае правы. Пайшла да юрыста, пазьней — зноў да начальства. Дамовіліся, прыйшлі да пэўнага кансэнсусу. Разышліся мірна», — кажа дзяўчына.

«Честные люди» прапанавалі асвоіць новую спэцыяльнасьць — у ІТ

Юліі паступалі прапановы працаваць у сфэры продажаў, у будаўніцтве. Але яна вырашыла зьмяніць сфэру дзейнасьці. Зьвярнулася ў ініцыятыву «Честные люди», якую стварыў штаб Віктара Бабарыкі. Пакінула заяўку, ні на што асабліва не спадзеючыся. Не была ўпэўненая, што з гэтага нешта атрымаецца. Але адразу пайшлі прапановы — нават дапамагчы матэрыяльна.

«Я ня ўсімі скарысталася, бо было неяк няёмка. Бо я магу і сама грошы зарабляць.

Мне прапанавалі асвоіць новую спэцыяльнасьць — навучацца на курсах мэнэджмэнту ў ІТ-сфэры. Ад гэтай прапановы, натуральна, не адмовілася, бо гэта праца на пэрспэктыву. Курсы бясплатныя. Я ў гэтай сфэры ніколі не працавала, трэба „ўехаць“, пакуль усё для мяне ў навінку. Але стараюся», — прызнаецца дзяўчына.

Белыя бранзалеты, бел-чырвона-белы сьцяг і цішотка зь «Евай»

Юля цяпер займаецца распаўсюдам белых бранзалетаў. Хацела замовіць у Беларусі бранзалеты зь лягатыпам «жаночага трыё» Сьвятланы Ціханоўскай, Марыі Калесьнікавай і Веранікі Цапкалы — сэрцайкам, кулачком і сымбалем перамогі V. Але ў Менску ёй усе фірмы адмовіліся нанесьці гэты лягатып на белы бранзалет.

Тады яна зьвярнулася ў Маскву, замовіла там спачатку 100 бранзалетаў. Потым яшчэ паўтары тысячы.

«Я іх аддаю людзям за тую ж цану, што і набываю. Гэта мая асабістая ініцыятыва. Ніякай выгады з гэтага ня маю — гэта мая гуманітарная дапамога. Засталося зусім няшмат, попыт вялікі», — кажа Юлія Юхно.

Раней апалітычная Юлія цяпер ходзіць на мітынгі: была і 30 ліпеня на самым вялікім мітынгу Сьвятланы Ціханоўскай у парку Дружбы народаў, і 6 жніўня ў Кіеўскім сквэры — паўсюль зь бел-чырвона-белым сьцягам. Купіла цішотку з рэпрадукцыяй «Евы» Хаіма Суціна.

Вельмі абураная прысудам гукарэжысэрам — яны атрымалі па 10 сутак за тое, што паставілі песьню «Перамен».

«Мае замежныя сябры вельмі цікавяцца беларускім падзеямі і ня могуць зразумець, як такое магчыма — калі за пасты ў сацсетках звальняюць, за чэргі саджаюць на суткі. А тут за песьню хлопцаў пасадзілі! Замежнікам гэта незразумела», — кажа Юлія.

Дзяўчына кажа, што сяброўкі ў Італіі будуць незалежнымі назіральнікамі на выбарчым участку ў беларускай амбасадзе ў Італіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG