Начальніца аддзелу кіраваньня Генэральнай пракуратуры Марына Папова ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» 7 ліпеня прапанавала заблякаваць на тэрыторыі Беларусі сайт плятформы «Голас», на якой беларусаў заклікаюць прысылаць фота запоўненых бюлетэняў для галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах.
Паводле прадстаўніцы Генпракуратуры, дзейнасьць сайту можа «перасьледавацца паводле закону». Генпракуратура зьвярнулася з прапановай «пры наяўнасьці тэхнічнай магчымасьці разглядзець пытаньне аб абмежаваньні дзейнасьці плятформы».
Аляксандар Лукашэнка 6 жніўня заявіў, што неабходна даць ацэнку законнасьці ініцыятываў альтэрнатыўнага падліку галасоў на выбарах у Беларусі. У той жа дзень старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла ў відэазвароце, што дзейнасьць інтэрнэт-плятформы «Голас» скіраваная на «арганізацыю масавых беспарадкаў» і зьяўляецца «стварэньнем ценевага Цэнтарвыбаркаму, ня больш і ня менш».
У Генэральнай пракуратуры 7 жніўня заявілі, што онлайн-плятформы «Голас» і Zubr.in, якія заклікаюць фатаграфаваць выбарчыя бюлетэні на ўчастках для галасаваньня і адпраўляць здымкі, а таксама ўдзельнічаць у альтэрнатыўным падліку галасоў выбарнікаў, займаюцца правядзеньнем сацыялягічных апытаньняў і дасьледаваньняў без акрэдытацыі. Плятформам прыгразілі адказнасьцю паводле артыкулу 9.28 КаАП.
Ці спыніць «Голас» блякаваньне сайту?
Гэта невядома дакладна, але вельмі сумнеўна. Плятформа «Голас» пакуль не раскрывае тэхнічных падрабязнасьцяў працы, але абяцае апублікаваць зыходны код сыстэмы пасьля выбараў.
На сайце «Голасу» цяпер паказваецца лічыльнік тых, хто ўжо паабяцаў выслаць фота — на момант публікацыі гэта амаль 1 млн чалавек. Таксама даюцца інструкцыі, як карыстацца плятформай.
Ды фота бюлетэняў прапануюць высылаць не на сайт, а чат-ботам у мэсэнджарах Telegram і Viber, доступ да якіх у Беларусі не заблякаваны. У Расеі два гады спрабавалі заблякаваць Telegram, але мэсэнджарам працягвалі карыстацца як простыя грамадзяне, так і дзяржаўныя службоўцы — ад спробаў блякаваньня адмовіліся 18 ліпеня 2020 году.
Калі плятформа не прывязвае нейкім чынам апрацоўку атрыманых фота да доступу на свой дамэн, блякаваньне сайту не паўплывае на магчымасьць агучыць вынікі іхнага падліку. Калі ж нейкім чынам прывязвае, аўтары праекту могуць атрымаць доступ да свайго сайту адным зь дзясяткаў шырока вядомых спосабаў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.