Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International 7 жніўня накіравала ў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пэтыцыю з заклікам да ўладаў спыніць ужываньне сілы ў дачыненьні да мірных дэманстрантаў.
За 10 дзён пэтыцыю падпісалі больш за 11,5 тысячы прыхільнікаў і актывістаў руху са 120 краінаў. У ёй патрабуюць
- спыніць гвалтоўныя захады з боку міліцыі ў дачыненьні да мірных дэманстрантаў і журналістаў;
- забясьпечыць выкананьне правоў на свабоду мірных сходаў і выказваньня меркаваньняў у Беларусі;
- абавязаць усіх праваахоўнікаў насіць імянныя альбо нумарныя жэтоны, якія дазваляюць іх пэрсанальна ідэнтыфікаваць;
- прыцягваць да адказнасьці ўсіх праваахоўнікаў, чые дзеяньні прывялі да парушэньня правоў чалавека, а таксама кожнага афіцэра, які аддаў адпаведны загад альбо сьвядома дапусьціў падобныя дзеяньні.
«У апошнія дні прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка выказваў відавочныя пагрозы выкарыстоўваць паліцыю і нават узброеныя сілы для разгону магчымых пратэстаў. Улады Беларусі павінны ведаць, што мы і ўвесь сьвет уважліва сочым за тым, што адбываецца ў краіне. Мы ня будзем маўчаць і не застанемся ўбаку, калі ўлады пойдуць на гвалт супраць мірных дэманстрантаў. Рана ці позна вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасьці», — заявіла Мары Стразэрс.
У паведамленьні арганізацыі падкрэсьліваецца, што ўсе палітвязьні, а таксама палітычныя актывісты, журналісты і выпадковыя мінакі, затрыманыя ад пачатку выбарчай кампаніі, «павінны быць неадкладна вызваленыя» і мусяць атрымаць «поўную кампэнсацыю за парушэньні правоў чалавека, якія яны зазналі».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.