За два дні датэрміновага галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах назіральнікі кампаніі «Права выбару» зафіксавалі 505 парушэньняў.
4 жніўня амаль 600 назіральнікаў кампаніі прыступілі да назіраньня за ходам галасаваньня на 297 выбарчых участках. У памяшканьні дапусьцілі ўсяго 45 чалавек, пазьней засталіся 34 назіральнікі, спасылаецца БелаПАН на дадзеныя кампаніі.
Найбольш распаўсюджанымі парушэньнямі, як паведамляе «Права выбару», былі нядопуск акрэдытаваных назіральнікаў да назіраньня ўнутры памяшканьня, неадпаведнасьць афармленьня ўчастку, завышэньне яўкі і адмова ў даваньні інфармацыі з боку камісіі.
За першы дзень датэрміновага галасавання назіральнікі «Правы выбару – 2020» падрыхтавалі і падалі 318 скаргаў.
«Падчас гэтай кампаніі супраць незалежнага назіраньня ўлады распачалі беспрэцэдэнтныя захады. Ня больш за 15% назіральнікаў прыступілі да назіраньня ад агульнай заяўленай колькасьці, з кожным днём гэтая колькасьць скарачаецца», — пракамэнтаваў старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.
На яго думку, гэта паказьнік таго, у якой стагнацыі знаходзіцца ўлада. Яна баіцца людзей, якія хочуць бачыць, як лічаць бюлетэні і хто рэальна перамог.
У кампанію назіраньня «Права выбару – 2020» уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, Беларуская партыя «Зялёныя», рух «За свабоду», Аб’яднаная грамадзянская партыя, Партыя свабоды і прагрэсу, Партыя БНФ і незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.