Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла з заявай, у якой заклікае ўлады Беларусі адмовіцца ад ужываньня Ўзброеных сілаў у задушэньні мірных акцый пратэсту, якія могуць адбыцца ў сувязі з выбарамі прэзыдэнта.
Пра што гаворыцца ў заяве, сьцісла
- 24 ліпеня Аляксандар Лукашэнка публічна заявіў, што гатовы ўжыць войска для «навядзеньня парадку». Гэта сказана ў кантэксьце прызначаных на 9 жніўня выбараў, у якіх дзейны кіраўнік дзяржавы ў шосты раз прэтэндуе на перавыбраньне.
- Па краіне пракацілася хваля масавых пратэстаў супраць парушэньняў. Усе акцыі праходзілі мірна, за выключэннем тых выпадкаў, калі ўлады жорстка іх разганялі і справакавалі асобныя інцыдэнты гвалту.
- Міжнароднае заканадаўства ў галіне правоў чалавека гарантуе кожнаму права на свабоду мірных сходаў. Дзяржава абавязаная гарантаваць бясьпеку мірных пратэстоўцаў, незалежна ад іх палітычных поглядаў і прыналежнасці. Адно толькі чаканьне парушэньняў парадку ня можа быць падставай для абмежаваньня або разгону сходу.
- Выкарыстаньне вайскоўцаў для забеспячэнтня парадку дапушчальнае толькі ў выключных выпадках на падставе дакладных ацэнак іх карыснасьці ў канкрэтнай сытуацыі. Узброеныя сілы не прызначаны для выкананьня праваахоўных функцый.
- У Беларусі няма відавочнай неабходнасьці ў прыцягненьні Ўзброеных сілаў дзеля забеспячэньня парадку. Заява аб магчымасьці іх прымяненьня ў кантэксьце пратэстаў відавочна накіравана на застрашваньне тых, хто рэалізуе сваё права на свабоду мірных сходаў. Прысутнасць вайскоўцаў на вуліцах служыць перашкодай для рэалізацыі гэтага права, нават калі байцы і не ўзаемадзейнічаюць з пратэстоўцамі.
- Пагроза прымяніць войска супраць палітычных апанэнтаў — гэта безадказны крок, які можа прывесьці да трагедыі, канстатуюць праваабаронцы Amnesty International.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.