Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста адправілі адбываць «суткі» са станоўчым тэстам на COVID-19


Андрэй Шыпулін, 2018 год
Андрэй Шыпулін, 2018 год

Як стала вядома праваабарончаму цэнтру «Вясна», сябра БСДП «Народная Грамада» Андрэя Шыпуліна адправілі адбываць адміністрацыйны арышт, які яму прысудзілі два месяцы таму, са станоўчым тэстам на COVID-19.

За ўдзел у выбарчых пікетах для збору подпісаў на Камароўцы 7 чэрвеня суд Фрунзэнскага раёну Менску асудзіў Андрэя Шыпуліна паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП («арганізацыя і правядзеньне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства») на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Але адразу яго не пакаралі.

Як паведаміла «Вясьне» жонка Шыпуліна, адбываць адміністрацыйны арышт яго забралі толькі 1 жніўня, амаль праз два месяцы. Але справа ў тым, што, калі яго забіралі адбываць пакараньне ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна, ён быў хворы на COVID-19.

Аднак супрацоўнікі міліцыі нават і слухаць не хацелі ні яго, ні жонку. Жонка Шыпуліна паказвала ім дакумэнты аб тым, што ў Андрэя станоўчы тэст на COVID-19, але яго ўсё адно забралі адбываць «суткі».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG