Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі і Мазыры затрымалі каля 10 актывістаў «Краіны для жыцьця»


Палітвязень Сяргей Ціханоўскі, аўтар блогу «Краіна для жыцьця».
Палітвязень Сяргей Ціханоўскі, аўтар блогу «Краіна для жыцьця».

У Гомлі і Мазыры 6 жніўня затрымалі каля 10 актывістаў супольнасьці «Краіна для жыцьця».

У Гомлі на выхадзе з дома амапаўцы затрымалі Андрэя Хільчыка, які быў рэгіянальным каардынатарам збору подпісаў за вылучэньне Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзыдэнты. Увечары каля 19.20 яго прывезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Яго жонцы Тацяне ўдалося даведацца, што актывіста арыштавалі на 15 сутак — «за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі».

У Гомлі з ужываньнем сілы затрымалі актывіста Дзьмітрыя Івашкова. Пасьля гэтага яго адвезьлі ў бальніцу, каб зашыць раны на назе. Побач з Івашковым дзяжурыць міліцыя. На затрыманьне прыехала пяць міліцэйскіх аўтамабіляў.

Таксама БелаПАН стала вядома, што затрымалі Аляксандра Шабаліна. Усе гэтыя людзі праводзілі агітацыю за Сьвятлану Ціханоўскую.

Затрыманы таксама гамяльчанін Юрый Уласаў — давераная асоба Ціханоўскай. Да яго прыйшлі дадому і прад’явілі пастанову на вобшук у рамках крымінальнай справы: нібыта Уласаў 15 лістапада 2019 года абражаў супрацоўнікаў міліцыі.

Напярэдадні ў Гомлі быў затрыманы былы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Ўладзімер Няпомняшчых. Ён быў назіральнікам, яго затрымала міліцыя наўпрост каля выбарчага ўчастка. Пра яго лёс нічога не вядома — жонцы не даюць інфармацыі ні ў міліцыі, ні ў судзе, ні ў ІЧУ. У Гомелі таксама затрыманы Віталь Кулеш, які адседзеў «суткі» за акцыю салідарнасьці, што прайшла ў горадзе 14 ліпеня.

У Мазыры міліцыя затрымала Руслана Парфёнава. Ён праводзіў наўпроставыя трансьляцыі на youtube-канале «Мазыр для жыцьця» і зьбіраў подпісы за Ціханаўскую. У гэтым жа райцэнтры затрымалі Юрыя Панфіленку.

На гэты момант вядома, што міліцыя працягвае шукаць актывістаў «Краіны для жыцьця» у Гомлі і Мазыры. Некаторым зь іх удалося схавацца.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG