Былая першая лэдзі ЗША Мішэль Абама расказала, што пакутуе на лёгкую форму дэпрэсіі. Яна лічыць, што яе стан зьвязаны з пандэміяй каранавірусу, расізмам і крывадушнасьцю адміністрацыі цяперашняга прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Пра гэта Абама паведаміла ў сваім падкасьце на Spotify падчас размовы з амэрыканскай журналісткай Мішэль Норыс.
Абама расказала, што ў яе былі цяжкасьці з падтрыманьнем звыклай фізычнай актыўнасьці і сном. Выхадам з сытуацыі былая першая лэдзі назвала падтрыманьне стабільнага рэжыму дня. Акрамя таго, паводле Мішэль Абамы, каб пераадолець эмацыйныя спады, трэба ведаць сябе і разумець, якія рэчы прыносяць радасьць.
Мішэль Абама запусьціла свой падкаст на плятформе Spotify ў канцы ліпеня. Першым госьцем стаў яе муж, былы прэзыдэнт ЗША Барак Абама. Муж і жонка пагаварылі аб сваіх бягучых абавязках і ўзаемаадносіны з грамадзтвам.
У першым сэзоне былая першая лэдзі плянуе публікаваць размовы са сваякамі і блізкімі сябрамі.