5 жніўня міліцыя затрымала менчука, якога падазраюць у пашкоджаньні сцэны ў парку Дружбы народаў. У яго кватэры прайшоў ператрус. Як паведаміла парталу Tut.by жонка затрыманага, яго схапілі каля дома, калі ён вярнуўся з роварнай прагулкі. Падставай назвалі «непадпарадкаваньне міліцыі».
Праўда, на наступны дзень у пастанове на ператрус было адзначана, што мужчына датычны да пашкоджаньня сцэны ў парку Дружбы народаў. Там 4 жніўня гарэла бакавая частка «шатра» сцэны. Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 339 КК «Хуліганства».
Калегі затрыманага расказалі, што 4 жніўня мянчук паехаў на ровары, каб каля «Макдональдса» перадаць улёткі аб’яднанага штабу. Пазьней жонка даведалася, што яго разам зь сябрам затрымалі.
«Спачатку сказалі, што за нейкія ўлёткі. Эвакуавалі машыну — улёткі былі нібыта там. Цяпер спрабуюць прышыць пашкоджаньне сцэны, хоць першапачаткова казалі пра артыкул 23.4 („Непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ім службовых паўнамоцтваў“). Вечарам прыехалі і заявілі, што будзе ператрус», — расказала жанчына, дадаўшы, што ў час, пазначаны ў пастанове, муж быў дома.
Падчас ператрусу ў кватэры канфіскавалі абязтлушчвальнік, растваральнік і ноўтбук. Паводле яе, 5 жніўня мужа перавялі з Савецкага РУУС у ізалятар на Акрэсьціна. Таксама ёй паведамілі, што ў пятніцу будзе суд.
Пры гэтым у Сьледчым камітэце парталу сказалі, што ў справе, заведзенай за пашкоджаньне сцэны ў парку Дружбы народаў, ніхто не затрымліваўся.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.