Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская адрэагавала на «захоп» пляцоўкі на Бангалоры: «Гэта так нізка і дробязна»


Сьвятлана Ціханоўская выказалася пра спробу сарваць мітынг, які заплянаваны 6 жніўня ў парку Дружбы народаў, што ля плошчы Бангалор у Менску. Менская ўлада вырашыла праводзіць там свае канцэрты да канца выбарчай кампаніі.

Нягледзячы на анонс новага вялікага мітынгу-канцэрту ў парку Дружбы народаў каля плошчы Бангалор у Менску 6 жніўня Сьвятлана Ціханоўская пакуль ня можа запрасіць туды грамадзян, паведамляе БелаПАН.

«Зьяўляюцца абставіны, якія могуць зьмяніць гэты момант. Таму я ня буду анансаваць, сачыце, калі ласка, за намі ў сацыяльных сетках. Усё можа зьмяніцца нават у апошні момант», – заявіла кандыдатка ў прэзыдэнты 3 жніўня ў эфіры youtube-каналу ZUBR Media.

З 3 па 8 жніўня, з 17:00 да 21.30, у парку, дзе дазволена перадвыбарчая агітацыя, адміністрацыя Савецкага раёну Менску праводзіць канцэрты і сьвяточныя імпрэзы. На 6 жніўня заплянавалі «сьвяточнае мерапрыемства, прысьвечанае Дню чыгуначных войскаў».

30 ліпеня на мітынгу ў падтрымку кандыдаткі, які прайшоў у парку Дружбы народаў, прысутнічала амаль 63 тыс. чалавек па падліках праваабаронцаў і крыху больш за 18 тыс. па падліках МУС.

У эфіры ZUBR Media Святлана Ціханоўская адзначыла з нагоды перашкод з боку ўладаў у вядзеньні яе агітацыйнай кампаніі:

«Гэта так нізка і дробязна з боку ўладаў — такімі шляхамі перашкаджаць нашай кампаніі. Магчыма, страх — гэта вельмі моцнае слова. А можа, і страх. У нас перашкода за перашкодай, і мы ня можам цяпер анансаваць нават найбліжэйшы тур, таму што мы сёньня вырашылі адзін горад наведаць, і нам прыходзіць паведамленьне, што там замест нашага пікету ўжо нешта арганізоўваецца. Вы разумееце, што гэта палкі ў колы, гэта перашкоды нашай перадвыбарчай кампаніі».

«Так дробязна, але мы з усім справімся. Нават калі нам не дадуць пляцоўкі, мы паедзем у іншы горад», – заявіла Ціханоўская.

Кандыдатка ў прэзыдэнты падзялілася ўражаньнямі ад агітацыйных паездак:

«З аднаго боку, гэта было вельмі цяжка, асабліва для неспрактыкаванага чалавека, які ніколі раней не выступаў публічна. Складаныя пераезды – я ў асноўным дамасед. Але так мяне зарадзіць, настолькі магутны атрымаць водгук, водгук ад людзей... Калі я стаю на сцэне, калі выступаюць іншыя сьпікеры, мае баявыя сяброўкі, я хачу паглядзець у вочы кожнаму чалавеку, кожнага вылучыць. Я ніколі не карыстаюся сонечнымі акулярамі, якое б сонца ні сьвяціла. Таму што я разумею, што людзі прыйшлі да мяне... Дзякуй вам, што вы са мной, я адчуваю сябе абароненай, што я не адна ў гэты складаны пэрыяд майго жыцьця».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG