Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам паведаміў, што мітынг Ціханоўскай на Бангалоры правесьці немагчыма


Мітынг у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай у менскім парку Дружбы народаў, 30 ліпеня
Мітынг у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай у менскім парку Дружбы народаў, 30 ліпеня

Увечары 5 жніўня Telegram-канал «Harbacevič» апублікаваў фота ліста, у якім Менгарвыканкам заявіў, што мітынг Сьвятланы Ціханоўскай 6 жніўня ў парку Дружбы народаў правесьці няма магчымасьці. Штаб Ціханоўскай заяўляе, што такога ліста не атрымліваў.

6 жніўня ў парку, згодна з плянам гарадзкіх культурных мерапрыемстваў, пройдзе святкаваньне Дня чыгуначных войскаў.

«У сувязі з гэтым правядзеньне вамі альбо вашымі даверанымі асобамі, іншымі грамадзянамі якіх-небудзь масавых мерапрыемстваў 06.08.2020 у Парку Дружбы народаў у Менску немагчыма», — сьцьвярджаецца ў дакумэнце.

Раней Ціханоўская заяўляла пра намер правесьці канцэрт-мітынг у парку Дружбы народаў.

6 жніўня не зьвязанымі з выбарамі мерапрыемствамі будуць занятыя і астатнія пляцоўкі, вылучаныя для агітацыі.

З 3 да 8 жніўня кожны вечар у парку, дзе дазволена перадвыбарчая агітацыя, адміністрацыя Савецкага раёну Менску праводзіць канцэрты і імпрэзы.

30 ліпеня на мітынгу ў падтрымку кандыдаткі, які прайшоў у парку Дружбы народаў, прысутнічала амаль 63 тысяч чалавек паводле падлікаў праваабаронцаў і крыху больш за 18 тысяч паводле падлікаў МУС.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG