Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Честные люди» адрэагавалі на адмову ЦВК ад камэраў на ўчастках і прапанавалі новыя ініцыятывы


Парлямэнцкія выбары 2019 году, ілюстрацыйнае фота
Парлямэнцкія выбары 2019 году, ілюстрацыйнае фота

Ініцыятыва «Честные люди», аб стварэньні якой абвяшчаў экс-прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта, а цяпер палітычны зьняволены Віктар Бабарыка, прапаноўвала Цэнтральнай выбарчай камісіі ўсталяваць на ўчастках для галасаваньня камэры відэаназіраньня за кошт ахвочых грамадзянаў. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адмовіла.

На адмову ЦВК «Честные люди» 3 жніўня адрэагавалі заявай, апублікаванай у Telegram-канале ініцыятывы. Яны згадваюць, што атрымалі адказ, матываваны «неадпаведнасьцю прапанаванага праекту патрабаваньням выбарчага заканадаўства» і «незразумеласьцю парадку практычнай рэалізацыі».

Ініцыятыва заяўляе, што прапрацоўвала і тэхнічныя, і прававыя пытаньні закупкі, мела водгукі некалькі кампаніяў, гатовых працаваць над рэалізацыяй ідэяў.

«Мы чакалі калі не судзеяньня ад тых, хто павінен прапаноўваць і рэалізоўваць усё гэта ва ўмовах пандэміі, то хаця б дазволу нам самім забясьпечыць празрыстасьць выбараў, — пішуць у заяве. — Але ЦВК не прапанавала ніякіх працоўных рашэньняў».

У сувязі з гэтым кампанія заяўляе, што будзе настойваць, каб галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах прайшло згодна з выбарчым заканадаўствам «у стандартным рэжыме»: зь незалежнымі назіральнікамі і з належным чынам абсталяванымі кабінкамі для галасаваньня, якія забясьпечаць тайну волевыяўленьня.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG