Падчас сёлетніх выбараў назіральнікі заўважылі некаторыя зьмены на выбарчых участках: кабіны для галасаваньня не паўсюль будуць закрывацца шторкамі. Tut.by даведаўся, для чаго гэта зроблена.
У рэдакцыю Tut.by паступіла некалькі паведамленьняў, што на кабінах для галасаваньня на некаторых выбарчых участках ня будзе шторак, якія хаваюць выбарніка ў момант галасаваньня. Назіральнік з Жодзіна расказаў: ім паведамілі, што шторкі будуць, але іх падвяжуць, каб кабінка візуальна была адкрытая, і назіральнікі павінны сачыць за тым, каб шторку ніхто не апускаў. Тлумачылі гэта тым, што нельга рабіць фота і здымаць відэа бюлетэняў. Сачыць за гэтым будуць сябры камісіі.
Работнік адной са школ Заводзкага раёну Менску таксама расказаў, што на іх выбарчым участку шторы ўжо замацавалі так, каб выбарнікі не маглі іх закрываць. Сказалі, што гэта з прычыны каранавірусу. «Але ў кожнай кабінцы ляжыць асадка. Атрымліваецца, адзін пасьля аднаго можа чапаць асадкі, а шторкі — нельга?» — задаецца пытаньнем чытач.
Выбарчыя камісіі: шторкі прыбіраюць «дзеля эпідэміялягічнай бясьпекі»
У Заводзкай раённай камісіі па выбарах у Менску Tut.by растлумачылі, што рашэньне прымацаваць ці прыбраць шторкі разам з захаваньнем іншых мераў бясьпекі зьнізіць рызыку магчымага заражэньня каранавірусам. У камісіі дадалі, што няма дакумэнту, які абавязвае арганізаваць наяўнасьць на кабінах шторак, галоўнае — забясьпечыць таямніцу галасаваньня, чаму яе адсутнасьць не перашкаджае.
На пытаньне пра фатаздымку сказалі, што ці можна назіральнікам рабіць фота і відэа на ўчастку, вырашае старшыня камісіі. Для выбарнікаў жа няма забароны рабіць фота падчас апусканьня бюлетэня ў скрыню, бо гэта не парушае таямніцу галасаваньня, а ці можна выбарнікам фатаграфаваць сам бюлетэнь — параілі спытаць у ЦВК.
У Жодзінскай гарадзкой камісіі па выбарах прэзыдэнта паведамілі, што канчатковага рашэньня па шторках не прынялі і будуць глядзець па «эпідэмічнай сытуацыі». Што да рэкамэндацыі назіральнікам сачыць, каб выбарнікі не фатаграфавалі сябе ці бюлетэні, адказалі, што гэта будзе вырашацца на месцы. На выбарчым участку № 1 у Мядзелі растлумачылі, што шторкі прыбралі па рэкамэндацыі «зьверху», дзеля «эпідэміялягічнай бясьпекі выбарнікаў».
ЦВК: Распараджэньня пра шторкі не было
У Цэнтравыбаркаме сказалі, што не давалі выбарчым камісіям рэкамэндацый канкрэтна па наяўнасьці або адсутнасьці шторак у кабінах для галасаваньня, але ў сувязі з эпідэмічнай сытуацыяй ёсьць рэкамэндацыі па арганізацыі бясьпекі на выбарчых участках.
«Калі іншыя ня бачаць, як чалавек запаўняе [бюлетэнь], то гэта не парушае таямніцу галасаваньня. Ня бачу ў гэтым нічога, што не адпавядала б патрабаваньням закону», — сказаў прадстаўнік ЦВК.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.