Кіраўнік апарату Белага Дому Марк Мэдаўс падкрэсьліў, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп занепакоены з нагоды галасаваньня па пошце.
Кіраўнік апарату Белага дому Марк Мэдаўс заявіў у нядзелю, што прэзыдэнцкія выбары ў ЗША адбудуцца трэцяга лістапада, як і плянавалася. Паводле яго, задаўшыся пытаньнем аб тым, ці ня варта адкласьці галасаваньне, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выказаў заклапочанасьць з нагоды галасаваньня па пошце. Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
«Мы зьбіраемся правесьці выбары трэцяга лістапада, і прэзыдэнт мае намер атрымаць перамогу», — сказаў Мэдаўс, выступаючы на тэлеканале CBS.
Ён таксама адзначыў, што далёкі ад аптымізму ў пытаньні аб дасягненьні пагадненьня наконт новага законапраекту аб эканамічнай дапамозе падчас пандэміі каранавірусу.
«Я не настроены аптымістычна ў (пытаньні пра тое), ці будзе рашэньне прынята ў найбліжэйшы час», — заявіў Мэдаўс.