Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп узьняў пытаньне аб пераносе прэзыдэнцкіх выбараў у краіне на пазьнейшы тэрмін. Пра гэта ён напісаў у сваім твітэры.
Трамп зьвязаў неабходнасьць пераносу выбараў з пандэміяй каранавірусу.
Некалькі амэрыканскіх штатаў спрасьцілі працэдуру дыстанцыйнага галасаваньня на выбарах з прычыны пандэміі. Трамп крытыкуе гэтае рашэньне. Ён мяркуе, што гэта адкрывае магчымасьці для маштабных фальсыфікацый. Ён выказаў здагадку, што выбары магчыма перанесьці, каб выбарнікі змаглі прагаласаваць «бясьпечна і паводле правілаў».
Галасаваньне прызначанае на лістапад, апытаньні фіксуюць сур’ёзнае адставаньне Трампа ад асноўнага канкурэнта.
Выбары прэзыдэнта ЗША маюць адбыцца 3 лістапада. Шматлікія апытаньні паказваюць значнае адставаньне дзейнага прэзыдэнта як у цэлым па краіне, так і ў большасьці штатаў ад асноўнага суперніка — былога віцэ-прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна.
Белы дом ня мае легальнай магчымасьці перанесьці тэрмін выбараў, адзначае газэта The New York Times. Раней у адміністрацыі Трампа адмаўлялі магчымасьць пераносу выбараў.