Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК: некаторыя з затрыманых расейцаў кажуць, што ляцелі ў Турэччыну агледзець сабор сьвятой Сафіі


Іван Наскевіч, старшыня Сьледчага камітэту Беларусі
Іван Наскевіч, старшыня Сьледчага камітэту Беларусі

У сьледзтва ўзьнікае ўсё больш і больш пытаньняў адносна мэтаў і задач зьяўленьня ў Беларусі 33 расейцаў, байцоў так званай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра.

Пра гэта распавёў журналістам старшыня Сьледчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч, паведамляе тэлеканал «Беларусь 1».

Затрыманых узятлі пад варту, зь імі праводзяць сьледчыя дзеяньні, дапытваюць у прысутнасьці адвакатаў. Паводле Наскевіча, на допытах яны даюць «самыя супярэчлівыя паказаньні».

«Сярод іншага, пра тое, што група нібыта мела намер вылецець зь Менску ў Стамбул, гаворыць менш за палову людзей, астатнія ўказваюць зусім іншыя пункты канчатковага візыту ў іншыя краіны, — кажа старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч. — Што да тых, якія нібыта ляцелі ў Турэччыну, у іх дакладна гэтак жа розныя мэты прыезду ў гэтую краіну. Хтосьці ляцеў загараць, хтосьці адпачываць, хтосьці ахоўваць нейкія аб’екты нібыта, а нехта — агледзець сабор сьвятой Сафіі».

Сьледзтва выявіла фактычныя нестыкоўкі ў паказаньнях затрыманых. Паводле сьледчых, вылет у Турэччыну гэта сплянаванае загадзя «алібі».

Да аэрапорта група так і не даехала, хаця мела квіткі, распавёў Наскевіч. Замест гэтага расейцы спачатку засяліліся ў менскі гатэль IBB, дзе загадзя былі замоўленыя нумары. Пры высяленьні з гэтага гатэлю расейцы сказалі яго супрацоўнікам, што зьяжджаюць у аэрапорт, а на самай справе пераехалі ў санаторый «Беларусачка», дзе іх і затрымалі.

Паводле Наскевіча, у адным з мэсэнджараў была створана спэцыяльная група, у якой старшы ажыцьцяўляў каардынацыю дзеяньняў падначаленых: распарадак дня, пераклічкі, час агульнага збору. Туды ж паступіў загад спаліць старыя квіткі на тэрыторыі санаторыя.

Консул амбасады Расеі ў Беларусі Кірыл Плятнёў паведаміў у эфіры тэлеканала «Расея-1», што ўсе затрыманыя расейцы знаходзіліся ў Беларусі праездам, а «канчатковым пунктам зьяўлялася адна з краін Лацінаамэрыканскага рэгіёну».

«Плянаваньне маршруту пералёту на іншы кантынэнт, асабліва ў цяперашніх умовах, па ўсім сьвеце зьяўляецца даволі складанай працэдурай, таму нехта з грамадзян называў толькі наступны пункт маршруту, нехта мог назваць канчатковую кропку», — сказаў расейскі консул.

29 ліпеня стала вядома, што беларускія спэцслужбы затрымалі больш за 30 расейцаў. СМІ паведамлялі, што расейцы — байцы так званай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра. Сьледчы камітэт Беларусі падазрае іх у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Журналісты таксама выказалі здагадку, што затрыманыя маглі накіроўвацца транзытам празь Менск у Судан або Лібію для ўдзелу ў баявых дзеяньнях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG