Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аблавы, вобшукі, затрыманьні». Як у Сьветлагорску шукаюць падпальшчыкаў аўтамабіля супрацоўніка райвыканкаму


Цэнтральная плошча, Сьветлагорск
Цэнтральная плошча, Сьветлагорск

З 29 ліпеня ў Сьветлагорску шукаюць падпальшчыкаў аўтамабіля аднаго зь мясцовых чыноўнікаў. Па неафіцыйнай інфармацыі, ноччу 28 ліпеня згарэла аўто намесьніка старшыні райвыканкаму Канстанціна Пятроўскага. Міліцыя затрымлівае раварыстаў, актывістаў, удзельнікаў тэлеграм-чату «Сьветлагорск для жыцьця».

29 ліпеня былі затрыманыя восем чалавек, большасьць зь якіх — раварысты, і праваабаронца Алена Масьлюкова. Пасьля допытаў у міліцыі людзей адпусьцілі, але дваіх хлопцаў затрымалі, і яны дагэтуль пад вартай.

«Удзельнікаў роварнага прабегу салідарнасьці, актывістаў затрымліваюць, у тым ліку і АМАП. На ўзьбярэжжы Беразіны, дзе звычайна гуляе моладзь, праходзілі аблавы. Прыяжджаў АМАП на мікрааўтобусе, маладых людзей „бралі“ з натоўпу і звозілі ў міліцыю», — распавяла Свабодзе праваабаронца.

Яе ўчора апытвалі ў аддзеле Сьледчага камітэту як сьведку. «Выклікалі ня толькі мяне, а сем чалавек. Якая я сьведка? Што я бачыла? Відаць, вырашылі ціснуць на палітычна актыўных жыхароў. У мяне пыталіся пра тэлеграм-чат „Сьветлагорск для жыцьця“, хто ў ім удзельнічае, пад якімі нікамі», — зазначыла Масьлюкова. Яна распавяла, што ёй паступаць шматлікія скаргі ад мясцовых жыхароў на затрыманьні міліцыяй.

«Прыкладам, учора, пакуль маладая жанчына клала дзіця спаць, яе муж выйшаў папаліць і не вярнуўся дахаты. Знайшлі яны яго пазьней у міліцыі. Другі жыхар Сьветлагорску стаяў на прыпынку. Яму патэлефанавалі нібыта з міліцыі, кажуць: «Дзе вы цяпер?» Ён кажа, што на прыпынку стаіць. А яму: «Стойце там, мы за вамі зараз прыедзем», — дадала праваабаронца.

Пад «аблаву» трапіла і жыхарка Сьветлагорску Юля Дудко. «Да мяне на працу прыйшлі міліцыянты, сказалі, што мяне трэба апытаць, завезьлі да сьледчага. Апытвалі пра падпал. Але што я магу ведаць? Тады мяне завялі на паліграф — там таксама задавалі пытаньні пра колер спаленага аўтамабіля, каму ён належыць і так далей. Потым мяне павезьлі на кватэру, дзе я жыву з маладым чалавекам, каб зрабіць вобшук. Я не разумею — зь якой пары ў сьведак робяць вобшукі?», — пракамэнтавала Свабодзе Юля.

Кватэра, дзе быў вобшук, належыць яе прыяцелю. Самога яго на вобшуку не было. Міліцыянты са сьледчым забралі тэлефон і кампутарную тэхніку. «Затым правялі агляд памяшканьня, дзе я зарэгістраваная — у маёй маці. На апытаньні ў сьледчага ў мяне пыталіся ня столькі пра падпал, колькі пра раварыстаў, тэлеграм-чат «Сьветлагорск для жыцьця», яго ўдзельнікаў. Мне паказвалі здымкі розных нашых раварыстаў, пыталіся, ці ведаю я іх. Таксама распытвалі, хто пад якім нікам зарэгістраваны ў тэлеграме, хто адміністратар

«Сьветлагорску для жыцьця». Я гэтага ня ведаю, таму нічым ім не дапамагла. На разьвітаньне мне сказалі, што «Мы яшчэ сустрэнемся», — дадала Юля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG