Мітынг Сьвятланы Ціханоўскай ў Ваўкавыску 1 жніўня сабраў больш за 3 тысячы чалавек.
Паўгадзіны напачатку мітынгу ішоў праліўны дождж. Калі непагадзь сьціхла, на пляцоўцы побач з касьцёлам сьвятога Вацлава сабраліся жыхары Ваўкавыску.
Відаць бел-чырвона-белыя сьцягі, балёнікі такога ж колеру, расьцяжку «Свабоду палітвязьням», да таго ж сьцяг паветрана-дэсантных войскаў.
Людзі чакаюць прадстаўніц аб'яднанага штабу Сьвятлану Ціханоўскую, Марыю Калесьнікаву і Вераніку Цапкалу. Разам людзі сьпяваюць песьні NRM, Віктара Цоя.
«Я так разумею, мы прывезьлі вам прамень сьвятла», — адказала на скандаваньне ваўкавысцаў «Сьвета, Сьвета» Сьвятлана Ціханоўская, калі замест дажджу зазьзяла сонца.
Яна расказала, што ейнаму мужу Сяргею на Ваўкавыскім мясакамбінаце падаравалі фігуру-сымбаль горада — ваўка, калі ён здымаў рэкляму для завода. Пасьля таго, як Сяргей убачыў якасьць прадукцыі, цяпер сям’я Ціханоўскіх набывае мясную прадукцыю толькі з Ваўкавыска.
Сьвятлана прызналася, што ёй ужо даўно і дагэтуль страшна, што было шмат момантаў, калі яна была гатовая здацца, аднак зразумела, што ўжо ня можа здрадзіць гэтай справе.
«Уся сіла ня ў нас, бо мы толькі інструмэнт. Уся сіла ў вас — людзі Беларусі», — адзначыла Ціханоўская.
Яна паўтарыла абяцаньні сваёй праграмы: вызваліць палітвязьняў, правесьці рэфэрэндум, каб вярнуць Канстытуцыю 1994 году, а таксама — правесьці новыя сумленныя выбары цягам паўгода. Яна папрасіла не прыходзіць на датэрміновыя выбары, чым бы людзей на пужалі: «Пераадолейце свой страх».
«Я спадзяюся, што калі Сяргей выйдзе, яму скажуць: «Ты павінны ганарыцца сваёй жонкай», — адказала Сьвятлана, калі ваўкавычане ёй падарылі партрэт ейнага мужа на фоне Ваўкавыска
Прадстаўнічка штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава пачала выступ па-беларуску. Яна зьвярнула ўвагу на эканамічныя праблемы Ваўкавыска, стратныя прадпрыемствы, да таго ж, што ўлада сутыкае ілбамі розныя групы насельніцтва.
«Думаеце, я задаволеная цяпер сваім жыцьцём? Не. Я шчасьлівая... Я больш сабе не належу, я належу вам і сваёй краіне. Гэта дадае мне сіл», — прызналася Марыя Калесьнікава.
Яна заклікала людзей не баяцца і запэўніла, што тых, хто будзе сумленна ўдзельнічаць у выбарах і пацерпіць, прыкладам, страціць працу, падтрымаюць іншыя беларусы.
Прадстаўнічка штабу Валера Цапкалы Вераніка Цапкала назвала Ваўкавыск «беларускай Жэнэвай» і павіншавала горад з 1015-м днём нараджэньня.
«Я хачу, каб ў новай Беларусі суседзі прыяжджалі «на закупы, а не мы да іх», — выказалася Вераніка Цапкала. Яна паспрабавала развеяць міты пэнсіянэраў пра тое, што пасьля абраньня новага прэзыдэнта Беларусь страціць сувэрэнітэт, што паменшыцца пэнсіі. Заклікала моладзь падзяліцца інфармацыяй са старэйшым пакаленьнем зь незалежных інтэрнэт-каналаў.
Вераніка Цапкала зьвярнулася да бюджэтнікаў, каб не баяліся, калі ім плацяць малыя заробкі, пагражаюць звальненьнямі, ціснуць на іншы спосаб.
«Нас ня могуць звольніць 50 працэнтаў, нават 30 працэнтаў, бо тады працаваць няма каму будзе», — зазначыла Вераніка.
Яна заклікала галасаваць за Сьвятлану Ціханоўскую толькі 9 жніўня, рэгістравацца назіральнікамі на выбарах, насіць белыя бранзалеты як знак сумленнага ўдзелу ў выбарах, зарэгістравацца на плятформе «Голас», каб абараніць свае галасы, да таго ж падтрымліваць тых, хто пацярпеў ад сумленнага ўдзелу ў выбарчай кампаніі.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.