31 ліпеня Менскі райвыканкам унёс зьмены ў склад дзьвюх участковых камісій у аграгарадку Лясны Менскага раёну.
Раней жыхары Ляснога падалі ў міліцыю заявы аб тым, што не падпісваліся за вылучэньне шэрагу сяброў участковых выбарчых камісіяў № 12 і № 18. Яны сьцьвярджаюць, што іхныя подпісы падрабілі.
Менскі райвыканкам прыняў новае рашэньне. Цяпер тыя ж сябры камісій, якія вылучаліся праз збор подпісаў выбарнікаў, уключаныя ў склад камісій ад працоўнага калектыву, Кампартыі Беларусі, Беларускага саюзу жанчын, Беларускага фонду міру і іншых праўладных арганізацый.
Цяпер настаўніца Вольга Булка трапіла ў склад участковай камісіі другога Ляснога ўчастку для галасаваньня № 12 ад працоўнага калектыву Бараўлянскай сярэдняй школы.
Настаўніца Эльвіра Гаварунова, якая ў ранейшай заяве выбарнікаў па вылучэньні ў камісію значыцца як беспартыйная, цяпер трапіла ў склад камісіі ад Менскага абкаму Кампартыі Беларусі.
Улады зьмянілі таксама склад камісіі на восьмым Лясным участку для галасаваньня № 18.
Трое чальцоў камісіі, якія раней увайшлі ў яе склад на падставе заявы зь несапраўднымі подпісамі выбарнікаў, цяпер уключаныя ў склад камісіі ад працоўнага калектыву, Беларускага фонду міру і прафсаюзу работнікаў культуры.
Тутэйшая жыхарка Мар’ям Малашонак, якая падавала заяву ў міліцыю разам зь іншымі жыхарамі, была зьдзіўленая такім рашэньнем.
Зь міліцыі ёй прыйшоў адказ, што заяву жыхароў па факце падробкі подпісаў перадалі ў Менскую раённую выбарчую камісію. А сёньня стала вядома пра зьмены, якія зрабіў Менскі райвыканкам.
«Гэта проста бязьмежжа і чарговы плявок у твар», — сказала Свабодзе Марʼям Малашонак.
Валянціна Макоўская паведаміла, што 29 ліпеня на яе заяву ў міліцыю аб падробцы подпісаў адказаў старшыня Менскай раённай выбарчай камісіі Дзьмітры Дрозд. Ён напісаў, што зьвесткі аб парушэньні выбарчага заканадаўства, пра якія напісалі жыхары, патрабуюць праверкі. Пра яе вынікі заяўнікаў праінфармуюць у дзесяцідзённы тэрмін.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.