Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як лічаць удзельнікаў мітынгаў і акцый. Інфаграфіка за 20 гадоў


63 тысячы — столькі ўдзельнікаў учорашняга менскага мітынгу ў падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай налічылі назіральнікі з by_control. Як адбываюцца гэтыя падлікі і колькі людзей зьбіралі вулічныя акцыі апошнія 20 гадоў.

Мітынг у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай стаў самым масавым за апошнія 10 гадоў. Лічбу ў 63 тысячы ўдзельнікаў назіральнікі з by_control агучылі бліжэй да вечара.

Як лічылі прысутных

Сумесны праект незарэгістраванага ў Беларусі праваабарончага цэнтру «Вясна» і Беларускага Хэльсынскага камітэту Control_BY існуе з 2012 году. Валянтэры займаюцца падлікам прысутных на акцыях, мітынгах і шэсьцях.

Каб лічыць людзей, валянтэры выкарыстоўваюць мэханічны лічыльнік: цісьнеш на кнопку, калі адлічваеш чалавека.

«Мы ўчора карысталіся наступнай схемай: былі 9 чалавек, якія лічылі людзей. 8 зь іх стаялі на пунктах пропуску, некаторыя бачылі адзін пункт уваходу, некаторыя ахоплівалі два. І мы лічылі з 18:30 да 20:30. Дадзеныя фіксаваліся кожныя 15 хвілін і абнаўляліся лічыльнікі.

То бок ты налічыў, напрыклад, 555, скінуў лічыльнік і лічыш далей. На месцы мітынгу не ва ўсіх добра працаваў інтэрнэт, частка перадала інфармацыю адразу, частка — пасьля, таму дакладныя падлікі зьявіліся а 22-й. У нас атрымалася 63 тысячы чалавек, якіх мы бачылі, як прыйшлі на акцыю», — тлумачыць каардынатарка ініцыятывы Control_by Натальля Сацункевіч.

Назіральнікі зазначаюць, што да 20:30 людзі амаль не сыходзілі. За рамкамі ўваходу на мітынг стаялі каля 8 тысяч чалавек, іх таксама ўлічылі ў агучаную колькасьць.

Якія ёсьць яшчэ мэтодыкі падліку

Паводле Натальлі Сацункевіч, прасьцей за ўсё лічыць прысутных на шэсьці: назіральнікі становяцца ў вузкі кавалак вуліцы, дзе мітынгоўцы ідуць адзін за адным, і па галовах лічаць прысутных. На мітынгах жа складаней.

«На мітынгах ёсьць некалькі варыянтаў: ацаніць фота зьверху, ацаніць шчыльнасьць і плошчу, на якой стаяць людзі, і памножыць. Таксама можна лічыць людзей па фота зьверху на кампутары, ёсьць адмысловыя праграмы, але патрэбна высокая якасьць фота. Можна дзяліць плошчу на сэктары і лічыць, колькі ў кожным сэктары, але там вялікая хібнасьць», — кажа Натальля Сацункевіч.

Колькі людзей выходзілі на акцыі за 20 гадоў

Мітынг у Менску 30 ліпеня стаў самым масавым за апошнія 10 гадоў. Але шматлюдныя акцыі праходзілі і раней. Найбольш людзей выходзіла на пратэсты ў 1996-м і 1999-м гадах. Калі ж лічыць за апошнія 20 гадоў, то самыя масавыя акцыі былі:

2001 год. Супраць чарговай перамогі Лукашэнкі на выбарах на Кастрычніцкай плошчы пратэставалі больш за 10 тысяч чалавек. Міліцыя агучыла лічбу ў 2 тысячы.

2003 год. Памёр Васіль Быкаў. У апошні шлях народнага пісьменьніка 22 чэрвеня праводзілі цэнтральным праспэктам Менску некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.

2006 год. Увечары пасьля выбараў 19 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы сабраліся некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Пасьля на плошчы паўстала намётавае мястэчка, якое пратрымалася некалькі дзён. Пратэст разагналі. Міліцыя ацаніла колькасьць прысутных у 9 тысяч чалавек.

25 сакавіка 2006. На знак пратэсту супраць разгону намётавага мястэчка на Дзень Волі сабраліся некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Адбыліся сутыкненьні з АМАП. МУС называла лічбу ў 2,5 тысячы пратэстоўцаў.

2010 год. Пратэстуючы супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў, 19 сьнежня ў цэнтры Менску сабраліся ад 20 да 60 тысяч чалавек. Акцыю брутальна разагнаў АМАП і ўнутраныя войскі. Дзяржаўныя СМІ са спасылкай на міліцыю казалі пра «некалькі тысяч удзельнікаў». А тагачасны міністар МУС Куляшоў сказаў пра «600 актыўных пагромшчыкаў».

2018 год. Самы масавы Дзень Волі за 20 гадоў. На дазволены мітынг-канцэрт каля Опэрнага тэатра прыйшлі да 50 тысяч чалавек. У міліцыі тады заявілі, што «не вялі падліку ўдзельнікаў мерапрыемства».

Свабода зьвярнулася ў Міністэрства ўнутраных спраў, каб там агучылі сваю лічбу прысутных на мітынгу 30 ліпеня. Прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава заявіла, што паводле падлікаў ведамства, праз кантрольна-прапускныя пункты прайшлі 18 250 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG