Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Допыт Веранікі Цапкалы адклалі на 31 ліпеня, яе сястру адпусьцілі

абноўлена

Вераніка Цапкала пасьля нарады ў ЦВК, Менск, 30 ліпеня
Вераніка Цапкала пасьля нарады ў ЦВК, Менск, 30 ліпеня

Жонка былога прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Валера Цапкалы, а цяпер фактычная кіраўніца ягонага штабу Вераніка Цапкала казала раніцай 30 ліпеня, што яе сястру схапілі і зьвезьлі ў невядомым кірунку «людзі ў цывільным».

Саму Вераніку Цапкалу выклікалі на допыт у МУС у справе супраць Валера Цапкалы на заяву «турэцкага бізнэсоўца» (верагодна, гаворка пра беларускага бізнэсоўца турэцкага паходжаньня Сэдата Ігдэджы) , сказала яна на выхадзе з ЦВК, куды запрашалі кандыдатаў у прэзыдэнты, каб папярэдзіць пра «магчымыя правакацыі».

Апоўдні Вераніка Цапкала вярнулася з МУС: допыт адклалі на 9 раніцы 31 ліпеня, а сястру Веранікі выпусьцілі, расказалі ў прэс-службе Віктара Бабарыкі.

Натальля Леанюк, сястра Веранікі Цапкалы, расказала Tut.by, што «людзі ў цывільным» далі ёй позву на дачу паказаньняў «у справе Цапкалы». На думку сёстраў, гэта былі супрацоўнікі ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю.

«Мяне са статусам не азнаёмілі, проста сказалі, што хацелі б, каб я патлумачыла названае ў лісьце, — расказала Леанюк. — Мне зачыталі зварот Валера Вільямавіча [Цапкалы]. Напэўна, гэта была ягоная заява. Я сказала, што патлумачыць нейкія рэчы не магу празь няведаньне, і скарысталася сваім правам згодна з артыкулам 27 Канстытуцыі ня сьведчыць супраць блізкіх».

Прычыну выклікаў Веранікі Цапкалы і Натальлі Леанюк сілавікі патлумачылі ім тым, што сам Валер Цапкала зьехаў з краіны, таму хочуць апытаць ягоных родзічаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG