Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчы фонд Лукашэнкі ў 100 разоў большы, чым у Дзьмітрыева 


Пікет кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай у Дзяржынску, 19 ліпеня
Пікет кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай у Дзяржынску, 19 ліпеня

Цэнтарвыбаркам абнавіў зьвесткі аб памерах выбарчых фондаў кандыдатаў у прэзыдэнты. Папярэдняя інфармацыя была датаваная 24 чэрвеня.

Агулам на рахункі пяці зарэгістраваных кандыдатаў паступіла 298 940 рублёў. Больш за ўсё — у фонд Аляксандра Лукашэнкі, якога падтрымалі на суму 237 994 рублі. У чэрвеньскай статыстыцы дзейны кіраўнік краіны ня значыўся ўвогуле.

Другі аб’ёмам выбарчы фонд у Сьвятланы Ціханоўскай — 51 777 рублёў. Далей ідуць Ганна Канапацкая — 4 000, Сяргей Чэрачань — 2 600, Андрэй Дзьмітрыеў — 2 562.

За мінулы месяц на рахункі Канапацкай і Чэрачня новых пераводаў не было. Памер выбарчага фонду не павінен перавышаць 243 тысячы рублёў (9 тысяч базавых велічынь). Такім чынам, фонд Лукашэнкі складае 97,9% максымальнай дапушчальнай сумы, Ціханоўскай — 21,3%, Канапацкай — 1,6%, Чэрачня і Дзьмітрыева — 1,1%.

Усе кандыдаты выдаткавалі агулам 13 708 рублёў, больш за іншых Сьвятлана Ціханоўская — 5 893 рублі. Выдаткі Ганны Канапацкай склалі 3 000 рублёў, Сяргея Чэрачня — 2 500, Аляксандра Лукашэнкі — 1 354, Андрэя Дзьмітрыева — 915.

Згодна з нарматывамі ЦВК, сродкі могуць быць выкарыстаныя толькі для аплаты расходаў, зьвязаных з выбарамі, у тым ліку для аплаты працы чальцоў ініцыятыўных групаў і перадвыбарнай агітацыі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG