Жонка актывіста Наста Паліенка паведаміла карэспандэнту Свабоды, што сёньня ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна ў яе адмовіліся прыняць перадачу для мужа. Са словаў жанчыны, ёй не патлумачылі прычыны і пры гэтым абразілі.
«Дзіму гэтым разам зьмясьцілі ня ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў, а ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Прынесла раніцай яму перадачу, а дзяжурны кажа, што для такой катэгорыі грамадзян яны прымаць перадачы ня будуць. Якая гэта катэгорыя, не патлумачыў. Потым прыйшоў начальнік ІВС і праз акенца сказаў, што яму не падабаецца, што мы кажам у інтэрвію журналістам, і прымаць перадачы ад мяне ня будуць. Ды паслаў мяне...» — сказала Наста Паліенка.
Наста Паліенка дадала, што чалавек, зь якім яна размаўляла праз акенца дзяжурнага, быў апрануты ў цывільнае, ягонага прозьвішча яна ня ведае, але ведае яго ў твар як начальніка ўстановы. Наста Паліенка зьбіраецца паскардзіцца на гэтага супрацоўніка ва ўправу менскай гарадзкой міліцыі.
Актывіст Зьміцер Паліенка быў затрыманы 27 ліпеня, праз два дні як выйшаў з ізалятара на Акрэсьціна, дзе адбыў 15 сутак за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі. Падчас таго 15-дзённага арышту, як сьцьвярджаў Зьміцер Паліенка, першыя 6 дзён ён трымаў сухую галадоўку. Між тым у міліцыі зьвесткі пра галадоўку актывіста абвяргалі.
Цяпер, паводле адваката Паліенкі, яго арыштавалі зноў на 15 сутак, але ўжо за парушэньне правілаў адбыцьця «хатняй хіміі». Што парушэньне было, Наста Паліенка не аспрэчвае.
«У адзін з панядзелкаў, калі ён мусіць адзначацца ў міліцыі, ён сапраўды забыў прыйсьці для адзначэньня. Але гэта было адзіны раз, і за такое парушэньне ня маюць права арыштоўваць, а толькі зрабіць папярэджаньне», — кажа Наста Паліенка.
Спраўдзіць зьвесткі Насты Паліенкі адносна яе размовы з начальнікам ІВС пакуль не ўдалося. Дзяжурны сказаў, што начальніка няма на месцы, і прапанаваў перазваніць, але і другім разам яго не аказалася.
У прэсавай службе МУС Свабодзе патлумачылі, чаму Зьмітра Паліенку зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня і пазбавілі перадач.
«Паліенку прызначаны не адміністрацыйны арышт, а дысцыплінарная ізаляцыя за парушэньне парадку і ўмоў адбыцьця „хатняй хіміі“, прызначанай яму паводле ранейшага прысуду. Таму ён зьмешчаны ня ў ЦІП, а ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Што да перадачы, дык паводле закону падчас адбыцьця дысцыплінарнай ізаляцыі перадачы забароненыя», — сказалі ў прэсавай службе МУС.
Пазьней і ад супрацоўніка Першамайскага РУУС Наста Паліенка даведалася, што яе мужа Зьмітра Паліенку зьмясьцілі ў ІЧУ на 15 сутак паводле рашэньня аб «дысцыплінарнай ізаляцыі».
«Так, на гэтай падставе ў яго пры затрыманьні не прынялі асабістыя рэчы і цяпер не прымаюць перадачы. Але мне гэта патлумачыў інспэктар РУУС, а вось начальнік ІЧУ замест тлумачэньняў ужыў лаянку. Мяркую, трэба адразу тлумачыць, што і як, каб потым не было абвінавачаньняў у распаўсюдзе фэйкаў, як было з галадоўкай Дзімы», — сказала Наста Паліенка.
Ці ня будзе Зьміцер Паліенка зноў галадаваць на знак пратэсту? Гэтага дакладна жонка актывіста ня ведае, але мяркуе, што цяпер галадоўкі ня будзе.
«Дзіма расказваў, што на 6-ы дзень сухой галадоўкі пачаў траціць прытомнасьць і яго прыводзілі да прытомнасьці нашатыром ды сказалі, што будуць уводзіць ежу прымусова, калі ня спыніць галадоўку. Таму гэтым разам галадаваць ён не зьбіраўся. Але ён і не чакаў, што яго затрымаюць, калі ішоў у міліцыю адзначацца», — сказала Наста Паліенка.