Анархіста Зьмітра Паліенку 27 ліпеня затрымалі ў Першамайскім РУУС. 25 ліпеня Паліенка выйшаў на волю пасьля 15 сутак арышту, які яму прысудзілі за выказваньні ў Facebook у падтрымку палітвязьняў. «Быў гатовы, што затрымаюць», – напісала Свабодзе жонка затрыманага Наста Паліенка.
Паліенку затрымалі за парушэньне «хатняй хіміі», калі ён пайшоў адзначацца ў Першамайскае РУУС, напісала Наста Паліенка, спасылаючыся на адваката.
«Ён патэлефанаваў бацьку, паведаміў, што [затрымалі] на 15 сутак. Прасіў забраць яго рэчы. Ён пайшоў сабраны адразу, быў гатовы, што закрыюць. Але, відаць, рэчы не далі забраць», – напісала Наста Паліенка.
На момант публікацыі вядома, што супраць Паліенкі таксама завялі адміністрацыйную справу за абразу супрацоўніка міліцыі. За гэта яму пагражае штраф да 540 рублёў. Паводле міліцыянта, Паліенка напісаў яму тры паведамленьні «Ўкантакце» пасьля брутальных затрыманьняў пратэстоўцаў і журналістаў у Ганцавічах.
Паводле лінгвістычнай экспэртызы, у сваіх допісах Паліенка даваў нэгатыўную ацэнку асобы, дапусьціў «наўмыснае прыніжэньне гонару і годнасьці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.