Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады палічылі майкі «Welcome to Belarus» з выявай аўтазака неналежнай рэклямай і патрабуюць спыніць іх продаж


Скрыншот са старонкі інтэрнэт-крамы kniaz.by зь цішоткамі «Welcome to Belarus»
Скрыншот са старонкі інтэрнэт-крамы kniaz.by зь цішоткамі «Welcome to Belarus»

Улады палічылі неналежнай рэклямай майкі «Welcome to Belarus» з выявай аўтазака, якія прадае берасьцейская крама «Князь Вітаўт», і запатрабавалі спыніць іх продаж.

Суўладальнік крамы «Князь Вітаўт» і інтэрнэт-крамы kniaz.by Алег Чапараў атрымаў ліст зь Берасьцейскага гарвыканкаму, паведамляе «Радыё Рацыя».

У лісьце гаворыцца, што гарвыканкам разгледзеў пытаньне аб наяўнасьці прыкметаў неналежнай рэклямы ў рэкляме маек «Welcome to Belarus», якую крама разьмяшчала раней на youtube-канале «Народный репортёр» і ў сацыяльных сетках.

Для гэтага ў гарвыканкаме накіравалі запыт у Міністэрства антыманапальнага рэгуляваньня і гандлю і атрымалі адказ:

«Рэкляма, якая зьмяшчае вітаньне і запрашэньне наведаць Беларусь, выказанае словамі „Welcome to Belarus“ у спалучэньні з графічнай выявай спэцтранспарту, які выкарыстоўваецца для перавозкі падазраваных і абвінавачаных (аўтазак), фактычна прыраўноўвае вобраз краіны да гэтага спэцтранспарту, што зьяўляецца праявай непавагі да краіны, прыніжальным, скажоным і амаральным дзеяньнем.

Такая рэкляма стварае нэгатыўны вобраз краіны, фармуе памылковыя ўяўленьні пра яе, якія не адпавядаюць канстытуцыйным ідэям і прынцыпам, што рэалізуюцца ў ёй, на аснове якіх фармуецца і ўвасабляецца ў жыцьцё дзяржаўнае кіраваньне (...); фактычна ганьбіць вобраз краіны, стварае ўмовы для распальваньня сацыяльна-палітычных канфліктаў і не адпавядае маральнаму прынцыпу павагі да радзімы», — да такой высновы прыйшло МАРГ і прызнала рэкляму неэтычнай, бо яна «парушае агульнапрынятыя нормы маралі».

У сувязі з гэтым Берасьцейскі гарвыканкам інфармуе, што калі ў далейшым выявяць факты продажу ці прапановаў продажу маек «Welcome to Belarus» з аўтазакам, гарвыканкам пачне адміністрацыйны працэс паводле ч.1 арт. 12.15 КаАП (парушэньне заканадаўства аб рэкляме).

Дызайн майкі «Welcome to Belarus» стварылі яшчэ год таму, і яна «адразу не спадабалася ўладам», расказваў раней Алег Чапараў. Уладальнікаў крамы ўжо выклікалі ў аддзел гандлю Берасьцейскага гарвыканкаму і патрабавалі тлумачэньняў, «што яны хацелі гэтым сказаць». Пазьней яны атрымалі ліст, што на іх ёсьць скарга: быццам нехта заходзіў у краму і пачуў пах клею ад іх цішотак. Пасьля пачаліся праверкі: прыходзілі з энэрганагляду — спраўдзіць, ці не гарэла праводка, а таксама з МНС і са службы маніторынгу ўпраўленьня гандлю — выбралі некалькі рэчаў, папрасілі на іх сэртыфікаты і ўсю дакумэнтацыю.

Крама нацыянальнай сымболікі «Князь Вітаўт» знаходзіцца ў цэнтры Берасьця, на пешаходнай вуліцы Савецкай, і прадае майкі, кубкі, розныя аксэсуары, упрыгажэньні і інш., таксама мае онлайн-краму kniaz.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG