25 і 26 ліпеня беларусы замежжа ладзяць акцыі салідарнасьці па ўсім сьвеце.
Нарвэгія. Акцыя салідарнасьці ў Осла
Чэхія. Роварны прабег салідарнасьці па Празе і Палітычны пікнік
Са звароту арганізатараў: Мы ня можам стаць у жывы ланцуг у Беларусі, бо мы цяпер ня там. Але мы можам выказаць сваю салідарнасьць з тымі, хто мае сьмеласьць у Беларусі рэалізоўваць свае законныя грамадзянскія і палітычныя правы. Бярыце з сабой ровары, беларускую нацыянальную сымболіку і сваю салідарнасьць.
Швэцыя. Пікеты салідарнасьці ў швэдзкіх гарадах 26 ліпеня
Са звароту арганізатараў: Пікеты салідарнасьці зь беларусамі! Выходзім на плошчы швэдзкіх гарадоў разам! Далучайцеся са сваімі плякатамі і пэрфомансамі! Акцыя не ўзгодненая з паліцыяй, гэта значыць, што нельга зьбірацца больш за 50 чалавек і доўга знаходзіцца ў адным месцы, таму фатаграфуемся групамі і трымаем дыстанцыю!
Ватыкан
Чальцы Асацыяцыі беларусаў Італіі з бел-чырвона-белымі сьцягамі ўзялі ўдзел у малітве анёла Гасподняга ў Ватыкане.
Канада. Акцыя ля парлямэнту Канады 25 ліпеня
25 ліпеня ў сталіцы Канады, Атаве прайшоў мітынг у падтрымку дэмакратыі і незалежнасьці Беларусі. У ім узялі ўдзел каля 70 чалавек, уключаючы прадстаўнікоў украінскай і польскай дыяспараў — Барыс Генгала, старшыня Атаўскага аддзелу Украінскага нацыянальнага кангрэсу і Станіслаў Забароўскі, віцэ-старшыня Польскай нацыянальнай еднасьці.
На акцыі зачыталі зварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы. З прамовай аб сытуацыі ў Беларусі выступіў доктар Пётра Мурзёнак, старшыня Атаўскага аддзела Згуртаваньня беларусаў Канады і старшыня Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Канадзе. Удзельнікі акцыі падпісалі пэтыцыі да Арганізацыі аб’яднаных нацый і Міністэрства замежных спраў Канады, а таксама заявы на вылучэньне назіральнікаў на выбары на ўчастак для галасаваньня ў пасольстве Беларусі ў Атаве. Актывісты дыяспары фармуюць каманду добраахвотнікаў для экзіт-пола.
Францыя. У Парыжы, на Плошчы Бастыліі — акцыя дыяспары
Са звароту арганізатараў: Мы патрабуем спыніць палітычны перасьлед, вызваліць палітычных зьняволеных, забясьпечыць незалежнае і празрыстае правасудзьдзе, свабодную працу журналістаў і магчымасьць выказваць сваё меркаваньне, а таксама за свабодныя і празрыстыя выбары
Ірляндыя. Акцыі салідарнасьці ў ў Дубліне, Корку і Белфасце
ЗША.Сан-Францска, Дэнвэр, Н’ю-Ёрк, Сіетл
Са звароту арганізатараў — чальцоў руху Belarusian Solidarity Line: Палітычныя затрыманьні ў Беларусі разрываюць нашыя сэрцы. На знак падтрымкі і салідарнасьці мы зьбіраемся ў гэтую нядзелю. Калі ласка, запрашайце сяброў, знаёмых і неабыякавых любой нацыянальнасьці. Разам мы моц!
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.