Кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы патрыярх Кірыл заклікаў ігуменьню маскоўскага Пакроўскага манастыра Феафанію (Міскіну) прадаць лімузін Mercedes Benz S-клясы, паведаміў у сваім тэлеграм-канале кіраўнік сынадальнага аддзелу ўзаемаадносінаў царквы з грамадзтвам і СМІ Уладзімір Лягойда.
Раней выданьне «Открытые медиа» выявіла, што яе аўтамабіль можа каштаваць 9,5 мільёна рублёў.
Феафанія ўжо 25 гадоў узначальвае Пакроўскі жаночы манастыр на Таганскай, дзе захоўваюцца мошчы шанаванай у РПЦ сьвятой Матроны Маскоўскай. Яна кіруе праваслаўнай гімназіяй ў Троіца-Лыкаве і некалькімі гатэлямі, якія належаць царкве.
З таго часу, як яна стала ігуменьняй Пакроўскага манастыра, у яе асабістым аўтапарку зьмянілася як мінімум чатыры Mercedes-Benz, паведамляюць «Открытые медиа». Спачатку яна езьдзіла на параўнальна бюджэтных мадэлях, але ў 2011 і ў 2016 гадах купляла сабе прэстыжны Mercedes-Benz S500 4MATIC.
Публікацыя «Открытых медиа» выклікала скандал у каляцаркоўным асяродзьдзі. У лютым 2020 году сьвятар, які служыў у манастыры, зьбіраў грошы на перасадку печані малалетняму сыну. У канцы лютага сын памёр. Тады дыякан Андрэй Кураеў паведаміў са спасылкай на сваю крыніцу, што Феафанія грошай на дзіця не дала, спаслаўшыся на адсутнасьць у манастыра грошай. Сьвятар быў пераведзены ў іншы манастыр. Як піша праваслаўнае выданьне «Ахилла», у той самы дзень, калі дзіця памёрла, Феафанія атрымала ўзнагароду ад патрыярха за доўгую службу.
Патрыярх нагадаў, што рэкамэндуе ўсім сьвятарам і законьнікам не карыстацца аўтамабілямі, якія прынята адносіць да прадметаў раскошы, паведаміў Лягойда. Сам кіраўнік РПЦ, паводле выданьня Car.ru, езьдзіць на Mercedes-Benz Maybach S650 Pullman, Cadillac Escalade і савецкім лімузіне «Чайка», які належыць яго настаўніку, мітрапаліту Нікадзіму (Ротаву).
Пакроўскі манастыр — стаўрапігіяльны, гэта значыць падпарадкоўваецца наўпрост патрыярху.