23 ліпеня ў Барысаве прайшоў першы мітынг Сьвятланы Ціханоўскай. Каля ўнівэрмагу «Веста-Барысаў» сабраліся 5 тысяч чалавек.
Перад мітынгам супрацоўнікі ДАІ спынілі калёну машын Сьвятланы Ціханоўскай і аб’яднанага перадвыбарчага штабу. Каля 20 хвілін ДАІ правярала дакумэнты, але ўрэшце машыны прапусьцілі.
«Народ стаміўся ад пустых абяцаньняў. Нязгодным затыкаюць раты і кідаюць за краты. Цяпер, калі я стала кандыдатам, я ежджу па гарадах, як калісьці езьдзіў Сяргей Ціханоўскі», — сказала на мітынгу Сьвятлана Ціханоўская.
У сваёй прамове яна агучвала праблемныя моманты беларускай эканомікі: нізкія пэнсіі, праблему з інфармаваньнем дзяржавай людзей пра каранавірус.
Прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава зьвярнулася да вайскоўцаў і сілавікоў.
«Ім кажуць, што яны мусяць ужываць сілу супраць людзей. Хіба можа ўрад, які любіць свой народ, аддаваць такія загады? Хопіць гвалту, гвалтам ня будзеш мілы людзям і гвалтам ня будзеш прэзыдэнтам. Мы хочам, каб афіцэры ганарыліся сваімі пагонамі, а ў войску паважалі сваіх шарагоўцаў, а ня толькі галоўнакамандуючага. Беларусь прачнулася. Беларусы стаміліся ад прыніжэньня, бардаку і падману. Сабралі мільён подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў. Улада больш ня скорміць людзям свае пустыя абяцаньні і не напужае аўтазакам», — сказала Марыя Калесьнікава.
Веранікі Цапкалы на пікеце ў Барысаве не было.
Па ацэнках арганізатараў пікету і некалькіх прысутных, зь якімі ўдалося пагаварыць карэспандэнтам Свабоды, на мітынгу прысутнічала каля 5 тысяч чалавек. І гэта, паводле месьцічаў, ці ня самы масавы палітычны мітынг у найноўшай гісторыі райцэнтру.
Свабода вяла жывую трансьляцыю зь месца падзей. Людзі казалі, што на іх памяці гэта першы такі буйны мітынг у іх горадзе. Яны скардзіліся на нізкія заробкі, незьмяняльнасьць улады, вялікія тэрміны зьняволеньня для моладзі паводле наркатычнага артыкула 328.
Сьпярша на месцы мітынгу былі праблемы з мабільнай сувязьзю, але пазьней сувязь наладзілася. АМАПа і супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным на мітынгу заўважана не было.
Перад мітынгам затрымалі журналістку «Белсату» Алену Шчарбінскую. Празь некаторы час яе адпусьцілі. Апэратар Віталь Дубік дагэтуль затрыманы, паведамляе «Белсат». Паводле журналісткі, нагодай для затрыманьня стала праверка іхнага аўтамабіля, бо, паводле міліцыі, падобная машына нядаўна ўчыніла ДТЗ.
У Менску падчас запісу камэнтара затрымалі карэспандэнта «Белсата» Арцёма Ляву і эканаміста Сяргея Чалага. Іх даставілі ў РУУС Маскоўскага раёну і неўзабаве адпусьцілі.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.