Прадстаўніцы аб’яднанага штабу Сьвятлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калесьнікава правялі сустрэчу з выбарцамі ў Барысаве.
Перадвыбарчы мітынг кандыдаткі на прэзыдэнта Сьвятланы Ціханоўскай прайшоў у Барысаве на пляцоўцы каля ўнівэрмагу «Веста-Барысаў».
Затрымлівалі журналістку «Белсату» Алену Шчарбінскую. Празь некаторы час адпусьцілі. Апэратар Віталь Дубік дагэтуль затрыманы, паведамляе «Белсат». Паводле журналісткі, нагодай для затрыманьня стала праверка іхнага аўтамабіля, бо падобная машына нібыта нядаўна ўчыніла ДТЗ.
У Менску падчас запісу камэнтара быў таксама затрыманы карэспандэнт тэлеканалу Арцём Лява і эканаміст Сяргей Чалы. Яны дастаўленыя ў РУУС Маскоўскага раёну. Пазьней іх адпусьцілі.
У сваёй прамове Сьвятлана Ціханоўская паведаміла, што асноўны пункт яе праграмы – «справядлівыя выбары».
«Гэта мой лёс, і гэта лёс усіх нас, у гэтым годзе зьмяніць нашу краіну, зьмяніць нашу любімую Беларусь. Для таго каб прайшлі справядлівыя выбары — гэта аб'яднацца. Ня трэба галасаваць датэрмінова, прыходзьце на выбары 9 жніўня, галасуйце за мяне, а пасьля трэба абараняць свой голас. Улада мусіць зразумець, што нас большасьць і мы не застанёмся ўбаку. Я заклікаю вас устаць з канапаў 9 жніўня, інакш вы прагаласуеце за цяперашнюю ўладу», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
Сьвятлана Ціханоўская нагадала, што «выбары ня будуць справядлівымі». Менавіта таму, на яе думку, з выбараў зьнялі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
«Народ стаміўся ад пустых абяцаньняў. Нязгодным затыкаюць раты і кідаюць за краты. Цяпер, калі я стала кандыдатам, я ежджу па гарадах, як калісьці езьдзіў Сяргей Ціханоўскі», — сказала Ціханоўская.
У Барысаве, па словах вядоўцы, «прысутнічала 5 тысяч чалавек». Сьвятлана Ціханоўская пачала дыялёг зь людзьмі, агучыла праблемы малых пэнсій і каранавірусу.
Некаторыя ў Барысаве прыйшлі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Прыйшлі і людзі з партрэтамі Сьвятланы Ціханоўскай, Веранікі Цапкалы і Марыі Калесьнікавай.
Марыя Калесьнікава зьвярнулася да вайскоўцаў і сілавікоў.
«Ім кажуць, што яны мусяць ужываць сілу супраць людзей. Хіба можа ўрад, які любіць свой народ, аддаваць такія загады? Хопіць гвалту, гвалтам ня будзеш мілы людзям і гвалтам ня будзеш прэзыдэнтам. Мы хочам, каб афіцэры ганарыліся сваімі пагонамі, а ў войску паважалі сваіх шарагоўцаў, а ня толькі галоўнакамандуючага. Беларусь прачнулася. Беларусы стаміліся ад прыніжэньня, бардаку і падману. Сабралі мільён подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў. Улада больш ня скорміць людзям свае пустыя абяцаньні і не напужае аўтазакам», – сказала Марыя Калесьнікава.
Веранікі Цапкалы на пікеце ў Барысаве не было.
З прычыны праблем з інтэрнэтам трансьляцыя зь месца падзей парушалася.
Мітынг быў дазволены ўладамі ў межах агітацыйнай кампаніі, пачаўся ў 19:00.