Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь адказала Камітэту ў правах чалавека ААН аб справе «Белага легіёну»


Фігуранты справы "Белага легіёну" Віктар Данілаў, Андрэй Дундукоў, Віктар Мароз
Фігуранты справы "Белага легіёну" Віктар Данілаў, Андрэй Дундукоў, Віктар Мароз

На пачатку 2020 году ў Камітэце правоў чалавека ААН быў зарэгістраваны зварот былых фігурантаў справы «Белага легіёну» Віктара Данілава, Андрэя Дундукова, Віктара Мароза і Сяргея Стрыбульскага.

Крымінальная справа ў дачыненьні да былых актывістаў моладзевага клюбу «Патрыёт» з Бабруйску была распачатая і расьсьледавалася Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі, а затым Сьледчым камітэтам, нагадвае Праваабарончы цэнтар «Вясна».

21 сакавіка 2017 году пасьля заявы Аляксандра Лукашэнкі пра «баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй», затрымалі і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ 26 мужчын.

Былі прад’яўленыя абвінавачваньні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў паводле артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу і ў стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня паводле артыкулу 287. Справа расьсьледавалася на працягу 8 месяцаў і была спынена праз адсутнасьць складу злачынства. Кожны з абвінавачаных правёў пад вартай каля трох месяцаў.

Пасьля спыненьня справы Данілаў, Дундукоў, Стрыбульскі і Мароз зьвярнуліся ў суд па кампэнсацыю маральнай шкоды ў сувязі зь незаконным прыцягненнем да крымінальнай адказнасьці і зьняволеньнем. Аднак ім адмовілі.

Тады былыя фігуранты зьвярнуліся ў Камітэт правоў чалавека ААН на парушэньне дзяржавай іхных правоў паводле артыкулаў 9, 7 і 10 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Пасьля разгляду скаргу з дадаткамі накіравалі беларускай дзяржаве для камэнтароў.

Беларуская дзяржава настойвае, што затрыманьне і ўзяцьце пад варту былі «абгрунтаваныя». Аўтары пярэчаць, што супрацьпраўныя дзеяньні не пацьвердзіліся нават пасля 8 месяцаў расьсьледаваньня.

У пярэчаньнях дзяржавы сьцьвярджаецца, што пытаньне аб кампэнсацыі разглядалася нацыянальнымі судамі, якія прыйшлі да высновы, што аўтары ня маюць права на пакрыцьцё шкоды.

Данілаў, Дундукоў, Стрыбульскі і Мароз адказваюць, што менавіта з гэтай прычыны яны і зьвярнуліся ў Камітэт правоў чалавека ААН. Беларускія судовыя інстанцыі зыходзілі з таго, што орган расьсьледаваньня не прызнаў за імі гэтага права, хоць судам было неабходна даць уласную ацэнку неправамернасьці затрыманьня, а не спадзявацца на думку сьледчых органаў.

У інфармацыі пра жорсткае абыходжаньне пазначана, што Данілаў, Дундукоў і Стрыбульскі не зьвярталіся са скаргамі да пракурора, які наглядае за парадкам і ўмовамі ўтрыманьня пад вартай. Заяўнікі адказваюць, што пракурор не сустракаўся зь імі ў СІЗА КДБ. Адпаведна, ніякага расьсьледаваньня не праводзілася.

Заяўнікі адзначаюць, што дзяржава ніяк не пракамэнтавала большасьць парушэньняў: асабістай недатыкальнасьці пры затрыманьні (ужываньне сілы, застрашваньне шляхам перавозкі з тканінай на твары); прымус да самаагавору падчас гутарак з супрацоўнікамі КДБ; стварэньне перашкодаў для канфыдэнцыйных сустрэчаў з адвакатамі; распаўсюд у дзяржаўных СМІ лжывай інфармацыі ў пэрыяд расьсьледаваньня крымінальнай справы і г. д.

Згодна з працэдурай Камітэту правоў чалавека ААН, пярэчаньні аўтараў звароту зноў будуць накіраваныя дзяржаве, а справа будзе чакаць сваёй чаргі на разгляд па сутнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG