У судзе Маскоўскага раёну Менску пачаўся разгляд калектыўнага пазову чатырох фігурантаў «справы патрыётаў» да Мінфіну аб кампэнсацыі маральнай шкоды.
Пазоў падалі Андрэй Дундукоў, Віктар Данілаў, Сяргей Стрыбульскі і Віктар Мароз, якіх затрымалі супрацоўнікі КДБ у канцы сакавіка — пачатку красавіка 2017 году. Іх трымалі пад вартай больш за 4 месяцы, а потым яшчэ да лістапада — пад падпіскай аб нявыезьдзе. Гэта чацьвёра з больш як 30 затрыманых увесну 2017 году па «справе патрыётаў».
Пра якія пакуты казалі пазоўнікі?
Андрэй Дундукоў: Сваю мэту — запалохаць і прынізіць — супрацоўнікі КДБ не хавалі
Першым у судзе выступіў Андрэй Дундукоў, які ў сакавіку 2017 году служыў пажарным-ратавальнікам МНС у званьні прапаршчыка.
Андрэй Дундукоў згадаў акалічнасьці свайго затрыманьня 21 сакавіка.
«Я быў ашаломлены тым, як прайшло тое затрыманьне. Уявіце: служу ў МНС, мяне можна выклікаць у любы момант, але затрымалі падчас паездкі на адпачынак зь сям’ей, на мяжы з Украінай. Само затрыманьне праводзілі як пагрозу, дагэтуль адчуваю тое маральнае прыніжэньне. Прычым гэтую мэту — запалохаць і прынізіць — супрацоўнікі КДБ не хавалі», — згадаў Андрэй Дундукоў.
Пасьля затрыманьня ён двое сутак ня спаў, але яго пачалі дапытваць сьледчыя, якія не назвалі сябе.
«Мне сказалі, што я злачынца сам і трэніраваў злачынцаў, называлі нацыстам. Я на гэта адказваў, што я патрыёт, а сьледчыя казалі: „А хто вас упаўнаважыў быць патрыётам?“»
Паводле Андрэя Дундукова, яго прымушалі сябе агаварыць. Акрамя маральнага прыніжэньня ад несправядлівых абвінавачаньняў, Дундукоў адчуваў маральныя пакуты ад цкаваньня ў дзяржаўных мэдыях. Ён згадаў пра артыкул у «СБ — Беларусь Сегодня» і пра фільм, паказаны па БТ.
«Прычым аказалася, што газэта даведалася пра маё другое абвінавачаньне раней за мяне. Значыць, сьледчыя перадалі ў дзяржаўныя мэдыі матэрыялы справы. Мяне ўжо зрабілі ў дзяржаўных мэдыях злачынцам, разбурылі маю рэпутацыю».
Зазнаў ён і шэраг бытавых нязручнасьцяў ад дрэнных умоваў утрыманьня ў ізалятары КДБ, якія яго таксама прыніжалі.
«Там не было для мяне ложка, даводзілася спаць па падлозе. Не было прыбіральні ў камэры, даводзілася карыстацца вядром, што мяне прыніжала».
У Андрэя Дундукова сарваліся пляны па ўзыходжаньні на Эльбрус. З працы яго звольнілі. Сын і жонка, як і ён сам, атрымалі псыхалягічны стрэс.
«Цягам году я знаходжуся ў сытуацыі, якая мяне траўмуе псыхалягічна», — сказаў Андрэй Дундукоў у абгрунтаваньне свайго пазову. Суму кампэнсацыі ў 100 тысяч рублёў ён таксама абгрунтаваў неабходнасьцю атрымаць новую прафэсію і выдаткамі на лячэньне для жонкі, якая мае такую патрэбу.
Віктар Данілаў: «Мяне ўдарылі па галаве і закінулі ў мікрааўтобус»
Віктар Данілаў распавёў падрабязнасьці свайго затрыманьня ў сакавіку 2017 году. На вуліцы Маякоўскага на яго напалі невядомыя асобы, ударылі па галаве ззаду і закінулі ў мікрааўтобус. У КДБ прывезьлі зьвязанага, з чорным каўпаком на галаве, і пачалі допыты. «Казалі, каб ва ўсім прызнаваўся».
«Дагэтуль баюся тых, хто падбягае ззаду», — сказаў Віктар Данілаў пра фобіі, якія разьвіліся ў яго пасьля затрыманьня.
Таксама ён пачаў непакоіцца за жыцьцё сваякоў, у тым ліку нявесткі. «Калі гэтак было са мной, дык і іх магло зачапіць, бо іх маглі палохаць ці шантажаваць празь мяне».
Згадаў пра ператрус у кватэры, куды яго вывозілі.
«Зламалі дзьверы, вакол валяліся цагліны, сьмецьце — аказваецца, гэта уварваліся ў кватэру, хоць у мяне былі ключы, маглі б у мяне ўзяць».
«Потым у прапагандысцкім рэпартажы паведамілі: „Удзельнік тэрарыстычнай арганізацыі „Белы легіён“ не сьпяшаецца адчыняць дзьверы“ — хоць я быў тады ў КДБ і журналісты пра гэта добра ведалі».
«Пасьля допыту ў кватэры зноў надзелі чорны каўпак і некуды вазілі, палохалі, што вязуць у лес, а потым вярталі ў кватэру і там зноў дапытвалі на відэакамэру».
«Потым сказалі пра аўтамат Калашнікава ў мяне ў кватэры — гэта была хлусьня. Як і тое, што я быў у „Белым легіёне“. А гэта ня так, я там ніколі ня быў».
Дагэтуль ані ад сьледчых, ані ад дзяржаўных мэдый не прагучала выбачэньняў
Віктар Данілаў кажа, што асабліва яго зьняважылі агаворы ў СБ і на БТ.
«Зьдзеклівыя камэнтары на мой адрас адпускалі, параўноўвалі мяне з фашыстамі».
«Дагэтуль ані ад сьледчых, ані ад дзяржаўных мэдый не прагучала выбачэньняў. Лічу, што сьледчыя КДБ перадалі неправераныя ілжывыя зьвесткі пра мяне дзяржаўным мэдыям».
Наракаў Данілаў і на зьдзекі падчас сьледзтва. Ён згадаў пра ня менш як 8 «размоў» з супрацоўнікамі КДБ, калі яго прымушалі «ва ўсім сазнацца» ды яшчэ і «агаварыць ня толькі сябе, але і сяброў». Яму пагражалі 15 гадамі зьняволеньня і намякалі на небясьпеку для сваякоў.
«У мяне з гэтай прычыны пачаўся нэрвовы цік», — сказаў Віктар Данілаў.
Усяго за кратамі ў СІЗА КДБ і на «Валадарцы» Віктар Данілаў прабыў каля 100 дзён.
«У „амэрыканцы“ два тыдні спаў на падлозе, бо нават ложка мне не знайшлося».
Выйшаўшы на волю, Данілаў яшчэ амаль 5 месяцаў быў пад падпіскай аб нявыезьдзе. Толькі ў лістападзе ягоную справу закрылі.
Але Данілаў кажа, што ня мае спакою і дагэтуль.
«Мне не вярнулі шэраг рэчаў, у тым ліку прадметы калекцыянаваньня і носьбіты інфармацыі. Уражаньне, што гэта ўсё можа вярнуцца».
Паводле Віктара Данілава, ягоная бабуля шмат перажывала за яго, што паўплывала на яе здароўе. «Нядаўна бабуля памерла».
Данілаў мусіў звольніцца з ранейшай працы: «Мне гэта давялося зрабіць, каб не падстаўляць працадаўцу».
Сяргей Стрыбульскі: «Мяне пры затрыманьні білі токам»
Пазоўнік Сяргей Стрыбульскі згадаў, што падчас затрыманьня супраць яго ўжылі электрашокер. Навошта, ён дагэтуль ня ведае.
«На бел-чырвона-белым сьцягу расклалі нейкія пакункі, шпрыцы, і гэта здымалі на відэа. Потым тыя кадры я бачыў у прапагандысцкім роліку „Белы легіён чорных душ“ на БТ. Гэта рабілася адмыслова, каб мяне скампрамэтаваць. Зь мяне адразу рабілі небясьпечнага злачынцу», — сказаў Сяргей Стрыбульскі пра ператрус у сваёй кватэры.
Ён заявіў, што за час зьняволеньня ў яго пагоршылася здароўе.
«Страціў на дзьве адзінкі зрок ад знаходжаньня ў цёмнай камэры. Было –6, цяпер –8».
«Быў увесь час у стрэсе, бо ня верылася, што змагу калі-небудзь адтуль выбрацца».
«Перажываў і за бацьку — інваліда 1 групы, які на маім утрыманьні».
Калі ў газэце «Советская Белоруссия» ён убачыў сваё прозьвішча сярод абвінавачаных у артыкуле «Імя ім легіён», пачуцьцё небясьпекі ўзмацнілася.
«Там напісалі, што нібыта я быў сябрам „Маладога фронту“, а ў лягеры абаронцаў Курапатаў „уступіў у злачынную змову“. Гэта поўнае трызьненьне!» — сказаў Стрыбульскі.
Паводле пазоўніка, ён у вязьніцы перажыў пачуцьцё бездапаможнасьці, бо «змагацца з гэтай хлусьнёй ня меў магчымасьці».
«Супрацоўнікі КДБ запалохвалі вялікімі тэрмінамі, прымушалі сябе агаварыць».
«Мяне ўвесь час не пакідае пачуцьцё, што я працягваю знаходзіцца пад пільнай увагай сакрэтных службаў», — скончыў свой выступ Сяргей Стрыбульскі.
Віктар Мароз: «Сядзеў з крымінальнікамі, якія ў камэры жылі „па паняцьцях“»
Віктара Мароза затрымалі на пачатку красавіка. «Запрасілі да аўтамабіля на размову, а там скруцілі рукі і павезьлі ў КДБ».
Перад допытам, паводле Віктара Мароза, яму пагражалі, каб прызнаваў віну: «Калі ня хочаш па-добраму, будзе па-дрэннаму».
Віктар Мароз сказаў суду, што тады адчуваў страх і бездапаможнасьць, у тым ліку за жонку і малога сына.
Ад перажытага стрэсу ў жонкі Віктара цяпер праблемы з шчытападобнай залозай. «Лекары сказалі, што пажыцьцёва прыйдзецца хадзіць да эндакрыноляга».
Пад вартай Віктар Мароз быў 88 дзён, зь якіх 20 дзён сядзеў у ізалятары КДБ, а астатнія — на «Валадарцы». «Там вельмі дрэнныя ўмовы, вільгаць, мала прагулак».
Сказаў, што за час пад вартай у яго ўзьніклі праблемы са здароўем: абвастрылася былая траўма калена, прастудзіў мачавы пухір, бо спаў на падлозе пад нарамі.
«У камэры ў СІЗА МУС амаль не было сьвятла».
«Сядзеў з крымінальнікамі, мусіў падстройвацца пад іх лад жыцьця „па паняцьцях“».
«Цяпер патрэбная апэрацыя на калене, праходжу кансультацыі».
«Яшчэ абмяжоўвалі ў інфармацыі, у СІЗА КДБ не перадавалі лістоў ад жонкі і маіх да яе».
Як іншыя пазоўнікі, Віктар Мароз таксама падзяліўся нэгатыўнымі ўражаньнямі ад артыкула «Імя ім легіён» і ад фільму пра фігурантаў «справы патрыётаў» на БТ. «Адчуў бездапаможнасьць, бо ніяк ня мог сябе абараніць».
Віктар Мароз сказаў суду, што падчас сьледзтва ніколі не прызнаваў сябе вінаватым. Але падкрэсьліў, што перажыў момант адчаю.
«З той прычыны, што доўгі час не давалі спатканьня з адвакатам, прыйшоў у адчай, што ніколі не змагу даказаць сваю невінаватасьць».
Віктар Мароз — індывідуальны прадпрымальнік. Пасьля вызваленьня ён страціў былую кліентуру, бо ягоная працоўная рэпутацыя аказалася падарванай. «Пэўны час ня мог зарабляць, каб утрымліваць сям’ю».
Частка рэчаў Віктара Мароза таксама дагэтуль застаецца ў сьледчых.
Чаму пазоўнікі раней не зьвярталіся па кампэнсацыю да КДБ і СК?
Прадстаўнік Мінфіну Дзяніс Каляда запытваў у кожнага з пазоўнікаў: чаму яны не зьвярталіся па прызнаньне права на кампэнсацыю стратаў у КДБ і Сьледчы камітэт, калі крымінальны перасьлед адносна іх быў спынены?
Паводле адваката Вольгі Мацкевіч, Крымінальна-працэсуальны кодэкс прадугледжвае такое права толькі за сьледчым, які вядзе справу.
«Толькі ён мае права выносіць адпаведную пастанову па заканчэньні справы. Але гэтага не было зроблена на момант заканчэньня сьледзтва і ўжо ня будзе зроблена ніколі. Таму нашы падабаронныя зьвярнуліся ў суд».
Чаму прадстаўнік Мінфіну не прызнае пазоў?
Дзяніс Каляда заявіў суду, што пазоў не прызнае.
«Так, закон кажа пра права на кампэнсацыю маральных стратаў. Але закон кажа і пра пэўны парадак — праз Крымінальна-працэсуальны кодэкс, разьдзел 48. Паводле 460 і 462 артыкулаў гэтага разьдзелу Крымінальна-працэсуальнага кодэксу права на кампэнсацыю павінен прызнаць орган, які вёў расьсьледаваньне, на падставе прызнаньня, што дзеяньні былі незаконнымі. Пакуль незаконнасьць дзеяньняў гэтых органаў нічым не ўстаноўленая», — сказаў Дзяніс Каляда пра КДБ і Сьледчы камітэт, якія вялі па чарзе «справу патрыётаў».
Судзьдзя Вольга Гусакова сказала прысутным, што раней суд рабіў запыт у КДБ і СК пра тое, ці зьвярталіся пазоўнікі ў гэтыя органы па прызнаньне свайго права на кампэнсацыю маральнай шкоды.
«Суд атрымаў адказы, што пазоўнікі з такімі зваротамі ў КДБ і СК не зьвярталіся», — абвясьціла судзьдзя.
На пачатку працэсу суд забараніў фота- і відэаздымкі, хоць удзельнікі працэсу не былі супраць.
Суд працягнецца 3 красавіка.
«Справа патрыётаў» пачалася ў сакавіку 2017 году напярэдадні Дня Волі з выступу ў Бабруйску Аляксандра Лукашэнкі. Ён заявіў, што група асобаў рыхтавалася ў лясах да тэрактаў на тэрыторыі Беларусі. У той жа дзень у Менску і Бабруйску пачаліся шматлікія арышты. Усяго КДБ затрымаў больш за 30 чалавек, сярод іх — былых сябраў незарэгістраванай арганізацыі «Белы легіён», сябраў «Маладога фронту» ды іншых актывістаў.
Спачатку арыштаваных абвінавацілі ў падрыхтоўцы да арганізацыі масавых беспарадкаў, потым перакваліфікавалі абвінавачаньне на арганізацыю незаконных вайсковых фармаваньняў і перадалі з КДБ у СК.
Аднак паступова «справа патрыётаў» рассыпалася. У канцы лістапада 2017 году справу канчаткова закрылі «праз адсутнасьць складу злачынства».
Сёньня ў судзе былы кіраўнік «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі на пытаньне, ці будзе ён таксама дамагацца кампэнсацыі маральнай шкоды, адказаў, што дагэтуль не атрымаў з пракуратуры ўсіх дакумэнтаў аб закрыцьці сваёй справы.