З пачатку выбарчай кампаніі ў Цэнтравыбаркаме зарэгістравалі прыкладна 10 тысяч скаргаў, паведаміла БелаПАН старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Колькі ўсяго паступіла скаргаў ад грамадзян, яна адказаць не змагла.
«На раніцу суботы (18 ліпеня) мне давалі зьвесткі, што толькі зарэгістраваных скаргаў прыблізна 10 тысяч (якія ня маюць масавага характару. — РС). Тыя, якія ўжо паступаюць у мяшках, проста складваюцца, раскрываюцца — і мы глядзім, ці няма там іншых скаргаў, зь іншым зьместам. Па ўсіх астатніх будуць проста складацца акты, таму што іх трэба зарэгістраваць».
На пытаньне, колькі паступіла скаргаў апошнімі днямі ў сувязі з рашэньнем ЦВК адмовіць у рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктару Бабарыку і Валеру Цапкалу, Ярмошына сказала:
«У апошнія дні гэта не падлягае падліку. У нас прыцягнутыя нават работнікі іншых арганізацый, каб канвэрты раскрываць. Але агульны адказ на гэтыя скаргі ўжо дадзены, ніякага іншага ня будзе».
На просьбу пракамэнтаваць ініцыятыву штабу Бабарыкі, каб грамадзяне ў дзень галасаваньня фатаграфавалі свае бюлетэні і выкладвалі ў інтэрнэт, Ярмошына сказала, што «падчас датэрміновага галасаваньня можна [выкладваць фота], нельга будзе толькі ў дзень асноўнага галасаваньня да таго моманту, як пачнецца падлік галасоў», бо такія фота могуць расцаніць як агітацыю.
16 ліпеня на сайце ЦВК апублікавалі адказ на масавыя скаргі адносна адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктару Бабарыку і Валеру Цапкалу. У адказе сказана, што паводле артыкула 68¹ Выбарчага кодэксу толькі самі асобы, якім адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатамі, могуць скардзіцца на гэтую адмову. Што да вызваленьня Бабарыкі — гэта справа Сьледчага камітэту.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.