Берасьцейская міліцыя 19 ліпеня чарговы раз не дазволіла праціўнікам будаўніцтва акумулятарнага заводу сабрацца на плошчы Леніна ў цэнтры гораду.
Каля 12 гадзін праціўнікі заводу пачалі прыходзіць на плошчу на традыцыйную сустрэчу. Яны зьбіраліся там кожную нядзелю з 25 лютага 2018 году. Аднак ужо пятую нядзелю запар міліцыя не дазволіла актывістам сабрацца. Пад пагрозай затрыманьня іх змушалі сыходзіць з плошчы, прапаноўваючы прайсьці ў Берасьцейскі гарвыканкам, паведаміў праваабаронца Раман Кісьляк.
На сустрэчу з людзьмі ў Берасьцейскі гарвыканкам прыйшлі адзін з новых уласьнікаў акумулятарнага заводу Дзьмітры Баскаў, а таксама галоўны інжынэр ААТ «НПФ «Экалёгія» Дзьмітры Гурыкаў. Гэтая фірма праводзіла карэкціроўку праектнай дакумэнтацыі заводу, калі той яшчэ належаў ТАА «АйПаўэр». Мадэратарам сустрэчы быў старшыня Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук.
Як расказаў праваабаронца Раман Кісьляк, праз 15 хвілін пасьля пачатку сустрэчы большая частка тых, хто прыйшоў на яе, пакінулі залю, скандуючы «Не заводу!». Гэта адбылося пасьля таго, як адзін зь лідэраў грамадзкай кампаніі супраць акумулятарнага заводу Дзьмітры Бекалюк заявіў, што такія сустрэчы павінны мець юрыдычнае значэньне, інакш гэта проста пустыя размовы. Ён прапанаваў абвясьціць правядзеньне грамадзкіх абмеркаваньняў новай ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе (АУНА) прадпрыемства, Баскаў гэтую прапанову не падтрымаў.
Аляксандар Лукашэнка 22 чэрвеня падчас сустрэчы з грамадзкасьцю Берасьця, на якой прысутнічалі і праціўнікі прадпрыемства, паабяцаў правесьці рэфэрэндум пра лёс заводу. Яго плянуецца арганізаваць пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.