Жыхару Мастоўскага раёну Аляксандру Мілюку пагражае за нібыта абразу прадстаўніка ўлады пакараньне да 3 гадоў абмежаваньня волі.
У жыхара Мастоў Аляксандра Мілюка 15 ліпеня прайшоў агляд дома. Яго праводзілі міліцыянты ў рамках праверкі па крымінальным артыкуле «абраза прадстаўніка ўлады».
Аляксандру Мілюку 34 гады, жанаты, мае трох сыноў ад 4 да 12 гадоў. Працуе зваршчыкам у Мастоўскім ПМК, зарабляе 300-400 рублёў. Сёлета зьбіраў подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую.
Як расказаў Аляксандар Мілюк, 15 ліпеня да яго дадому прыйшлі лекары разам зь міліцыянтамі. Мужчына знаходзіцца на самаізаляцыі пасьля таго, як перахварэў на каранавірусную пнэўманію. Нядаўна выпісаўся са шпіталя. Яму памералі тэмпэратуру, яна была ў норме. Тады міліцыянты пачалі агляд жытла.
Мілюку паведамілі, што ў дачыненьні да яго вядзецца праверка паводле крымінальнага артыкулу 369 «Абраза прадстаўніка ўлады». Аказалася, што на яго напісалі заявы ў Сьледчы камітэт намесьнік начальніка Мастоўскага РАУС Аляксей Літаш і начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Яўген Кудрашоў. Нібыта Мілюк абразіў міліцыянтаў падчас вулічнага канфлікту на Дзень Рэспублікі. Падчас агляду ў Мілюка канфіскавалі мабільны тэлефон, іншай тэхнікі ў яго дома няма.
На відэа, якое запісаў Мілюк, не чуваць, каб ён лаяўся або абражаў супрацоўнікаў міліцыі. Сам Мілюк таксама ўпэўнены, што ён невінаваты, мужчына не памятае, каб ён абражаў міліцыянтаў.
Пакараць за абразу прадстаўніка ўлады можна грамадзкімі работамі, штрафам, папраўчымі работамі да 2 гадоў, арыштам або абмежаваньнем волі да 3 гадоў.
Інцыдэнт у Мастах 3 ліпеня
3 ліпеня мужчына ішоў дадому з 11-гадовым сынам, калі да яго на вуліцы пачаў чапляцца незнаёмец, абражаць, прасіць грошы. Аляксандар спрабаваў сысьці, той перасьледаваў. Мілюк падумаў, што гэта правакацыя супраць яго, і пачаў запісваць відэа. Міма праяжджалі міліцыянты, спыніліся і сказалі абодвум мужчынам праехаць у РАУС для разбору. Аляксандар адмаўляўся некуды ехаць з малым сынам. Урэшце ягоная жонка прыехала і забрала дзіця, а Аляксандра завезьлі ў пастарунак і ў шпіталь, каб праверыць, ці ён цьвярозы.
Па дарозе Мілюку стала блага, ён стаў задыхацца, падскочыў ціск і паднялася тэмпэратура. Яго шпіталізавалі, выявілі каранавірус. Ён расказаў, што міліцыянты казалі яму, што хочуць скласьці на яго адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства.
Міліцыянты ж пазьней паведамілі, што Мілюка не затрымлівалі, а арыштам за дробнае хуліганства пакаралі ягонага апанэнта.
15 ліпеня Мілюк атрымаў пастанову пракуратуры ад 7 ліпеня, зь якой вынікае, што падрыхтоўку адміністрацыйнай справы ў дачыненьні Мілюка за дробнае хуліганства прыпынілі, яе адновяць, калі зьнікнуць «падставы для прыпыненьня».
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.