Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу скрытыкаваў нерэгістрацыю Бабарыкі і Цапкалы


Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Барэль
Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Барэль

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Барэль выступіў з заявай з нагоды нерэгістрацыі Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы кандыдатамі на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

«Недахоп празрыстасьці ў працэсе вэрыфікацыі подпісаў у падтрымку кандыдатаў у прэзыдэнты, які ўжо зазначала Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ/БДІПЧ) у 2010 і 2015 годзе, падрывае ўпэўненасьць у працэсе рэгістрацыі, — гаворыцца ў заяве. — Больш за тое, юрыдычныя нормы для рэгістрацыі кандыдатаў ствараюць непрапарцыйныя і неабгрунтаваныя бар’еры для кандыдацтва, насуперак абавязаньням у рамках АБСЭ і іншым міжнародным стандартам».

У заяве выказваецца шкадаваньне, што ўлады Беларусі не ажыцьцявілі рэкамэндацыі АБСЭ/БДІПЧ, што магло б гарантаваць «інклюзіўнасьць, абʼектыўнасьць і празрыстасьць на ўсіх этапах выбарчага працэсу». Эўразьвяз заклікае Беларусь як мага хутчэй запрасіць АБСЭ/БДІПЧ для назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі.

Як адзначаецца ў заяве, нерэгістрацыя кандыдатаў выглядае адвольнай, абмяжоўвае беларускаму народу магчымасьць выказаць сваю волю і ўжо падрывае агульную рэпутацыю і дэмакратычную сутнасьць выбараў. «Адмовіўшы ў рэгістрацыі Віктару Бабарыку і Валеру Цапкалу, беларускія ўлады ня здолелі забясьпечыць сэнсоўнае і канкурэнтнае палітычнае спаборніцтва».

«Эўразьвяз чакае ад Беларусі павагі права беларускіх грамадзян на свабоду выказваньняў і мірных сходаў у тыдні напярэдадні выбараў», — гаворыцца ў заяве.

У дакумэнце таксама адзначаецца, што Эўразьвяз будзе ўзмацняць кантакты з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі. «Мы падтрымліваем незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі, але правы чалавека і дэмакратыя застануцца на першым пляне сярод фактараў, якія ЭЗ прыме пад увагу пры фармаваньні сваёй палітыкі датычна краіны».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG