13 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёну Менску вынесьлі прысуды ўдзельнікам дамоўных матчаў. Усіх прызналі вінаватымі, паведамляе by.tribuna.com.
Прысуды спартоўцам:
- Былы футбаліст Віктар Баравіцкі асуджаны на 4 гады з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хімія») без пазбаўленьня права займаць пэўныя пасады.
- Былы футбаліст Віталь Ланько — 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу без пазбаўленьня права займаць пэўныя пасады.
- Валеры Бяляўскі, экс-абаронца Аляксандар Бяляўскі — 4 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).
- Экс-нападнік Яўген Бяляўскі — 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу з пазбаўленьнем права займаць пасады ў спорце.
- Экс-абаронца «Нафтану» Міхаіл Гарбачоў — 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу і з пазбаўленьнем права займаць пасады ў спартовай сфэры. У гонар 75 гадоў Перамогі — год амністыі.
- Экс-паўабаронца «Ліды» Ігар Лісіца, экс-паўабаронца «Нафтана» Аляксей Сучкоў, экс-гулец «Хіміка» Дзяніс Лебедзеў, экс-гулец «Хіміка» Вячаслаў Голік — 1 год абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады. У гонар 75 гадоў Перамогі — 1 год амністыі.
- Былы футбаліст Аляксандар Юдзіцкі — штраф 16 200 рублёў.
- Экс-гульцы «Нафтану» Андрэй Штыгель і Арцём Цяплоў — 2 гады грамадзкіх работ.
- Былыя футбалісты Ігар Халадкоў, Сяргей Цьвяцінскі, Аляксандар Косьцеж, Аляксандар Тарлікоўскі і экс-валейбаліст Дзяніс Восіпаў — 1 год папраўчых работ.
- Экс-нападнік «Хіміка» Аляксандар Пракапенка — абмежаваньне волі на паўгода без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады. У гонар 75 гадоў Перамогі — 1 год амністыі.
На лаве падсудных было 20 чалавек — дзевятнаццаць ужо (за рэдкім выключэньнем) былых футбалістаў і адзін экс-валейбаліст Дзяніс Восіпаў. Іх абвінавачвалі па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу Беларусі — ч.1 і 2 арт. 253 (подкуп удзельнікаў прафэсійных спаборніцтваў), ч. 1 арт. 14 (спроба такога подкупу) і ч.1, 2 і 3 арт. 209 (крадзеж, зьвязаны з махлярскім завалоданьнем грашыма букмэкерскіх кантор).
У справе разглядаліся 16 дамоўных матчаў — 15 футбольных і адзін валейбольны, які стаў для арганізатараў апошнім.
Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах