Сойм Партыі БНФ выступіў з заявай, у якой заклікаў патэнцыйных кандыдатаў адмовіцца ад удзелу ў выбарах і далучыцца да кампаніяў назіраньня дзеля фіксацыі парушэньняў падчас «несумленных і несапраўдных» выбараў.
«Нягледзячы на пашырэньне інфэкцыі COVID-19, улады абвесьцілі правядзеньне чарговых выбараў прэзыдэнта. Безадказная палітыка, заснаваная на адмаўленьні рэальнай пагрозы, прыводзіць да людзкіх стратаў: каля 65 тысяч жыхароў краіны былі інфікаваныя COVID-19, каля паўтысячы пайшлі з жыцьця. Лічбы няспынна павялічваюцца насуперак злачынным спробам паменшыць памер трагедыі шляхам маніпуляцыяў з мэдычнай статыстыкай. Заявы пра „перамогу над вірусам“ ёсьць спробай рэжыму апраўдаць свае злачынствы дзеля захаваньня аўтарытарнай сыстэмы», — гаворыцца ў заяве.
Партыя БНФ заявіла, што палітыка бязьдзеяньня і адмаўленьня рэчаіснасьці, абвешчаная Лукашэнкам, прывяла да зьбядненьня насельніцтва і паглыбленьня эканамічнага крызысу.
«Тое, якім чынам была абвешчаная і як арганізуецца выбарчая кампанія, сьведчыць пра правал палітыкі Лукашэнкі і пра няздольнасьць дыктатуры ўлічваць інтарэсы людзей і беларускага народу. Гэтай палітыцы ня можа быць апраўданьня. Таксама небясьпечным і недаравальным зьяўляецца саўдзел у гэтых злачынных дзеяньнях.
Адказныя сілы, якія клапоцяцца пра інтарэсы беларускага народу, не павінны быць памагатымі ў дзейнасьці, якая шкодзіць, не павінны даваць нагоду рэжыму для апраўданьня і зьняцьця адказасьці за гібель людзей», — адзначаецца ў заяве.
Паводле кіраўніцтва Партыі БНФ, выбары адбываюцца ва ўмовах нязьменнасьці выбарчага заканадаўства, працуе ранейшая сыстэма фальсіфікацый і маніпуляцый, скіраваных на скажэньне волі народа.
«Сёлета гэтая сыстэма працуе яшчэ больш нахабна і бессаромна, у тым ліку пры адсутнасьці паўнавартасных місіяў міжнароднага назіраньня. Тэрытарыяльныя і ўчастковыя камісіі сфармаваныя без удзелу апазыцыі, адпаведна, ня можа быць аніякага даверу тым лічбам, якія будуць абвешчаныя па выніках падліку галасоў.
Шырокае ўжываньне адміністрацыйнага рэсурсу і дзяржаўных сродкаў на карысьць дзейнага прэзыдэнта, хваля арыштаў, крымінальнага перасьледу і рэпрэсіяў, скіраваная супраць актывістаў, журналістаў, блогераў і любых актыўных грамадзянаў азначаюць, што цяперашнія выбары ня могуць быць прызнаныя як свабодыня і сумленныя», — адзначаецца ў заяве.
«Штабы некаторых кандыдатаў, якія легкадумна разьлічвалі на дасягненьне тактычных ці прыватных мэтаў, цяпер плацяць вялікую цану за свае пралікі. Беззаконьне і гвалт з боку рэжыму ў дачыненьні да палітычных апанэнтаў выклікаюць справядлівае абурэньне і зьяўляюцца недаравальнымі. Партыя БНФ патрабуе вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных, якія былі кінутыя за краты падчас гэтай кампаніі, а таксама да яе пачатку», — гаворыцца ў дакумэнце.
Ніякія тактычныя альбо прыватныя інтарэсы асобных дзеячаў ня могуць служыць апраўданьнем саўдзелу ў падвойным злачынстве несапраўдных «каранавыбараў». Cумленныя выбары ня могуць адбывацца ў атмасфэры рэпрэсіяў і запалохваньня. Ніякія палітычныя разьлікі не могуць служыць апраўданьнем дзейнасьці, якая цягне за сабой пашырэньне небясьпечнай інфэкцыі і наступныя сьмерці людзей, — падсумоўвае кіраўніцтва Партыі БНФ.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.