13 ліпеня, у Казахстане — дзень агульнанацыянальнай жалобы ў памяць пра ахвяраў эпідэміі каранавірусу.
УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
У дзень жалобы адмянілі забаўляльныя мерапрыемствы і перадачы. Па ўсёй краіне, а таксама на будынках дыпляматычных прадстаўніцтваў за мяжой, у жалобны дзень прыспусьцілі дзяржаўныя сьцягі.
Апоўдні паводле мясцовага часу ў Казахстане пройдзе хвіліна маўчаньня. 13 ліпеня ў найбуйнейшых мячэцях краіны прачытаюць памінальныя малітвы, а ў храмах пройдуць набажэнствы і паніхіды.
«Хвароба працягвае забіраць жыцьці казахстанцаў. За афіцыйнымі зводкамі ляжаць трагедыі сотняў сем’яў: хтосьці страціў бацьку, маці, брата, сястру, сына і дачку. Гэта агульная трагедыя для нас усіх, — сказаў прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў, абвяшчаючы 13 ліпеня жалобным днём. — Упэўнены, што кожны з нас, дзе б ні знаходзіўся ў гэты дзень, ушануе памяць тых, хто пайшлі з жыцьця».
Паводле афіцыйных дадзеных, колькасьць тых, хто захварэлі ад каранавіруснай інфэкцыі, у Казахстане наблізілася да 60 000. У краіне за апошнія суткі каранавірус пацьвердзіўся яшчэ ў 1 646 чалавек.
Казахстан сутыкнуўся таксама з усплёскам захворваньня на пнэўманію, пры якой у большасьці пацыентаў выяўляюцца сымптомы COVID-19, але тэсты на каранавірус паказваюць адмоўны вынік. Толькі з 1 па 8 ліпеня ў краіне было выяўлена 39 тысяч такіх выпадкаў (у першым паўгодзьдзі зарэгістравана 98 546 выпадкаў захворваньня на пнэўманію). Міністэрства аховы здароўя Казахстану ад нядаўняга часу клясыфікуе такую пнэўманію як «магчымы выпадак каранавіруснай інфэкцыі», але не ўключае тых, хто захварэлі, у агульную статыстыку заражэньняў COVID-19, а сьмяротныя выпадкі ад такой пнэўманіі — у статыстыку сьмяротнасьці.
У Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя лічаць, што такая пнэўманія, хутчэй за ўсё, зьяўляецца формай каранавірусу, якая, магчыма, была няправільна дыягнаставаная. Паводле Міністэрства аховы здароўя, за паўгода ў краіне ад пнэўманіі памерлі 1 772 чалавекі, 628 зь іх — у чэрвені.