Дзяржаўная выбарчая камісія Польшчы падлічыла 99,97% галасоў другога туру прэзыдэнцкіх выбараў, які прайшоў 12 ліпеня. Паводле папярэдніх вынікаў, перадае Polska Agencja Prasowa, перамагае дзейны прэзыдэнт Анджэй Дуда з 51,21% галасоў.
Ягоны супернік, кандыдат ад апазыцыйнай «Грамадзянскай кааліцыі» і мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі, пакуль мае 48,79%.
Яўка, паводле папярэдніх вынікаў, склала 68,12%.
Гэтыя вынікі, падкрэсьліваюць у выбарчай камісіі, папярэднія і неафіцыйныя. Разрыў у колькасьці галасоў нязначны.
Перамогу Дуды прадказвалі паводле вынікаў экзыт-полаў, але ў іх разрыў быў нязначным, у межах статыстычнай хібнасьці.
У першым туры цяперашні прэзыдэнт Анджэй Дуда набраў 43,5% галасоў. За Тшаскоўскага тады прагаласавалі 30,46% выбарнікаў.